Запас ходу ў такой машыны будзе 80 кілямэтраў, гэта на траціну менш, чым у электракара Nissan Leaf і амаль у чатыры разы менш, чым у Tesla.
«У нашага электрамабіля задача вазіць бульбу зь лецішча і бізнэсоўца па горадзе. Гэта гарадзкі транспарт, бясшумны, бясьпечны для экалёгіі. Мы не рабілі спорткара, цягавы разьлік выкананы пад стандартны гарадзкі аўтамабіль», — патлумачылі ў НАН.
Раней на Minsk Electro прэзэнтавалі спартовы электракар. Парамэтры ў яго былі такія: вага большая за тону, намінальная магутнасьць рухавіка — 80 кВт, максымальная — 160 кВт, ёмістасьць батарэі — 24 кВт у гадзіну, запас ходу — 270 кілямэтраў.
Якую машыну можна цяпер купіць у Беларусі
Сёлета афіцыйны рынак продажу аўтамабіляў у верасьні ўпаў у 10 разоў у параўнаньні зь верасьнем мінулага году. Прадалі толькі 374 аўтамабілі. Афіцыйны рынак — гэта прамыя пастаўкі ад заводу да дылера.
«У пэрыяд санкцый і паступовага сыходу з рынку (ці часовага „замарожваньня“ дзейнасьці) большасьці марак відавочна, што львіная доля цяперашніх продажаў новых (або амаль новых, зь невялікім прабегам) аўтамабіляў — гэта тыя пастаўкі, якія мы называем паралельным імпартам, якія закупляюцца ўжо па іншых каналах і прывозяцца ў Беларусь з ускладненай лягістыкай і іншым цэнаўтварэньнем. Колькасьць такіх паставак можа ў разы перавышаць афіцыйныя. І рэальны аб’ём рынку можа быць і ў два-тры разы вышэйшы», — так сытуацыю апісваюць у штомесячнай справаздачы прадстаўнікі Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі.
Па выніках 9 месяцаў 2022 г. на рынку ў лідэрах марка LADA з вынікам 573 аўтамабілі. У верасьні ж лідэрам продажаў зьяўлялася марка Geely.
Продаж новых аўтамабіляў значна ўпаў, бо большасьць дылераў прыпынілі дзейнасьць ці замарозілі яе, купіць новымі можна ці то Geely, ці то Lada.
Geely каштуюць ад 58 да 111 тысяч рублёў (ад 24 тысяч эўра). Таксама на рынку ёсьць кітайскія машыны Haval — ад 86 тысяч рублёў(34,5 тысяч эўра). З новымі машынамі іншых марак сытуацыя складаная.
Паводле парталу av.by, які спэцыялізуецца на аўтамабільнай тэматыцы, вытворцы павышалі адгрузачныя цэны для Беларусі, пачынаючы з сакавіка, ад 40% да 70%. Сумарнае павелічэньне для беларускіх дылераў на некаторыя мадэлі даходзіла да 95%.
Па чым машыны і электракары ў Эўропе
25 тысяч даляраў, ці 24 519 эўра (калі пераводзіць) — гэта сапраўды няшмат для электракара. Але можна знайсьці электрычны аўтамабіль таньней, і ён будзе ад вядомага вытворцы.
Напрыклад, у Літве машына Volkswagen e-up каштуе 23 390 эўра. Машына мае запас ходу ў 260 кілямэтраў, што больш, чым у беларускага электрамабіля, утрая. Пры гэтым у Літве пакупнік можа атрымаць субсыдыю ў 4 тысячы эўра, бо набыў экалягічную машыну. Тады электракар будзе каштаваць 19 390 эўра.
Гэта таньней, чым ніжняя плянка цаны для беларускага электрамабіля, які агучвалі чыноўнікі (20 тысяч даляраў, ці 19 400 эўра).
Яшчэ адзін варыянт электракара, Nissan Leaf, абыдзецца даражэй — 35 200 эўра за машыну. Таньней будуць каштаваць гібрыды, дзе рухавік працуе і на паліве, і на электрычнасьці. Напрыклад, Fiat 500 каштуе 17990 эўра.
Бэнзінавыя мадэлі папулярных марак таксама можна знайсьці таньней за беларускі электракар. Opel Corsa — 19 990 €, Citroen C3 — 18 225 €, Skoda Fabia — 16 960. Гэта ўсё таньней, чым на рынку новых аўтамабіляў у Беларусі.