Яўген Глушкоў жыве ў вёсцы Зябраўка Гомельскага раёну. Менавіта каля яе знаходзіцца вайсковы аэрадром, на якім з пачатку вайны разьмяшчаюцца расейскія вайскоўцы. Адтуль былі зафіксаваныя запускі ракетаў па ўкраінскай тэрыторыі. Адтуль жа выляталі вайсковыя самалёты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Зябраўкі затрымалі праз падазрэньне ў шпіянажы на карысьць УкраіныКрыніца, блізкая да падзеяў, расказала Свабодзе падрабязнасьці пра затрыманага.
Яўген Глушкоў скончыў вэтэрынарную акадэмію ў Віцебску, адслужыў у беларускім войску — у Асобнай службе актыўных мерапрыемстваў (АСАМ), спэцназе памежных войскаў. Гэта адно з самых непублічных падразьдзяленьняў беларускага войска. Пасьля службы Глушкоў пэўны час жыў ва Ўкраіне (ягоныя бацькі — этнічныя ўкраінцы, даўно жывуць у Беларусі. — РС), граў там у музычным гурце. Акрамя гэтага, Глушкоў таксама жыў у Кітаі — у тым ліку падчас пратэстаў у Беларусі ў жніўні 2020 году.
«Ён разарыўся ў Кітаі праз каранавірус, таму вярнуўся ў Беларусь. У яго нават нявеста была ў Кітаі, але нешта ў іх не сышлося. У Гомлі ён уладкаваўся на працу паводле спэцыяльнасьці, на вэтэрынарную станцыю. Працаваў сумленна, меў толькі падзякі ад гаспадароў хатніх гадаванцаў. Пра яго калегі і кліенты адзываліся выключна добра», — распавяла крыніца.
Яшчэ з часоў побыту ва Ўкраіне і Кітаі Яўген, з словаў суразмоўцы, меў шмат кантактаў з украінцамі.
«Калі ў ноч з 10 на 11 жніўня на аэрадроме ў Зябраўцы здарыўся інцыдэнт, пра які шмат пісалі СМІ, то пачаліся праверкі мясцовых. У Яўгена ў тэлефоне знайшлі стары здымак аэрадрому, які ён рабіў з дрону. І яшчэ знайшлі кантакты розных украінцаў. Гэтага было дастаткова, каб яго затрымаць. Наколькі я ведаю, „шыюць“ шпіянаж, а гэта — да 15 гадоў. Сваякі і знаёмыя Яўгена ў шоку ад сытуацыі», — дадала крыніца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прачнуліся ад выбухаў і сполахаў, думалі – вайна». Што вядома пра здарэньне на вайсковым аэрадроме ў Зябраўцы пад ГомлемПра інцыдэнт, які здарыўся на ў ноч з 10 на 11 жніўня 2022 году на аэрадроме ў Зябраўцы, падрабязна пісала Свабода. Тады жыхары паўднёвых раёнаў Гомля і навакольных вёсак чулі гукі, падобныя да выбухаў, і бачылі сполахі на небе. Міністэрства абароны супакойвала беларусаў паведамленьнем пра тое, што «10 жніўня каля 23 гадзін у часе кантрольнага прабегу адной з адзінак тэхнікі пасьля праведзенай замены рухавіка адбылося загараньне».
Пазьней былі апублікаваныя спадарожнікавыя здымкі інцыдэнту, на якіх бачныя сьляды выбуху на ўзьлётнай паласе вайсковага аэрадрому.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выглядае аэрадром Зябраўка пасьля выбухаў. ФОТАВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.