Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцу Насту Лойку ня выпусьцілі на волю пасьля 15 сутак арышту


Наста Лойка
Наста Лойка

Яе месцазнаходжаньне невядомае. Перадачы для Лойкі і іншых арыштаваных у ізалятары ў 1-м завулку Акрэсьціна не прымаюць. Праваабаронца застаецца ў няволі бязь лекаў і сродкаў гігіены.

Праваабаронца Анастасія Лойка 12 лістапада ня выйшла на волю пасьля 15-сутачнага адміністрацыйнага арышту, паведамляе ліквідаваная ў Беларусі арганізацыя Human Constanta.

Лойку затрымалі 28 кастрычніка. 31 кастрычніка суд Першамайскага раёну Менску арыштаваў яе на 15 сутак паводле арт. 19.1 КоАП (дробнае хуліганства).

Да гэтага ў верасьні — кастрычніку Лойку двойчы затрымлівалі і арыштоўвалі на такі ж тэрмін паводле аналягічнага адміністрацыйнага артыкулу.

Пры гэтым Сьледчы камітэт закрыў заведзеную ў дачыненьні яе крымінальную справу аб нявыплаце падаткаў.

Анастасія Лойка была ў камандзе Human Constanta, працавала па пытаньнях рэпрэсіўнага «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства, абароны правоў замежных грамадзян і людзей без грамадзянства ў Беларусі, нефармальнай адукацыі ў сфэры правоў чалавека.

Ліквідаваная ўладамі праваабарончая арганізацыя Human Constanta працягвае займацца правамі чалавека ў трох асноўных кірунках: абарона правоў замежных грамадзян і асоб без грамадзянства; барацьба з дыскрымінацыяй і адукацыя ў галіне правоў чалавека; лічбавая свабода.

Human Constanta заклікала міжнародныя арганізацыі публічна заявіць пра сваю пазыцыю ў сувязі з затрыманьнем Насты Лойкі, перасьледам іншых беларускіх праваабаронцаў і задзейнічаць усе даступныя міжнародныя мэханізмы для спыненьня рэпрэсій у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG