Асноўныя зьмены, пра якія трэба ведаць беларусам, сабрала выданьне Zerkalo.io.
Падаткі
Беларусы да 15 лістапада (уключна) павінны заплаціць адразу некалькі падаткаў. Сярод іх — збор за першую кватэру, які ўвялі сёлета, транспартны падатак, а таксама зямельны збор.
Невялікая прыбаўка да заробку «бюджэтнікаў»
З 1 лістапада зьбіраюцца падняць базавую стаўку да 212 рублёў. Да яе памеру прывязаны заробкі работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсыдыі і работнікі якіх прыраўноўваюцца ў аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый.
Апошні раз базавую стаўку падвышалі з 1 верасьня — да 211 рублёў.
Патаньнеюць некаторыя крэдыты
У лістападзе банкі зьнізяць працэнтныя стаўкі па некаторых крэдытах для фізычных і юрыдычных асоб. Гэта адбудзецца па рашэньні Нацбанку, які перагледзеў разьліковыя велічыні стандартнай рызыкі (РВСР).
Зь лістапада РВСР для фізычных асоб упадуць да 18,84% (цяпер 22,01%), а для юрыдычных асоб — да 17,39% (цяпер 20,21%). На гэтую столь павінны арыентавацца банкі, калі выстаўляюць працэнтныя стаўкі па крэдытах, іх нельга перавышаць.
Зьмяненьні ў паслугах мабільных апэратараў
Кампанія А1 з 1 лістапада зьнізіць кошт доступу ў інтэрнэт для абанэнтаў тарыфных плянаў «Сацыяльны», «Пэнсійны» і «Победа».
У сваю чаргу мабільны апэратар life:) аб’явіў, што ў лістападзе перастане аказваць паслугу ў вэб-абароне для новых кліентаў. Для ўсіх абанэнтаў вэб-абарона будзе закрытая 30 лістапада.
Новы памер пэнсій і дапамог
З 1 лістапада ўлады павінны перагледзець памер пражытковага мінімуму. Да яго прывязаны памеры мінімальных працоўных і сацыяльных пэнсій, а таксама некаторых дапамог, якія даюцца пры нараджэньні дзяцей. Калі бюджэт пражытковага мінімуму падвысяць, то вырастуць, адпаведна, таксама гэтыя пэнсіі і дапаможнікі.
Адменяць зьніжкі на праезд у электрычках для пэнсіянэраў
З 1 лістапада для пэнсіянэраў перастане дзейнічаць 50-працэнтная зьніжка на паездкі ў цягніках рэгіянальных ліній эканом-клясы. Яе ўводзілі з 1 траўня — на час сэзонных сельскагаспадарчых работ.