«На першую праграму запісаліся 500 чалавек». Расказваем аб праекце, які дапамагае жанчынам увайсьці ў ІТ

Удзельніцы канфэрэнцыі праекту Women in Tech

Паразмаўлялі з мэнэджаркай Women in Tech Ганнай Самарскай пра тое,  як праект дапамагае беларускім жанчынам увайсьці ў ІТ, а таксама спыталі ўдзельніц, што ім падабаецца ў праекце і чаму яны абралі такі шлях.

«Нашы праграмы створаныя з добрым разуменьнем праблемаў, зь якімі сутыкаюцца жанчыны»

Нядаўна стартаваў праект Women in Tech, які дапамагае жанчынам увайсьці ў ІТ і пабудаваць кар’еру. Цяпер у праграмах праекту вучацца больш за 500 удзельніц зь Беларусі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Украіны, Грузіі, Нямеччыны, ЗША і іншых краін.

Ідэя стварыць праект Women in Tech зьявілася летась, калі стала зразумела, што спатрэбяцца інфраструктурныя рашэньні для Беларусі, у прыватнасьці, для жанчын, кажа мэнэджарка праекту Ганна Самарская.

«Унутры Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту нарадзілася ідэя стварыць праект, які б дапамагаў дзяўчатам і жанчынам, якія хацелі б працаваць у ІТ. Альбо тым, якія ўжо працуюць, умацаваць свае пазыцыі і адшукаць новыя кар’ерныя магчымасьці. Ідэю фінансава падтрымаў Эўразьвяз».

Ганна Самарская

Месяц таму запусьцілі першую праграму «Login to Tech», на якую з самага пачатку запісалася звыш 500 жанчын, кажа Ганна.

«Я гэта зьвязваю зь некалькімі момантамі. Беларускі жывуць цяпер літаральна па ўсім сьвеце, многія з розных прычын страцілі працу або мусілі яе зьмяніць. Напрыклад, жонкі ІТ-спэцыялістаў пераяжджаюць у іншыя краіны, трацяць звыклую крыніцу заробку. Яны думаюць: куды ж далей ісьці, якую прафэсію атрымаць? Тут мы даем сыстэмнае ўяўленьне пра сьвет ІТ, нашыя праграмы створаныя з добрым разуменьнем праблемаў, зь якімі сутыкаюцца жанчыны, што хочуць працаваць у ІТ».

«Праект накіраваны на тое, каб жаночыя галасы ў IT гучалі мацней»

Ганна дадае, што існуе вялікае колькасьць стэрэатыпаў і мітаў пра сьвет ІТ.

«У нас ёсьць стэрэатыпнае ўяўленьне, быццам ІТ — гэта толькі пра тэхналёгіі або тэхнічныя спэцыяльнасьці, кшталту, тэставальніка, распрацоўніка. А папраўдзе ІТ-кампанія працуе як усякая іншая вытворчасьць, дзе ёсьць фронт- і бэк-офіс, ёсьць бухгальтары, спэцыяльнасьці для гуманітарыяў. Сьвет ІТ разнастайны».

Праект Women in Tech дае адказ на гендэрную дыспрапорцыю ў сьвеце ІТ, на гендэрныя стэрэатыпы, заўважае мэнэджарка.

«Пра IT-індустрыю замацавалася ўяўленьне, што гэта мужчынскі сьвет, мужчынскі клюб, быццам толькі з тэхнічным, лягічным розумам людзі тут працуюць, а, паводле думак грамадзтва, гэта мужчыны. Але насамрэч гэта ўсё глябальны міт і стэрэатып. Калі сфэра інфармацыйных тэхналёгіяў не была настолькі папулярнай і невысока аплочвалася, то праграмісткамі былі жанчыны. Потым усё памянялася. Цяпер гэтыя тэндэнцыі дысбалянсу характэрныя для Беларусі і іншых краін».

Скан артыкула часопіса Cosmopolitan 1967 года пра жанчын у сфэры тэхналёгіяў

Кіраўніца аддзелу распрацоўкі бартавога праграмнага забесьпячэньня касьмічнай праграмы NASA Apollo Маргарэт Гамільтан стаіць побач з раздрукаваным кодам, распрацаваным яе камандаю для высадкі чалавека на Месяц

У беларускай сытуацыі мае значэньне мэнталітэт, які фармуецца пад прэсам сацыяльных нормаў, кажа Ганна.

«Спачатку, напрыклад, цацкі, якія прапануюць дзяўчаткам. Потым нам кажуць у школе: „Ідзі вучыся на бухгальтара, будзе заўсёды шмат працы“. Як дзяўчаты адсейваюцца на шляху ў тэхнічную прафэсію? Спачатку ў школе было 10 дзяўчат, якія хацелі матэматычнай адукацыі, а да унівэрсытэту зь іх даходзяць толькі дзьве. Дзяўчына абірае іншую спэцыяльнасьць, абірае не кар’еру, а сямʼю, ролю жонкі, ня лічыць, што гэта можна сумяшчаць. Наш праект накіраваны на тое, каб жаночыя галасы ў IT гучалі мацней. Мы імкнемся стварыць магчымасьці трансфармацыі сьвету IT».

Жанчына падлучае адзін зь першых кампутараў IBM. Фота: Бэрэніс Эбат, 1948 году

Праект спрабуе паказаць жанчынам, што ёсьць магчымасьць пераадолець стэрэатыпы грамадзтва.

«Калі жанчыне прыпісваюць месца „дамы, зручнай у побыце“, мы кажам, што кожная можа выбраць шлях, найбольш адпаведны яе жаданьням і магчымасьцям. Мы дапамагаем спакаваць свой папярэдні досьвед, выбудаваць карʼерную траекторыю, даем рэкамэндацыі, у якія кампаніі лепш ісьці ў першую чаргу. Спадзяюся, што мы зможам якасна паўплываць на зьмену сытуацыі ў беларускай IT-сфэры».

«У ІТ кожны можа знайсьці ўжытак свайму папярэдняму досьведу»

Мэнэджарка заўважае, што ўзрост не прычына адмовы пачынаць кар’еру ў ІТ.

«Усе сучасныя прадукты ў літаральным сэнсе аблічбаваныя. Мы раней хадзілі ў банк, а сёньня карыстаемся онлайн-банкінгам. Вядома, жанчына, якая працавала шмат гадоў у банкаўскай сфэры, лёгка знойдзе сабе працу, яе веды запатрабаваныя, гэта яе перавага перад удзельніцамі, якія толькі скончылі ўнівэрсытэт і ня маюць такога досьведу працы».

Ганна заўважае, што ІТ ня толькі для моладзі, наадварот, у жанчын 45-50 гадоў шмат перавагаў у сфэры тэхналёгіяў.

«У такім выпадку працоўны досьвед жанчыны, досьвед выкарыстаньня прадуктаў, яе погляд на дызайн будзе больш рэлевантны, чым досьвед дзяўчыны ў 25 гадоў, якая не разумее, чаму кнопку трэба паставіць тут і чаму гэта будзе зручна. У ІТ кожны можа знайсьці ўжытак свайму папярэдняму досьведу і прафэсійным навыкам. На першую праграму „Login to Tech“, створаную для тых, хто ня меў досьведу, з 500 удзельніц — 8% заявак ад жанчын 45-52 гадоў, што паказальна».

Першая праграма «Login to Tech» — уводны курс, які дае змогу ўдзельніцам выбраць будучую спэцыяльнасьць у адпаведнасьці з сваім папярэднім досьведам, адукацыяй, інтарэсамі, тлумачыць мэнэджарка.

«Кожная ўдзельніца мае магчымасьць пазнаёміцца зь вялікай колькасьцю IT-прафэсіяў. У нас чытаюць лекцыі дзяўчаты, якія ўжо працуюць у такіх кірунках, як бізнэс-аналіз, прадукт-мэнэджмэнт, прадукт-дызайн, тэставаньне, фронт-энд-праграмаваньне. Спікеркі апавядаюць пра складанасьці пры працаўладкаваньні, пра неабходныя адукацыю і досьвед, пра штодзённую рутыну ў пэўнай прафэсіі».

Праект Women in Tech цалкам бясплатны

«Фактарам, які робіць немагчымым уваход у ІТ, 55% называюць грошы, досыць высокую плату за навучаньне. А ў рамках нашага курсу дзяўчына выбірае, якую яна сама хоча прафэсію ў ІТ, складае свае CV, карʼерную мапу, разумеючы, якія навыкі мае і якія яшчэ трэба атрымаць, каб быць больш цікавым кандыдатам».

Для жанчын, якія ўжо працуюць у ІТ і дайшлі да «столі» ў кар’еры, ёсьць адмысловая мэнтарская праграма.

«Гэтая праграма для жанчын, якія працуюць у IT ня менш за два гады і хочуць падняцца на вышэйшую карʼерную прыступку, павысіць свой чэк, а мо і зьмяніць сфэру. Больш за 70% жанчын, якія займаюць кіроўныя пазыцыі, кажуць, што мэнтарства стала адной з ключавых сілаў, якая дапамагла ім дасягнуць такога ўзроўню ў ІТ. Гэта ідэя ўзаемападтрымкі, якаснага, прафэсійнага абмену».

Стваральнікі праекту плянуюць запусьціць курсы асобных «hard skills» (канкрэтных ведаў і навыкаў).

«Гэта такі штуршок, рок-н-рол зьмены прафэсіі»

Адна з удзельніц праекту Лідзія Тарасенка — доктарка, каардынатарка Фонду мэдычнай салідарнасьці. Яна мусіла выехаць зь Беларусі ва Ўкраіну, потым зьяжджаць ад вайны, а цяпер вырашыла зьмяніць прафэсію.

Ганна Самарская

«Жыцьцё ўжо было поўнае такіх узрушэньняў, што ніхто з блізкіх не зьдзівіўся майму рашэньню пайсьці ў ІТ. Я жыла ва Ўкраіне, мела сталую працу, ніхто не казаў, што заўтра я мушу звальняцца і буду „свабодным мастаком“. Я спадзявалася, што ў мяне будзе нейкі больш-менш плаўны пераход. А потым здарылася другая вымушаная эміграцыя, у выніку якой я не магу працаваць цяпер лекарам, і маю выбар: ці станавіцца на доўгую дарогу пацьверджаньня мэдычнага дыплёму, усё гэта праходзіць яшчэ раз, ці спрабаваць асвоіць новую спэцыяльнасьць. Другі варыянт выглядае трошкі лепш», — кажа Лідзія Тарасенка.

Лідзія дадае, што ў праекце Women in Tech ёй падабаецца, што ўдзельніцам тлумачаць структуру і даюць агульнае бачаньне сфэры ІТ.

«Праект дае адказы на арганізацыйныя пытаньні, магчымасьць пагутарыць з іншымі людзьмі, якія прыкладна ў такой сытуацыі. Раяць пачынаць карʼеру людзі, якія ўжо прайшлі гэты шлях, у тым ліку якія ў сталым узросьце вырашылі зьмяніць прафэсію. То бок гэта такі штуршок, рок-н-рол зьмены прафэсіі, які дазваляе трымацца ў тонусе і не сыходзіць з вызначанага шляху, дадае ўпэўненасьці ў сабе. Гэта падтрымка і абʼяднаньне беларусак, якія паказваюць зноў і зноў і сабе, і адна адной, што мы можам рабіць файныя рэчы, што мы застаемся грамадзтвам, нацыяй дзякуючы такім праектам».

Удзельніцы канфэрэнцыі праекту Women in Tech

«Навошта табе ведаць, як працуе машына, ідзі лепш навучыся баршчы варыць»

Вольга (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) скончыла ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці псыхоляг. Яна хацела працаваць у гэтай сфэры, але давялося пераяжджаць у Польшчу. Тады Вольга вырашыла паспрабаваць сябе ў ІТ.

«Курс Women in Tech не адзіны, які я праходжу зараз, але ня менш важны. Я палічыла, што дакладна не перашкодзіць дазнавацца пра сфэру з розных крыніц. Мяне зачапіла арыентацыя менавіта на жанчын. Мне спадабалася, што, акрамя відэа-апавяданьняў пра асобную прафэсію, ёсьць заданьні асабіста для мяне. Акцэнт робіцца на разуменьні сваіх моцных бакоў і на тым, як гэта прыгожа аформіць у рэзюмэ, каб стаць годным увагі кандыдатам».

Навучаньне праходзіць лёгка, кажа Вольга, даецца дастаткова часу на хатняе заданьне.

«Выдатна, што ёсьць магчымасьць паспрабаваць сябе ў нейкай ролі, прафэсіі, ацаніць, наколькі гэта „тваё“, цікава ці не. У відэа — пра тое, якія патрэбныя веды для той ці іншай спэцыяльнасьці».

Вольга хоча стаць распрацоўніцай і цяпер займаецца вывучэньнем Java Script. Дзяўчына таксама дадае, што ў Беларусі жанчыны сутыкаюцца з стэрэатыпамі, зьвязанымі з ІТ.

«Гэта заежджаныя кружэлкі накшталт: „Навошта табе ведаць, як працуе машына, ідзі лепш навучыся баршчы варыць“. Гэта груба і перабольшана, але многім зь дзяцінства ўкладаюць думку пра тое, што ў некаторыя галіны нават няма сэнсу зазіраць, гэта не павінна быць у тваіх прыярытэтах. І многія не задумваюцца, што можна паспрабаваць сябе ў чымсьці іншым. Прасьцей пайсьці заежджанай сьцежкай, якой хадзілі ўжо тысячы чалавек. Далей перад жанчынамі можа ўстаць пытаньне аб сумяшчэньні працы і дзяцей. Увогуле ёсьць шмат нюансаў, якія заплюшчваюць нам вочы на сапраўдныя жаданьні і інтарэсы. Мы дарослыя людзі, усё ў нашых руках, нашых сілах».

«Мне казалі: „У цябе нічога не атрымаецца“»

Анастасія працавала бухгальтаркай у беларускім правінцыйным горадзе, потым разам з мужам пераехала ў Менск, дзе пачала кар’еру спэцыялісткі ў продажах.

«Гэта была праца, каб „стаць на ногі“, гэта ня тое, чым я хачу займацца ў сваім жыцьці. Год таму я пачала праглядаць розныя вэбінары і думаць, што ж усё ж такі „маё“. Муж прапанаваў мне паспрабаваць сябе ў ІТ. У выніку — куча тэстаў, я зразумела, што для мяне гэтая сфэра была б цікавай, а з увагі на свой досьвед бухгальтара я магла б паспрабаваць сябе ў бізнэс-аналізе. Я скончыла ІТ-курсы, цяпер вывучаю ангельскую і думаю, як знайсьці працу».

Сябры і блізкія Анастасію не падтрымлівалі.

«Мне казалі: „У цябе нічога не атрымаецца, бо трэба ведаць мовы, праграмаваньне. Ты што, дурная? Ты марнуеш час і грошы! Займайся продажамі!“ Пакуль сапраўды ёсьць вялікі страх, што ўсе вядучыя арганізацыі зьяжджаюць з краіны, застаюцца толькі лякальныя, кола для працы звужаецца».

«Каб не ісьці працаваць на завод, на склады, я ўчапілася за магчымасьць»

Удзельніцы праекту Алене 37 гадоў. Усё сьвядомае жыцьцё жанчына правяла ў Берасьці, але нядаўна разам з мужам і дзецьмі ёй давялося пераехаць у Польшчу.

«Пераезд быў не зусім заплянаваным, веданьне польскай мовы было павярхоўным, а каб уладкавацца на працу не за „мінімалку“, трэба ведаць мову нашмат глыбей. Таму, каб не ісьці працаваць на завод, на склады, я ўчапілася за магчымасьць, убачыўшы гэты курс. Перад выездам я пачала праходзіць ІТ-курсы тэставальніка, а калі мы пераехалі, я ўсё гэта закінула, бо былі праблемы зь легалізацыяй, школай, садком, мужавай працай, усё тады адышло на другі плян. Але цяпер трэба шукаць працу».

Алена кажа, што дзякуючы праекту Women in Tech пабачыла ў ІТ шмат розных прафэсіяў.

«Пасьля курсаў я спадзяюся ўвайсьці ў ІТ у якасьці тэставальніка або знайсьці нейкі стаж. І паколькі ў мяне яшчэ маленькія дзеці, было б лепш працаваць дыстанцыйна».

Алёна кажа, што жанчынам у Беларусі ўвогуле складана знайсьці добрую працу, і прыгадвае свой досьвед.

«Ёсьць нейкая столь: дырэктар — мужчына. А жанчына павінна працаваць на такой пасадзе, дзе можна хадзіць на бальнічныя, адпрасіцца, бо яе прызначэньне — гэта дом, сям’я і дзеці. Гэта навязвалася з часоў СССР, навязвалася нашымі бацькамі».

Удзельніцы канфэрэнцыі праекту Women in Tech

«Важна, каб хтосьці быў побач з табой, хто скажа: „Так, спакойна! Я гэта ўжо праходзіла“»

Ганна Самарская нагадвае, што апошнія пару гадоў для беларусак былі выключна складанымі.

«Women in Tech працуе з адной вельмі канкрэтнай праблемай: ня ўсе маюць магчымасьць лёгка і якасна рэалізавацца ў IT. Зь іншага боку, праект дае канкрэтныя і зразумелыя рашэньні, як займець гэтую ўстойлівасьць, як файна выбудаваць сваю карʼеру ў IT і ствараць выдатныыя прадукты, фінансава забясьпечваць сябе і сваю сямʼю. Хто, як ня мы, ведаем пра складанасьці, зь якімі сутыкаюцца ўдзельніцы! Важна, каб хтосьці быў побач з табой, хто скажа: „Так, спакойна! Я гэта ўжо праходзіла. Я раскажу табе пра свой досьвед і ты зможаш сама зразумець, як табе лепш зрабіць“».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Instagram зьявілася віртуальная сяброўка, зь якой беларускі могуць пагаварыць пра жаночыя справы. Расказваем пра новы праект
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы ўсё яшчэ не дайшлі да культуры догляду сябе». У Вільні адкрыўся праект пра жаночую анкалёгію