Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны штаб Украіны: каля 15 тыс. сілавікоў у Беларусі гатовыя ваяваць супраць Украіны за грошы


Вітаньне расейскіх вайскоўцаў у Беларусі, 20 кастрычніка 2022 году
Вітаньне расейскіх вайскоўцаў у Беларусі, 20 кастрычніка 2022 году

Украінская выведка пакуль не фіксуе, каб на тэрыторыі Беларусі сфармавалі ўдарна-наступальную групоўку.

Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Аляксей Громаў заявіў, што Беларусь і Расея ўжо давялі колькасьць сваёй супольнай вайсковай групоўкі да больш як 9 тысяч вайскоўцаў і больш як 250 адзінак узбраеньня і вайсковай тэхнікі.

«У рамках разгортваньня супольнай рэгіянальнай групоўкі войскаў так званай саюзнай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі працягваюць знаходзіцца падразьдзяленьні Ўзброеных сілаў Расеі агульнай колькасьцю больш як 9 тысяч асобаў і больш як 250 адзінак узбраеньня і вайсковай тэхнікі са складу 2-й мотастралковай дывізіі першай танкавай арміі Заходняй вайсковай акругі. Яны сканцэнтраваныя ў раёне палігонаў Обуз-Лясноўскі, Лепельскі, Лосьвіда і Асіповічы», — паведаміў Аляксей Громаў 24 лістапада на брыфінгу ў Кіеве.

У той жа час, паводле яго, украінская выведка пакуль не фіксуе, што на тэрыторыі Беларусі сфармаваная ўдарна-наступальная групоўка. Аляксей Громаў нагадаў, што кіраўніцтва Беларусі зноў падоўжыла — да 28 лістапада — праверку баявой гатоўнасьці беларускага войска, якая цягнецца з траўня.

«Пры гэтым здольнасьць Узброеных сілаў Беларусі весьці самастойныя наступальныя дзеяньні ацэньваецца як нізкая. Маральна-псыхалягічны стан лічыцца нізкім праз адмову большасьці асабовага складу браць удзел у так званай спэцыяльнай апэрацыі. У той жа час каля 10-15 тысяч асабовага складу сілавых структураў Беларусі гатовыя ўдзельнічаць у так званай спэцыяльнай апэрацыі Расеі, найперш праз прывабнасьць высокага грашовага забесьпячэньня», — дадаў Аляксей Громаў.

Паводле яго, у паветранай прасторы Беларусі працягваюцца палёты самалётаў МіГ-31К, якія ёсьць носьбітамі гіпэргукавых ракет «Кінжал».

«Захоўваецца пагроза нанясеньня ракетных удараў, авіяцыйных удараў і ўжываньня бесьпілётных апаратаў на тэрыторыі Ўкраіны», — мяркуе ён.

«Праціўнік распаўсюджвае інфармацыю і рыхтуе свае войскі да так званага магчымага абвастрэньня сытуацыі ў пэрыяд з 23 да 28 лістапада на расейска-ўкраінскай мяжы. Пры гэтым яны чакаюць, што NATO і Ўкраіна пажадаюць захапіць памежныя раёны міралюбнай Беларусі і Расеі. Гэта нагадвае сцэнар ужо праведзеных у Беларусі вучэньняў сёлета ў верасьні», — заявіў Аляксей Громаў.

10 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў аб пачатку разгортваньня рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі, а таксама аб разьмяшчэньні расейскіх войскаў у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG