Праваабарончы цэнтар «Вясна» прывёў хроніку перасьледу адвакатаў і палітзьняволеных абаронцаў. Самы гучны выпадак перасьледу адваката ў Беларусі — гэта гісторыя палітзьняволенага Максіма Знака, якога затрымалі ў «справе Каардынацыйнай рады» 9 верасьня 2020 году з Марыяй Калесьнікавай і ейным адвакатам Ільлём Салеем. Салей пасьля месяца ў СІЗА выйшаў на волю і выехаў за мяжу, Знак атрымаў 10 гадоў, а Калесьнікава 11 гадоў турмы.
У верасьні 2020 году ў Менску затрымлівалі яшчэ адну адвакатку Марыі Калесьнікавай — Людмілу Казак. Пасьля ночы ў ІЧУ ёй прызначылі штраф за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі ў памеры 25 базавых велічыняў (675 рублёў), хаця адвакатку фактычна выкралі на вуліцы трое мужчын на вуліцы. У 2021 годзе адвакаты Знак і Казак сталі ляўрэатамі прэстыжнай прэміі Lawyers for Lawyers.
Масавы перасьлед адвакатаў у адміністрацыйных і крымінальных справах пачаўся ў 2022 годзе. Супраць адвакатаў заводзяць крымінальныя справы за «зьліў дадзеных сілавікоў» паводле арт. 130 КК («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»), за ўдзел у маршах паводле арт. 342 КК («актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»), за «заклікі да санкцый» паводле арт. 361 КК, за «сайдзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле арт. 361-4 КК, за «выдаваньне дадзеных» паводле арт. 407 КК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціск на адвакатаў: На нечарговую пераатэстацыю выклікалі абаронцаў Бяляцкага, Ціханоўскага і іншых палітвязьняў20 траўня 2022 году ў межах крымінальнай справы затрымалі адваката Аляксандра Данілевіча. Пэўны час сутнасьць справы не была вядомая, аднак пазьней высьветлілася, што Данілевіча абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі»). Незадоўга да затрыманьня Данілевіч падпісаў антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў, якія асуджалі вайну Расеі супраць Украіны.
Праз тры дні пасьля затрыманьня Данілевіча — 23 траўня — затрымалі адваката Віталя Брагінца. Ён таксама абараняў старшыню Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Яго спачатку двойчы запар арыштавалі на 15 сутак, а потым затрымалі ў крымінальнай справе за ўдзел у пратэстах паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу.
Даты судоў над Данілевічам і Брагінцом яшчэ не прызначылі.
Адвакатку Анастасію Лазарэнку затрымалі 2 чэрвеня. Сілавікі прыехалі да жанчыны з аўтаматамі і ў бронекамізэльках, залезьлі ў вокны і выламалі дзьверы. Супраць яе пачалі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК за «перадачу дадзеных сілавікоў і судзьдзяў у тэлеграм-каналы». Ужо шосты месяц яе ўтрымліваюць у СІЗА на Валадарскага.
30 жніўня па вяртаньні ў Беларусь з Польшчы затрымалі горадзенскую адвакатку Юлію Юргілевіч. Яна працавала адвакаткай амаль 18 гадоў і абараняла ў судзе палітвязьняў мастака Алеся Пушкіна, студэнта Арцёма Баярскага, музыку Ігара Банцэра, сына сьвятара Андрэя Аўсіевіча. Юрыстку ўтрымліваюць пад вартай у горадзенскай турме. Паводле папярэдняй інфармацыі, Юргілевіч вінавацяць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ 10 адвакатаў трапілі пад рэпрэсіі Міністэрства юстыцыі БеларусіМіхаіл Макараў, Анастасія Сагановіч, Вікторыя Гулькова былі затрыманыя сёлета 13 верасьня. Праўладныя каналы пісалі, што Міхаіл і Анастасія нібыта перадавалі «экстрэмісцкім» тэлеграм-каналам пэрсанальныя дадзеныя супрацоўнікаў ГУБАЗіКу, СК, пракуратуры і судзьдзяў. Затрыманьне адвакатаў зьвязвалі з абаронай палітвязьняў у «справе „Рэвалюцыйнага дзеяньня“», хаця Сагановіч не працавала ў гэтай справе. Траіх адвакатаў арыштавалі на 15 сутак, пасьля 15-дзённага арышту Сагановіч адпусьцілі на волю, падрабязнасьці пра яе статус невядомыя. Гулькову яшчэ раз пераарыштоўвалі, але цяпер яна на волі.
А вось Макараву пасьля адміністрацыйнага арышту выставілі абвінавачаньне і перавялі ў СІЗА-1, дзе ён знаходзіцца ўжо амаль два месяцы. Па папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуецца арт. 342 КК («актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Паводле інфармацыі праекту «Права на абарону», з пачатку 2020 году па верасень 2022 году ня менш як 70 адвакатаў пазбавілі статусу ў выніку працэдуры чарговай або пазачарговай атэстацыі. Сярод іх вядомыя адвакаты, якія выступалі ў гучных справах супраць палітвязьняў: Натальля Мацкевіч, Дзьмітры Лаеўскі, Аляксандар Пыльчанка, Сяргей Зікрацкі, Антон Гашынскі, Яўген Маслаў, Марыя Колесава-Гудзіліна, Аляксей Дравіца, Максім Конанаў, Яўген Пыльчанка і іншыя.
Яшчэ адна форма ціску на адвакатаў — запіс іх у «экстрэмісты». 9 верасьня 2022 года МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» Telegram-чат «Беларускiя Адвакаты» (да 19 лістапада 2020 году — «Самые настоящие адвокаты»). Цяпер гэтая суполка афіцыйна забаронена, а ўдзел у чаце можа пацягнуць крымінальную адказнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі адваката, які працаваў на закрытым працэсе ў справе «Буслы ляцяць»Што перасьлед адвакатаў нясе беларусам?
Юрыст «Вясны» Павал Сапелка, які ў траўні 2011 году таксама быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі за абарону тагачаснага кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, адзначае, што перасьлед адвакатаў адаб’ецца на ўсіх грамадзянах:
«Пра самыя відавочныя наступствы гаворыцца шмат — гэта разбурэньне інстытуту сапраўднай адвакатуры. Гэта здаецца, што ў першую чаргу адбіваецца на саміх адвакатах. Аднак не, галоўная мэта — гэта мы, грамадзяне, якія страчваем свае гарантаваныя правы. Мы даведаемся пра гэта не адразу, а тады, калі спатрэбіцца добры прафэсіянал-юрыст, які свабодна і без усялякага ціску ажыцьцяўляе свае правы і абараняе правы кліента. І тады стане зразумела, што адвакатура цяпер — гэта ня самае прывабнае месца для высокапрафэсійных юрыстаў, а сумленнае выкананьне сваіх прафэсійных абавязкаў для многіх адвакатаў стала прамой дарогай да пазбаўленьня статусу.
Таму тым, хто застаўся, прасьцей фармальна прысутнічаць пры кліенце, ня ўвязваючыся ў працэсуальныя канфлікты, назіраючы за пацьвярджэньнем сваіх высноваў — чарговымі выпадкамі пазбаўленьня ліцэнзій або выключэньнем з калегій тых, хто захаваў сумленьне і прафэсійны гонар».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакаткай стала менская судзьдзя, якая выносіла палітычныя прысуды і трапіла пад санкцыі ЭЗ