Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 10 лістапада: 2 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэсьце ў 2020 годзе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца.

Суд Партызанскага раёну Менску 17 кастрычніка вынес прысуд жыхару Смалявіцкага раёну Максіму Дзіваку. Судзьдзя Міхаіл Макарэвіч абвінаваціў яго ва ўдзеле ў маршы пратэсту ў верасьні 2020 году ў Менску.

У абвінавачаньні сьцьвярджалася, што Дзівак у адзін зь верасьнёўскіх дзён «прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», чым, на думку сьледзтва, зьдзейсьніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, падчас ператрусу дома ў Дзівака сканфіскавалі пратэставыя ўлёткі з выявай бел-чырвона-белага сьцяга, каляндар з надпісам «Пагоня», 2 фрагмэнты палатна бел-чырвона-белага колеру.

Падсудны сваю віну прызнаў цалкам. У выніку яго пакаралі 3 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміяй»).

Затрымалі супрацоўніка МТС — нібыта за перадачу зьвестак «Чорнай кнізе Беларусі»

«Пакаяльнае» відэа з затрыманым апублікаваў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў, блізкі да сілавікоў. Паводле сілавікоў, мужчына «зьліваў» пэрсанальныя зьвесткі пракурораў і іншых дзяржаўных службоўцаў тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».

Як распавядае сам затрыманы на відэа, ён працаваў у кампаніі МТС у 2020 і 2021 годзе спэцыялістам па працы з кліентамі і меў доступ да зьвестак «рознага канфідэнцыйнага характару».

Як даведалася «Наша Ніва», затрыманы 29-гадовы Андрэй Цыпак — зь Берасьця, у маладосьці гуляў у гандбол у гандбольным клюбе імя Мяшкова, дзе быў дэбютантам сэзону 2012-2013 і быў у складзе клюба, калі ён два сэзоны запар выйграваў чэмпіянат Беларусі — у 2014 і 2015 гадах.

62-гадовай жанчыне прысудзілі год калёніі за рэпост з асабістымі зьвесткамі сілавіка

У судзе Жабінкаўскага раёну асудзілі Натальлю Лецку за рэпост допісу з асабістымі зьвесткамі сілавіка паводле арт. 188 («Паклёп») і ч. 3 арт. 203-1 («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестках») КК.

Натальлю абвінавацілі ў тым, што яна на сваёй старонцы зрабіла рэпост публікацыі з асабістымі зьвесткамі супрацоўніка органаў унутраных спраў. Таксама жанчына апублікавала фатаздымак сілавіка з уласным камэнтаром пра зьдзейсьненыя ім злачынствы. Суд вырашыў, што інфармацыя ў камэнтары «сьвядома ілжывая» і дыскрэдытуе супрацоўніка ў вачах грамадзтва.

Судзьдзя Віктар Новік прысудзіў жанчыне 1 год калёніі агульнага рэжыму і штраф 50 базавых велічыняў (1600 рублёў). Таксама ў межах грамадзянскага пазову з Натальлі спагналі 1000 рублёў «кампэнсацыі маральнай шкоды» на карысьць сілавіка.

Менчуку прысудзілі 1,5 года калёніі за абразу Лукашэнкі

У судзе Слонімскага раёну 10 лістапада Дзяніса Воўчака абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і ч. 3 арт. 203-1 КК («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестках»). Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Ярмолік.

2 жніўня ў праўладных тэлеграм-каналах зьявілася «пакаяннае» відэа, у якім Дзянісу ставілі ў віну ўдзел у пратэстах у Менску, а таксама распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і абразу Лукашэнкі.

У Полацку затрымалі беларуса, які вярнуўся з Польшчы

Затрыманы — Генадзь Бярдзенеў, ён нядаўна прыехаў з Польшчы, дзе працаваў апошнія тры месяцы і зьбіраўся ў бліжэйшыя дні зноў вярнуцца назад. Суд пройдзе заўтра, мужчыну будуць судзіць паводле адміністрацыйнага артыкулу, якога — пакуль не вядома, паведамляе «Вясна».

Каля пяці гадоў таму Генадзь быў адным з ініцыятараў стварэньня пярвічнай арганізацыі «Свабодны прафсаюз» сярод ІП на Полацкім рынку.

У Горадні судзяць прафсаюзнага лідэра Андрэя Ханевіча. Яму запрасілі 5 гадоў турмы

У Горадзенскім абласным судзе працягнулі разгляд крымінальнай справы супраць старшыні першаснай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюзу працаўнікоў ААТ «Гродна Азот» Андрэя Ханевіча. Гэта ўжо трэцяе пасяджэньне. Пракурор запрасіў для яго 5 гадоў калёніі.

Ханевіча абвінавачваюць паводле арт. 369-1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і арт. 361-4 (Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) Крымінальнага кодэксу. Паведамляецца, што мужчыну ставяць у віну размову з журналістам «Белсат», падчас якой Андрэй «перадаў нейкія зьвесткі». Тэлефон Андрэя праслухоўвалі, размовы запісвалі супрацоўнікі спэцслужбаў, паведамляюць праваабаронцы.

Прысуд Ханевічу вынесуць 16 лістапада.

Сілавікі затрымалі пару інстаблогераў — Кацярыну і Сяргея Чарэшку

Калі верыць праўладнаму тэлеграм-каналу, іх прызналі падазраванымі па крымінальнай справе — але па якой, не ўдакладняецца. Мяркуючы па «пакаяльным відэа», да блогераў прыйшлі з прычыны ўдзелу ў пратэстах, піша @the_village_me.

У Полацку затрымалі сына зьняволенай старшыні незалежнага прафсаюзу «Нафтан» Вольгі Брыцікавай

Сына Вольгі Брыцікавай Ягора затрымалі 10 лістапада, паведамляе прэс-служба СПБ.

Самой Вользе нядаўна далі 15 дзён арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Адзначаецца, што Ягор прыйшоў з войска за дзень да суду над маці і на судзе прадстаўляў яе інтарэсы. Пасьля яе арышту ён штодня наведваў ІЧУ, дзе знаходзілася Вольга.

Прычына затрыманьня Ягора невядомая. Пазьней стала вядома, што Ягора выпусьцілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG