ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У больш чым 20 гарадах на трох кантынэнтах. Як беларусы ўшанавалі памяць Рамана Бандарэнкі. ФОТА, ВІДЭА
Забойства
Жыхар «плошчы Перамен», імаверны аўтар мурала «Дыджэі Перамен» Раман Бандарэнка выйшаў са свайго дому ўвечары 11 лістапада, калі на «Плошчы» пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі.
Паміж жыхарамі «плошчы Перамен» і тымі, хто зразаў стужкі, узьнік канфлікт. На зьнятых падчас тых падзей некалькіх відэароліках бачна, што Рамана Бандарэнку пачаў зьбіваць чалавек у белай спартыўнай вопратцы. Пасьля некалькі чалавек зацягнулі Рамана ў мікрааўтобус, падобны да тых, што выкарыстоўвалі сілавікі.
Па сьведчаньнях мясцовых жыхароў, бус, у якім знаходзіўся Раман, яшчэ некаторы час стаяў нездалёк ад «плошчы Перамен».
Ініцыятыва ByPol сьцьвярджае, што Бандарэнку затрымалі ў 22:19, а даставілі ў Цэнтральны РУУС толькі ў 22:58, хаця ад «плошчы Перамен» да пастарунку ехаць каля трох хвілін. Выданьне «Медиазона», прааналізаваўшы камэры відэаназіраньня, прыйшло да высновы, што мікрааўтобус з Бандарэнкам зьехаў з «плошчы Перамен» толькі ў 22:55.
У 0:05 12 лістапада Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную пацярпелага ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін. Удзень 12 лістапада Раман Бандарэнка памёр, не прыходзячы ў прытомнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не зьяўляецца магчымым вызначыць асобу». Генпракуратура прыпыніла справу аб забойстве Рамана БандарэнкіХто забіў Рамана Бандарэнку
Расьсьледаваньне сьмерці Рамана Бандарэнкі праводзіла ініцыятыва былых сілавікоў ByPOL. Паводле іх, на «плошчы Перамен» падчас канфлікту прысутнічалі наступныя асобы з блізкіх да беларускіх уладаў:
- Натальля Э.
- Дзьмітры Б.
- Алена К.
- Ганна Э.
- Дзьмітры Ш.
- Павал В.
- Жанэт В.
Якраз гэтыя людзі езьдзілі рэйдамі па Менску і зразалі стужкі ў многіх дварах.
А таксама група сілавой падтрымкі:
- Байцы САХР С., Ц., А., Б., С.
- Група АМАПу пад кіраўніцтвам Руслана К.
У расьсьледаваньні гаворыцца, што пасьля прымяненьня сілы Дзьмітрыем Ш. перад пагрузкай у мікрааўтобус САХРу Рамана Бандарэнку адзін з САХРаўцаў рэзка адпусьціў, так што ён ударыўся галавой аб зямлю. ByPol сьцьвярджае, што гэта быў Яўген Ц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ByPol расказаў новыя акалічнасьці падзеяў вакол сьмерці Рамана Бандарэнкі12 лістапада ў 7:54 дзяжурны АМАПу дакладае Дзьмітрыю Б., што амапаўцы забралі Бандарэнку зь мікрааўтобуса САХРу ўжо ў цяжкім стане. Празь дзьве хвіліны Дзьмітры Б. звоніць начальніку менскай міліцыі Міхаілу Г.: «Я думаю, там Шакута недзе прыклаўся». «Нашы яго і пальцам не краналі», — вынікае з апублікаванага ByPol запісу размовы.
ByPol робіць выснову, што група пад кіраўніцтвам Натальлі Э. пры падтрымцы САХРу ўступіла зь мясцовымі жыхарамі ў канфлікт, у якім адзначыўся Дзьмітры Ш. У выніку байцы САХРу схапілі Рамана Бандарэнку і празь нейкі час перадалі яго АМАПу ў цяжкім стане.
Што зрабілі ўлады
У пляне пошуку вінаватых у сьмерці маладога хлопца — нічога. Ад пачатку здарэньня ўлады пачалі хлусіць пра акалічнасьці трагедыі. Спачатку Сьледчы камітэт заявіў, што Раман Бандарэнка быў п’яны. Пасьля журналісты і мэдыкі абверглі гэта.
Трагедыю на «плошчы Перамен» МУС з самага пачатку ахарактарызавала як «канфлікт поглядаў»: адны вешаюць бел-чырвона-белыя стужкі, а іншыя, «неабыякавыя грамадзяне», спрабуюць «аднавіць парадак».
18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
17 верасьня 2021 году справу прыпынілі «з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».
Каго пакаралі ўлады
Крымінальныя справы ўлады заводзілі якраз на тых, хто спрабаваў данесьці праўду пра гібель Рамана Бандарэнкі.
13 лістапада на партале Tut.by быў апублікаваны артыкул, дзе на падставе мэдычных дакумэнтаў паведамлялася, што ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. 19 лістапада затрымалі аўтарку артыкула, журналістку Кацярыну Барысевіч, і лекара шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі Арцёма Сарокіна.
Кацярыне Барысевіч прысудзілі 6 месяцаў калёніі і штраф у 2900 рублёў, лекару Арцёму Сарокіну — два гады з адтэрміноўкай на год і штраф 1450 рублёў.
15 лістапада адбыўся марш-акцыя памяці Рамана Бандарэнкі. Сьпярша сілавікі жорстка разагналі дэманстрантаў каля мэтро «Пушкінская», а пасьля і каля мэмарыялу Раману Бандарэнку на «плошчы Перамен». Сотні чалавек былі затрыманыя, многіх пасьля адправілі на суткі.
43-гадовага архітэктара Вадзіма Дзьмітранка, які ўдзельнічаў у акцыі пратэсту на «плошчы Перамен» 15 лістапада, суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў 3 гадамі «хіміі».
Таксама сілавікі затрымалі журналістак Дар’ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву, якія вялі стрым з разгону акцыі ў памяць аб загінулым. Іх пакаралі двума гадамі калёніі. 7 красавіка 2022 году стала вядома, што Андрэевай выстаўлена новае абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве». Справу ў закрытым рэжыме 4 ліпеня 2022 году пачаў разглядаць судзьдзя Гомельскага абласнога суду Алег Харошка. 13 ліпеня ён прысудзіў Кацярыне 8 гадоў і 3 месяцы калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Дар’я Чульцова выйшла на свабоду ў верасьні 2022 году.
Сёлета 1 верасьня стала таксама вядома, што затрымалі сьвятара Ўладзіслава Багамольнікава, які служыў літыю па Раману Бандарэнку. Пяць разоў запар яму прызначалі новае адміністрацыйнае пакараньне — 15 сутак. Апошні суд над ім адбыўся 28 кастрычніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Героі і ахвяры «плошчы Перамен»Рэакцыя грамадзтва
Адразу пасьля трагічнай гібелі Рамана Бандарэнкі па ўсёй Беларусі прайшлі як адзіночныя, так і масавыя акцыі, людзі станавіліся ў ланцугі каля дарогі, аўтамабілісты падтрымлівалі іх гукавымі сыгналамі.
15 лістапада адбылася масавая акцыя ў ягоную памяць, якую ўлады жорстка разагналі. Вобраз Рамана Бандарэнкі ўвасобілі ў песьнях. Музыка Аляксандар Памідораў прысьвяціў яму песьню, якая называецца «Я выхажу!».
Пра стрым журналістак з акцыі ў памяць Рамана Бандарэнкі выйшаў фільм беларускай рэжысэркі Мары Тамковіч «На жыва».
Мурал «Дыджэі Перамен», аўтарам якога, верагодна, зьяўляецца Раман Бандарэнка стаў адным з сымбаляў беларускага пратэсту, яго аднавілі ў Вільні поруч з Беларускім домам. Таксама такі ж мурал зрабілі ў Беластоку.
Па сьведчаньнях мясцовых жыхароў, бус, у якім знаходзіўся Раман, яшчэ некаторы час стаяў нездалёк ад «плошчы Перамен».
ByPol робіць выснову, што група пад кіраўніцтвам Натальлі Э. пры падтрымцы САХРу ўступіла зь мясцовымі жыхарамі ў канфлікт, у якім адзначыўся Дзьмітры Ш. У выніку байцы САХРу схапілі Рамана Бандарэнку і празь нейкі час перадалі яго АМАПу ў цяжкім стане.