Сярэдні памер пэнсіяў па ўзросьце ад сьнежня сёлетавырасьце да 670 рублёў, абяцаюць ва ўрадзе. Гэта рост на 5%. Апошні раз пэнсіі ў Беларусі павялічвалі ў жніўні. Глядзім, як мяняецца іх пакупніцкая здольнасьць у канкрэтных прадуктах.
Летась у кастрычніку сярэдняя пэнсія па ўзросьце складала 545 рублёў, або 221 даляр паводле тагачаснага курсу. Тады на такую пэнсію можна было купіць, паводле Белстату, наступную колькасьць прадуктаў:
- 263 батоны хлеба з мукі першага гатунку
- 44,5 кіляграма сьвініны
- 32 кіляграмы ялавічыны
- 92,8 кіляграма салодкіх перцаў
- 123 кіляграмы памідораў
- 143 кіляграмы грэчкі
- 436 кіляграмаў мукі
На сярэднюю пэнсію беларуса па ўзросьце ў кастрычніку (пасьля жнівеньскага падвышэньня яна складае 638 рублёў, або 255 даляраў) можна купіць агулам:
- 223 батоны хлеба
- 44,5 кіляграма сьвініны
- 33 кіляграмы ялавічыны
- 82 кіляграмы перцаў
- 156 кіляграмаў памідораў
- 120 кіляграмаў грэчкі
- 422 кіляграмы мукі
Такім чынам, пэнсіянэр за год зьбяднеў на 40 батонаў хлеба, 10,8 кіляграма перцаў, 23 кіляграмы грэчкі і 14 кіляграмаў мукі.
Але пабагацеў на 1 кіляграм ялавічыны і 33 кіляграмы памідораў. Гэта тлумачыцца стрымліваньнем цэнаў у сёлетнім кастрычніку.
А што зь нехарчовымі таварамі
У кастрычніку мінулага году на ўсю пэнсію пэнсіянэр мог набыць:
- 2 мужчынскія гарнітуры
- 3 жаночыя касьцюмы
- 9 спадніц
- 2 кухонныя камбайны
- 736 газэт
- 45 кніг
У кастрычніку 2022:
- 2 мужчынскія гарнітуры
- 3 жаночыя касьцюмы
- 8 спадніц
- 1 кухонны камбайн
- 725 газэт
- 42 кнігі
То бок за год пэнсіянэр ці пэнсіянэрка зьбяднелі на 1 кухонны камбайн, 1 спадніцу, 11 газэт, альбо на 3 кнігі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэальныя даходы беларусаў у студзені-верасьні ўпалі на 3,8% ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы бюджэт пражытковага мінімуму, падаткі на кватэры, прыбаўка бюджэтнікам. Якія зьмены чакаюць беларусаў у лістападзе