Ня толькі McDonald’s. Праз вайну і санкцыі зь Беларусі сышлі дзясяткі вядомых брэндаў

Швэдзкая кампанія IKEA — адна з тых, што сышлі зь Беларусі

11 лістапада стала вядома, што рэстараны McDonald’s у Беларусі працягнуць працу пад брэндам «Вкусно и точка». Глядзім, якія яшчэ міжнародныя кампаніі сышлі зь Беларусі.

McDonald’s у Беларусі ўсё, кампанія абвясьціла пра свой сыход з краіны. Замест гэтага сеткай будзе кіраваць расейскі брэнд «Вкусно и точка». Пра гэта гаворыцца ў заяве, якая зьявілася ў сацсетках McDonald’s у Беларусі ў пятніцу 11 лістапада.

«Мы захаваем усе працоўныя месцы, працягнем прапаноўваць гасьцінны сэрвіс, разнастайнае мэню, любімы смак страў і высокую якасьць прадукцыі па даступных цэнах, да якіх прывыклі нашы госьці», — гаворыцца ў заяве.

Раней у беларускіх установах вядомай сеткі зьніклі сьняданкі і некаторыя вядомыя бургеры.

Пра прычыны перамен не паведамляецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест рэстаранаў McDonald's у Беларусі будзе працаваць расейскі брэнд «Вкусно и точка»

З Расеі сетка McDonald’s сышла праз вайну з Украінай. У Беларусі яна працавала па франшызе.

«На дадзены момант у Рэспубліцы Беларусь адкрыта 25 прадпрыемстваў хуткага абслугоўваньня ў шасьці гарадах, штогод яны абслугоўваюць больш за 10 мільёнаў гасьцей. Рашэньне аб далейшай працы ў якасьці франчайзі „Вкусно и точка“ дазволіць кампаніі захаваць больш за 2000 працоўных месцаў, працягваючы выконваць усе раней прынятыя абавязаньні перад супрацоўнікамі. У прадпрыемствах захаваюцца дзейныя канцэпцыі абслугоўваньня і сэрвісы, а таксама высокія стандарты якасьці і працы, да якіх прывыклі госьці сеткі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе кампаніі.

Глядзім, якія яшчэ міжнародныя кампаніі і брэнды сышлі зь Беларусі.

Кампаніі з актывамі ў Беларусі

Wargaming

Распрацоўшчык знакамітых «танчыкаў» ды іншых гульняў сышоў зь Беларусі і Расеі, а таксама закрыў сваю студыю ў Менску. Гэта адбылося 4 красавіка. Цяпер падтрымкай гульняў брэнду на тэрыторыі Расеі і Беларусі займаецца расейская кампанія Lesta Studio.

Ikea

Мэблевы гігант IKEA вызначыўся зь лёсам свайго бізнэсу ў Беларусі і Расеі адразу пасьля нападу Расеі на Ўкраіну. Кампанія абвясьціла аб прыпыненьні апэрацый у дзьвюх краінах. У Беларусі крамаў Ikea не было, аднак тавары пастаўляліся праз пасярэднікаў з Расеі.

Olvi plc

Кампаніі Olvi plc у Беларусі належыць 96,4% акцый «Лідзкага піва». Пра рашэньне кампаніі сысьці зь беларускага рынку стала вядома ў красавіку, яно зьвязанае з пачаткам вайны супраць Украіны.

Пастаўшчыкі прадукцыі і паслуг на беларускі рынак

Ponsse

Адзін з найбуйнейшых фінскіх вытворцаў лясной тэхнікі Ponsse таксама сышоў з Расеі і Беларусі. Паводле ацэнкі самой кампаніі, яе продажы ў Расеі і Беларусі складалі прыкладна 20 адсоткаў ад чыстай выручкі кампаніі ў 2021 годзе.

Аўтабрэнды

З пачатку вайны ў Беларусі амаль немагчыма набыць сабе новы аўтамабіль, з прычыны санкцый ці ўласнай пазыцыі сышлі многія вядомыя брэнды.

25 лютага Audi, General Motors, Volkswagen, Skoda і Jaguar Land Rover заявілі, што спыняюць пастаўкі аўтамабіляў у Расею (а Беларусь атрымлівала машыны менавіта адтуль). У сваіх заявах кампаніі казалі, што адна з прычын — пачатак ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне. Renault і зусім спыніў працу свайго заводу ў Падмаскоўі. Праўда, прычыну ў гэтым выпадку ў афіцыйнай заяве назвалі іншую — праблемы ў лягістыцы і недахоп камплектуючых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зрабілі электракар за 25 тысяч даляраў. Гэта даражэй, чым новы Volkswagen у Літве

Intel

Амэрыканскі вытворца кампутарных чыпаў Intel абвясьціў аб прыпыненьні адгрузкі сваёй прадукцыі ў Беларусь і Расею яшчэ ў сакавіку. Рашэньне зьвязана з амэрыканскімі санкцыямі і з пазыцыяй кампаніі адносна баявых дзеяньняў, якія Расея вядзе ва Ўкраіне.

AMD

Кампанія AMD, буйны вытворца працэсараў і мікрасхем, афіцыйна абвясьціла, што спыняе пастаўкі сваёй прадукцыі ў Расею і Беларусь у сувязі з новымі санкцыямі ЗША. Гэта адбылося ў сакавіку.

H&M

Кампанія закрыла свае крамы ў Менску і Горадні яшчэ на пачатку сакавіка. Гэта было зьвязана з уварваньнем Расеі ва Ўкраіну. Сьпярша H&M зьбіралася адчыніць крамы ў жніўні, але гэтага не адбылося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: H&M сыходзіць зь Беларусі. Крамы адкрыюць ненадоўга для продажу рэшткаў

Hollywood

Рашэньне буйных галівудзкіх кінастудый (сярод якіх Paramount, Sony, Warner Bros., Disney, Universal Pictures) не падаваць у пракат у Расеі свае новыя фільмы аўтаматычна распаўсюдзілася і на Беларусь.

MAN

Аўтамабільны канцэрн заявіў пра спыненьне адгрузкі грузавікоў і камплектуючых у Расею і Беларусь у пачатку сакавіка. Рашэньне зьвязанае з нападам Расеі на Ўкраіну.

У Беларусі створана і працуе сумеснае прадпрыемства «МАЗ-MAN». Вытворчыя магутнасьці заводу разьлічаныя на выпуск да 3000 аўтамабіляў у год, на прадпрыемстве працуе каля 350 чалавек.

American Express

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг на тэрыторыі Расеі і Беларусі.

Онлайн-сэрвісы

Booking.com

Знакаміты сэрвіс для браніраваньня гасьцініц і жыльля сышоў з рынкаў Беларусі і Расеі ў сакавіку, пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну.

Airbnb

Папулярны сэрвіс кароткатэрміновай арэнды жыльля Airbnb цалкам спыніў сваю дзейнасьць у Расеі і Беларусі ў сакавіку, пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

EA Games

Адзін з найбуйнейшых вытворцаў кампутарных гульняў EA Games спачатку выдаліў расейскія і беларускія каманды з сваіх гульняў NHL 2022 і FIFA, а затым абвясьціў аб спыненьні продажаў сваіх прадуктаў у Расеі і Беларусі.

Bolt

Сэрвіс таксі Bolt заявіў пра поўны сыход зь беларускага рынку яшчэ ў лютым, хоць раней паведамлялася, то кампанія зьбіраецца інвэставаць у Беларусі некалькі мільёнаў даляраў.

Bumble, Badoo и Fruitz

Сэрвісы камунікацыі і знаёмстваў Bumble, Badoo і Fruitz спынілі працу ў Беларусі і Расеі. Такая заява зьявілася на сайце іх матчынай кампаніі Bumble Inc у красавіку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне пачалі справу аб банкруцтве «БНК-Україна», кампаніі зь беларускімі заснавальнікамі

CD Projekt RED

Польская кампанія CD Projekt RED, якая падарыла сьвету гульні сэрыі «Вядзьмак» і Cyberpunk 2077, вырашыла пакінуць расейскі і беларускі рынкі. «CD PROJEKT Group прыняла рашэньне спыніць продажы нашых гульняў у Расеі і Беларусі. Гэта закране лічбавыя і фізычныя копіі», — гаварылася ў паведамленьні кампаніі.

Rovio

Rovio выдаліла ўсе свае гульні з крам прыкладаньняў, уключаючы Google Play і Apple App Store, у Расеі і Беларусі (гульні Angry Birds і інш.). Купляньне ў прыкладаньнях для загружаных гульняў на гэтых рынках адключана. Далейшыя абнаўленьні гульняў ня будуць даступныя ў Расеі і Беларусі.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.