1 ліпеня 2022 году Юры Кавалёў павінен быў выйсьці на волю, таму што ён цалкам адбыў тэрмін за «абразу прэзыдэнта». Абраза, паводле рашэньня суду, была ў тым, што на прыёме ў псыхіятра (на камісіі на правы кіроўцы. — РС) жыхар Чачэрску назваў Лукашэнку «дэбілам». Так ён адрэагаваў на словы лекаркі-псыхіятра, якая абражала Сьвятлану Ціханоўскую. У выніку лекарка данесла на Юрыя ў міліцыю, і яго пасадзілі на год у калёнію.
Пакараньне Кавалёў адбываў у Ваўкавыскай калёніі. А пасьля суд Ваўкавыскага раёну адправіў Юрыя на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычны шпіталь. Мінімум на шэсьць месяцаў.
«Яму там надзвычай цяжка. Ён кажа, што нашмат лягчэй было на зоне, і нават у ШЫЗА ці ў карцары. Там у шпіталі абвясьцілі каранавірус. Тры тыдні Юры ня мог тэлефанаваць. Спатканьні скарацілі з 20 да 5 хвілін, і тыя праз шкло. Да ўсяго яшчэ яму колюць страшныя, як па мне, лекі. Я пачытаў — за галаву схапіўся. Баюся за ягоны стан пасьля тых лекаў», — расказаў Сяргей (імя зьмененае. — РС).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ужо больш за 1400 палітвязьняў, якіх афіцыйна прызналі праваабаронцыПа словах суразмоўцы, пэрспэктывы ў Юрыя «ня вельмі добрыя». «На паўгода яго заперлі ў псыхіятрычны шпіталь. Пасьля шасьці месяцаў кансыліюм будзе вырашаць — выздаравеў ён ці не. Калі надта пашанцуе, то ён трапіць яшчэ на тры месяцы на „вольны“ шпіталь, псыхіятрычны. Калі не — кансыліюм можа працягнуць яму тэрмін прымусовага лячэньня. Пры самым „добрым“ раскладзе, калі ён трапіць яшчэ на тры месяцы ў „вольны“ шпіталь, яму будзе пасьля яшчэ нагляд на год. Гэта значыць — аўтаматам забяруць правы кіроўцы, не дазволяць займацца якой-небудзь дзейнасьцю, і ён мусіць хадзіць да псыхіятра. Тэрмін прымусовага лекаваньня могуць працягнуць на столькі, на колькі яны пажадаюць. Гэта проста карная псыхіятрыя», — дадаў Сяргей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 10 лістапада: 2 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэсьце ў 2020 годзе