Узброеныя сілы Ўкраіны падрыхтавалі адмысловы відэазварот да беларускага народу. У ім яны папярэджваюць аб правакацыях, якія рыхтуе Расея на тэрыторыі Беларусі, і заклікаюць не дапусьціць уцягваньня краіны ў вайну.
«Спэцслужбы Расеі рыхтуюць правакацыі на вашай тэрыторыі, мішэньню іхных тэрактаў могуць быць аб’екты крытычнай інфраструктуры, у прыватнасьці АЭС „Астравец“», — адзначаецца ў звароце.
Узброеныя сілы Ўкраіны заклікалі беларусаў патрабаваць ад кіраўніцтва краіны выкананьня артыкулу 18 Канстытуцыі Беларусі, якая выключае ваенную агрэсію супраць іншай дзяржавы зь беларускай тэрыторыі, а таксама вызначае нэўтральны статус дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны штаб Украіны: каля 15 тыс. сілавікоў у Беларусі гатовыя ваяваць супраць Украіны за грошыАпроч таго, украінскае войска заклікала грамадзян Беларусі адсочваць дзеяньні падазроных асобаў каля аб’ектаў крытычнай інфраструктуры і транспарту каля іх, паведамляць пра іх праваахоўным органам, а калі зь іхнага боку ня будзе рэакцыі — інфармаваць міжнародную супольнасьць усімі даступнымі сродкамі.
«Украіна ня лічыць вашу краіну, тым больш ваш народ, ворагам. Мы не адказалі ні на адно агрэсіўнае дзеяньне з вашай тэрыторыі. Мы не зьбіраемся і не плянуем праводзіць ніякіх агрэсіўных дзеяньняў на тэрыторыі Беларусі. Гэта афіцыйная пазыцыя Ўкраіны. Сёньня шмат залежыць ад кожнага чалавека, спадзяёмся на вашу пільнасьць і разуменьне сытуацыі», — адзначаецца ў відэазвароце Ўзброеных сіл Украіны да беларускага народу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ваенная выведка Ўкраіны: Расея мае намер учыніць у Беларусі сэрыю тэрактаў, у тым ліку на БелАЭС, каб уцягнуць у вайнуНекалькі дзён таму Галоўнае ўпраўленьне выведкі (ГУВ) Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла, што «неўзабаве на тэрыторыі Беларусі плянуецца правядзеньне шэрагу тэрактаў — штучна справакаваных тэхнагенных катастроф на аб’ектах крытычнай інфраструктуры».
Паводле ўкраінскай выведкі, падобныя інцыдэнты могуць адбыцца на тэрыторыях, якія мяжуюць з краінамі Эўразьвязу і Ўкраінай. Пры гэтым сьцьвярджалася, што адна з галоўных мэт — Беларуская АЭС у Астравецкім раёне Горадзенскай вобласьці, разьмешчаная непадалёк ад мяжы зь Літвой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Расеі заявіла пра «інтэнсіўную баявую падрыхтоўку» сваіх вайскоўцаў у Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ні сьвятла, ні цяпла, ні сувязі. Як Украіна аднаўляецца пасьля чарговай маштабнай ракетнай атакі Расеі