Сьледчыя Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ідэнтыфікавалі прынамсі 18 расейскіх вайскоўцаў, якія рабавалі дамы ўкраінцаў у Бучы і Бучанскім раёне Кіеўскай вобласьці і потым адпраўлялі выкрадзеныя рэчы ў пасылках дадому з мазырскага аддзяленьня экспрэс-пошты СДЭК.
Гэта вынікае з двух судовых рашэньняў, апублікаваных у Дзяржаўным рэестры Ўкраіны аб завочным арышце яшчэ чатырох падазраваных — двух вайскоўцаў Фэдэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі, і па адным з 46-га кулямётна-артылерыйскага полку, які нібыта дысьлякаваўся ў паселішчы Лагуннае Паўднёва-Курыльскага раёну Сахалінскай вобласьці, і 56-га гвардзейскага дэсантна-штурмавога данскога казачага полку з дысьлякацыяй у Феадосіі (анэксаваны Расеяй Крым).
Абвешчаны міжнародны вышук усіх гэтых расейскіх вайскоўцаў. Іх абвінавачваюць у парушэньні законаў і звычаяў вайны згодна з ч.1 арт. 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. Злачынства караецца пазбаўленьнем волі ад 8 да 12 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі Гаюн»: расейскія салдаты вывозяць зь Беларусі скрадзеныя ва ўкраінцаў машыны і скупляюць золатаШто было ў пасылках
- Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, адзін з нацыянальных гвардзейцаў адправіў пасылку вагою 60 кіляграмаў у Бірабіджан. У пасылцы былі шліфавальная машынка Vega V6-1050, бэнзапіла Stihl, параачышчальнік Karcher, ноўтбук Lenovo, блендэр Bosch, набор рондляў, каўнік, шэсьць вудаў і два сьпінінгі.
- Другі расейскі нацыянальны гвардзеец адправіў 20-кіляграмовую пасылку ў Маскву. У ёй былі: электрычны гэблік Sturm, шліфавальная машынка «Зенит», сеткавы дрыль «Дніпро», пляншэт Samsung, электрапіла, генэратар Sturm, дзьве бэнзапілы Einhell, адзеньне, касмэтыка, матрац двухспальны, ноўтбук Lenovo.
- Вайсковец з 46-га кулямётна-артылерыйскага полку адправіў пасылку вагою 3,8 кіляграма ў горад Рубцоўск Алтайскага краю. У ёй былі мэталяшукальнік Gareth Ace 250, бэнзапіла Husqvarna 64, пляншэт Lenovo, машынка стрыгчы, аўтамабільны тэлевізар, прылада заточваць інструмэнты.
- Вайсковец з 56-га гвардзейскага дэсантна-штурмавога данскога казацкага полку адправіў у Рубцоўск Алтайскага краю найбольшую пасылку — яна важыла 150 кіляграмаў і ўтрымлівала: пляншэт Apple iPad 10.2, пляту да кампутара MSI Z270-A PRO, відэакарту да кампутара Gigabyte Geforce GTX1080, пляту ASRock FM2A55H-D6S, блёк сілкаваньня да кампутара Chieftec, працэсар Intel Core76700K, гульнёвую прыстаўку Sony Play Station 4 Slim 1TB і кантролеры да яе, тачку двухколавую Forte, LED-УФ лямпу для пазногцяў Global Fashion 36W Power 15 Leds, прас для валасоў Grunhelm GHC-722T, музычную калёнку Divoom Voombox Outdoor, машынку стрыгчы валасы Panasonic ER-GB60-k, шліфавальную машынку Forte AG-8-125, набор інструмэнтаў Haisser, акумулятарную зашрубку Forte CDL1215-2B2, зварачны апарат Kaiser MMA-300 HomeLine, жаночую дублёнку з натуральнага футра, два газавыя побытавыя балёны Novogas, прылады заточваць інструмэнты Forte CD-120 і "Forte CT3-3100, шматпрофільны інструмэнт Multi Tool Forte MG 17218.
Гэтыя рэчы расейскія вайскоўцы выкралі з дамоў жыхароў вёскі Бліставіца Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Медиазона»: Дзьве траціны пасылак ад расейскіх вайскоўцаў, адпраўленых з Мазыра 1 і 2 красавіка, не дайшлі да адрасатаўРасейцы выкралі ў украінцаў ня менш як 58 тон рэчаў
Сёлета ў траўні СМІ паведамлялі, што расейская кур’ерская служба дастаўкі СДЭК за час вайны ва Ўкраіне адгрузіла з пунктаў адпраўкі паблізу ўкраінскай мяжы ня менш як 58 тон пасылак. Іх адпраўлялі людзі ў вайсковай форме — расейскія вайскоўцы або вайскоўцы сэпаратысцкіх утварэньняў на ўсходзе Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мапа марадэраў ад Калінінграду да Ўсурыйску. Што і куды расейскія салдаты перасылаюць з Мазыра і Навазыбкава. ФОТАПік адгрузак прыпаў на пачатак красавіка — менавіта тады расейскія войскі адступалі з Кіеўскай вобласьці і з поўначы Ўкраіны. Украінскія сьледчыя ідэнтыфікуюць датычных да рабаваньня расейскіх вайскоўцаў на падставе відэаматэрыялаў, апублікаваных у СМІ.
У красавіку ўкраінскія сьледчыя назвалі адно прозьвішча нібыта расейскага вайскоўца, які адпраўляў пасылку з аддзяленьня СДЭК у Мазыры і меў дачыненьне да расстрэлу мірных жыхароў Бучы. Ім выявіўся мазыранін Сяргей Калацэй, які запэўніваў, што ён грамадзянін Беларусі, і зьняпраўджваў агучаныя сьледзтвам абвінавачаньні. У жніўні стала вядома, што праваахоўныя органы паўторна правяраюць факт службы Сяргея Калацэя ў расейскіх войсках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія вайскоўцы за тры месяцы вайны ва Ўкраіне адправілі 60 тон пасылак ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне паўторна правяраюць факт службы ў расейскіх войсках беларуса Сяргея Калацэя, якога падазраюць у забойствах у БучыВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.