Праваабаронца, якая «хуліганіць» у судах і міліцэйскіх пастарунках. Расказваем пра Насту Лойку

​​​​​​​Зьняволеная праваабаронца Наста Лойка 

У ЦІПе на Акрэсьціна праваабаронцу Насту Лойку катавалі электрашокерам і бяз вопраткі 8 гадзін трымалі на холадзе, паведамляюць яе паплечнікі. Дзяўчына захварэла, лекі да яе так і не дайшлі.

Наста Лойка прыйшла ў валянтэрскую службу праваабарончага цэнтру «Вясна» яшчэ падлеткам. 8 гадоў адпрацавала ў грамадзкай прымальні «Вясны». У 2018 годзе стала сузаснавальніцаю праваабарончай арганізацыі Human Constanta.

У Human Constanta Наста займалася абаронай правоў замежных грамадзянаў і людзей без грамадзянства. Працавала над праблемамі рэпрэсіўнага «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства, нефармальнай адукацыі ў сфэры правоў чалавека.

І «Вясну», і Human Constanta ўлады Беларусі зьліквідавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцу Насту Лойку ня выпусьцілі на волю пасьля 15 сутак арышту

Катавалі электрашокерам, бяз вопраткі трымалі на холадзе 8 гадзін

Юрыстка, праваабаронца Наста Лойка паводле міліцэйскіх пратаколаў — мацёрая хуліганка. Прычым «хуліганіць» выключна ў судах, пастарунках і кабінэтах міліцэйскіх начальнікаў.

6 верасьня яе затрымалі адразу пасьля працэсу над калежанкай, каардынатаркай валянтэрскае службы «Вясны» Марфай Рабковай і яшчэ 9 палітвязьнямі. Тады Насту абвінавацілі нібыта ў «дробным хуліганстве» (арт. 19.1 КоАП), якое яна ўчыніла ў судзе, і на наступны дзень пакаралі 15 днямі арышту.

Наста Лойка

Аднак пасьля сканчэньня тэрміну Наста з Акрэсьціна ня выйшла. Судзьдзя Фрунзэнскага суду Юлія Блізьнюк пакарала дзяўчыну чарговымі 15 соднямі нібыта праз тое, што пасьля адбыцьця мінулага арышту яна пачала «паводзіць сябе абуральна», і за гэта яе зноў і затрымалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцу Насту Лойку зноў арыштавалі на 15 сутак. Яна заявіла, што яе катавалі

Нядоўга пабыла Наста на свабодзе. 28 кастрычніка дзяўчыну затрымалі зноў. Гэтым разам жорстка захопліваў ГУБАЗіК, учыніў ператрус у кватэры, апублікаваў відэа на канале сілавікоў. 31 кастрычніка Насту асудзілі на 15 дзён арышту зноў за «дробнае хуліганства». Аднак і пасьля на волю Наста зноў ня выйшла. 14 лістапада ёй прысудзілі наступныя 15 дзён.

Чацьвёртую справу аб хуліганстве Лойкі разглядала судзьдзя Першамайскага суду Анастасія Ляйкоўская. Дзяўчыну абвінавацілі ў тым, што яна, «знаходзячыся ў кабінэце 112 РУУС пад адрасам вуліца Бялінскага, 10, крычала і размахвала рукамі, паводзіла сябе агрэсіўна і з выклікам, на заўвагі не рэагавала, чым парушыла грамадзкі парадак, выказаўшы яўную непавагу да грамадзтва».

На судзе Наста Лойка заявіла, што ў дачыненьні да яе ўжывалі катаваньні, яе двойчы вадзілі на «гутаркі» з супрацоўнікамі ГУБАЗіКу.

«Адзін раз яе ўдарылі электрашокерам, а 11 лістапада супрацоўнік ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў бяз вопраткі на 8 гадзін. Наста моцна захварэла. За ўвесь гэты час на Акрэсьціна ўдалося перадаць лекі, аднак ёсьць інфармацыя, што лекі так і не дайшлі да Насты. Яна па-ранейшаму знаходзіцца ў зьняволеньні бязь цёплых рэчаў і сродкаў асабістай гігіены», — паведамляе тэлеграм-канал @humanconstanta.

За праваабарончую дзейнасьць Насту Лойку затрымлівалі і раней. У жніўні 2021 году яна 72 гадзіны правяла на Акрэсьціна, у кватэры ўчынілі ператрус. Наста была падазраванай ў крымінальнай справе, зьвязанай зь дзейнасьцю «Вясны», і толькі ў кастрычніку 2022 году гэтыя падазрэньні зь яе зьнялі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы дасьледавалі рэпрэсіі ў Беларусі за «экстрэмізм»: новыя законы, факты, лічбы і парады

«Такое ўражаньне, што Наста працуе праваабаронцай 24/7»

Журналістка Ірына Арахоўская — блізкая сяброўка Насты Лойкі.

«Мы з Настай і яшчэ адной праваабаронцай Марфай Рабковай нарадзіліся ў адзін дзень, 6 студзеня. У нас траіх ёсьць аднолькавыя саколкі з надпісам „Добі — добры эльф“. Усе дні народзінаў адзначалі разам. Дарэчы, у гэты ж дзень нарадзілася яшчэ і Жанна Д’Арк», — жартам узгадвае Ірына.

Ірына з Настай пазнаёміліся ў праваабарончай школе. Тады Наста вырашыла сур’ёзна заняцца праблемамі мігрантаў.

«Тады з Акрэсьціна выйшаў Паша Вінаградаў і расказаў, што там вельмі шмат мігрантаў. Яны сядзяць там па паўгода-год безь нічога: без зубных шчотак, туалетнай паперы, самага неабходнага, яны ня могуць зьвязацца з роднымі. Так зараз сядзіць і Наста — бяз самых неабходных рэчаў, бязь лекаў — а яна моцна захварэла.

Наста тады рашуча сказала: „З гэтым трэба штосьці рабіць!“ І мяне гэта вельмі кранула, я прыйшла працаваць валянтэркай да праваабаронцаў», — апавядае сяброўка Насты.

Наста Лойка

Калі дзяўчына выйшла на волю пасьля першых 30 дзён арышту, яна аберагала сваіх родных і блізкіх і мала апавядала пра сваю адседку, але шмат — пра іншых людзей.

«У прыватнасьці, яна апавядала, што ў ЦІПе сядзяць шмат жанчын праз праблемы з алькаголем. І калі ў раёне штосьці адбываецца, умоўна вінаватыя гэтыя жанчыны, і раз за разам іх саджаюць на „суткі“.

Зараз жудасная праблема на Акрэсьціна — вошы. Наста расказвала, што адна дзяўчына пагадзілася выбіраць зь яе галавы вошай — і яна цэлы дзень „вычэсвала“.

„Іра, з гэтым трэба штосьці рабіць“, — казала Наста. Такое ўражаньне, што яна працуе праваабаронцай 24 на 7. Два словы пра сябе — і ўвесь час пра іншых людзей, што зь імі адбываецца», — Ірына ня можа стрымліваць эмоцыяў.

Наста вельмі ўпартая — нізавошта не хацела зьяжджаць. Казала, што яна больш карысьці прынясе людзям, працуючы ў Беларусі.

«Гэта была яе прынцыповая пазыцыя. „Іра! Мне кажуць пра гэта ўсе на сьвеце. А ты мая сяброўка і павінна мяне падтрымаць“. І закрыла тэму. Мне так да канца не патлумачыла. Казала: „Я ж ні ў чым не вінаватая“...

Літаральна за гадзіну да Насьцінага затрыманьня мы купілі квіткі, плянавалі павандраваць. Не атрымаецца», — уздыхае Ірына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чакаем зручнага моманту для новай рэгістрацыі». Чым цяпер займаюцца зьліквідаваныя НДА

«У яе ёсць фантастычная здольнасьць ведаць, як суцешыць, як падтрымаць»

Яшчэ адна сяброўка Лойкі Соня прызнаецца, што Наста — гэта ўвасабленьне ўсіх яе каштоўнасьцяў у адным чалавеку.

«Мне вельмі складана пражываць тое, што зараз з ёй адбываецца, бо за кратамі разам з Настай для мяне сядзяць і правы чалавека, і неабыякавасьць да несправядлівасьці, і здольнасьць бачыць у кожным найперш чалавека, і любоў, і эмпатыя як зброя, і негвалтоўнасьць як першасны прынцып.

Наста ўсьведамляе, што наўрад ці калі-небудзь застане ідэальнае для сябе грамадзтва, на карысць якога працуе, і што ёй пры любой уладзе будзе чым заняцца, але яе дзейнасьць не матываваная ўласнай выгадай — яна проста, як мне здаецца, ня ўмее інакш.

Праваабаронца Наста Лойка, 2020

У яе ёсць фантастычная здольнасьць ведаць, як суцешыць, як падтрымаць, як падзяліць зь людзьмі цяжкія жыцьцёвыя сытуацыі. Наста — чалавек, які можа стварыць навокал сябе камфортную, бясьпечную, цёплую прастору. І, мне падаецца, у гэтым яе супэрсіла.

Соня прызнаецца, што апошні раз бачылася з Настай ня так даўно ў Менску, калі прыяжджала ненадоўга дадому.

«Наста прыехала да мяне, каб мы пахадзілі па знаёмых мне мясьцінах, бо ў сваім раёне я пачувалася максымальна бясьпечна. Мы шпацыравалі па вулачках, размаўлялі пра ўсё на сьвеце і адначасова ні пра што (такое вось клішэ), і я думаю, што гэта яе асабістая магія — стварыць такую прастору, каб летам 2022 у Беларусі побач з табою пачуваліся спакойна, бясьпечна і быццам бы ў лесе Нарніі».

Наста Лойка скончыла юрыдычны каледж, юрыдычны факультэт БДУ, магістратуру Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (магістарка міжнароднага і эўрапейскага права). Праваабарончую дзейнасьць пачынала у валянтэрскай службе праваабарончага цэнтру «Вясна» яшчэ падлеткам. 8 гадоў адпрацавала ў грамадзкай прымальні «Вясны». У 2018 годзе стала сузаснавальніцаю праваабарончай арганізацыі Human Constanta.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 15 лістапада: жыхара Ліды затрымалі на мяжы і асудзілі за абразу Лукашэнкі; 4 гады мастаку за намер ваяваць за Ўкраіну

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод зьліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.