Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баскаў упершыню выказаўся наконт датычнасьці да забойства Рамана Бандарэнкі


Дзьмітры Баскаў
Дзьмітры Баскаў

Былы кіраўнік ФХБ, а цяпер сябра Савету Рэспублікі Дзьмітры Баскаў стаў героем шоў «Скажинемолчи» на адным зь дзяржаўных каналаў, дзе выказаўся пра ўласную дыскваліфікацыю і адказаў на ўскоснае пытаньне журналістаў аб датычнасьці да забойства мастака Рамана Бандарэнкі.

У інтэрвію з Баскавым гаворка зайшла пра яго адхіленьне і пяцігадовую забарону на хакейную дзейнасьць, вызначаную Міжнароднай фэдэрацыяй хакею за ціск на спартсмэнаў з палітычных матываў, а таксама магчымае дачыненьне да забойства Рамана Бандарэнкі восеньню 2020 году.

Баскаў назваў гэта «нейкай справай на падставе нейкіх незразумелых і нелягічных лістоў ад зноў жа незразумелых нейкіх там фондаў».

«Рашэньне сысьці было спантанным, але вымушаным у той момант. Дысцыплінарны Камітэт IIHF цягам паўгода спрабаваў расьсьледаваць нейкую справу ў дачыненьні да мяне на падставе нейкіх незразумелых і нелягічных лістоў ад зноў жа незразумелых для мяне нейкіх там фондаў спартыўных або салідарных [Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці], я нават не хачу іх наогул называць.

Гэта было нечаканым для мяне, таму што я ўсё ж такі думаў, што здаровы сэнс пераможа, і тыя абвінавачваньні, якія былі на мой адрас ад гэтых фондаў ці некага там яшчэ, яны зусім неабгрунтаваныя.

Я нармальны грамадзянін сваёй краіны, я езьдзіў на аўтапрабегі, закон не парушаў, і няма ніводнага ні юрыдычнага, ні нейкага іншага пацьверджаньня таго, што я рабіў нешта супрацьзаконнае або няправільнае», — сказаў Баскаў.

Выказаўся Баскаў і пра прыезд кіраўніка Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэля ў Менск у 2020 годзе.

«Ён спэцыяльна некалькі дзён правёў у Менску, прыйшоў тады да мяне і сказаў: «Паслухай, я ўсё ўбачыў, усё ў парадку, краіна квітнее, разьвіваецца, дзеці гуляюць, моладзь усьміхаецца. Але сьвет зьехаў з глузду», — перадаў словы Фазэля Баскаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG