Найбольшы трафік такіх машын на беларускіх дарогах быў зафіксаваны 5 красавіка, ужо пасьля пачатку адступленьня войскаў Расеі з тэрыторыі Ўкраіны.
У раёне 06:00 5 красавіка маніторынгавая каманда «Беларускі Гаюн» зафіксавала буйную калёну тэхнікі Ўзброеных сіл РФ, якая рухалася ад Гомля ў кірунку мяжы Беларусі зь Расеяй. У калёне, акрамя вайсковай тэхнікі, перасоўваліся як легкавыя, так і грузавыя цывільныя аўтамабілі без нумароў і з апазнавальным знакам «V». Сярод грузавых машын заўважылі брэндаваны лягатыпам украінскай гандлёвай маркі «Гаўрылівські курчата». На аўтамабіль украінскай кампаніі «Комплекс Аграмарс», якой і належыць гэты брэнд, былі нанесены апазнавальныя знакі «V», а ўкраінскія дзяржаўныя нумары адарваныя.
Паралельна з гэтым маніторынгавая група праекту «Беларускі Гаюн» стала атрымліваць усё больш паведамленьняў ад жыхароў Украіны з просьбай знайсьці іхныя аўтамабілі, якія скралі расейскія салдаты-марадэры з часова акупаваных тэрыторый. Група адзначае, што гэта інфармацыя можа сьведчыць пра тое, што сярод машын з апазнавальнымі знакамі «V», заўважаных у Беларусі, пэўна, ёсьць і ўкрадзеныя ва ўкраінскіх грамадзян.
«Беларускі Гаюн» апублікаваў фота цывільных аўтамабіляў з апазнавальнымі знакамі «V», якія ішлі з боку Ўкраіны ўглыб тэрыторыі Беларусі і якія ўдалося зафіксаваць, разам з фота машын. У падборцы 12 аўтамабіляў:
- чатыры Mitsubishi L200: адзін белага, адзін сіняга і адзін чорнага колераў, усе прыкладна 2020 году выпуску;
- белы Ford Transit прыкладна 2015 году выпуску;
- серабрыстая Honda Accord прыкладна 2009 году выпуску, VIN-код: HMCU2600BC202866;
- белая Kia Sportage прыкладна 2018 году выпуску;
- чорны BMW X5 M, прыкладны год выпуску — 2015;
- вішнёвы Nissan Rogue, прыкладны год выпуску — 2018;
- чорная Toyota Highlander, прыкладны год выпуску — 2020;
- чорны зь белым капотам Mitsubishi Pajero прыкладна 2007 году выпуску;
- белы Great Wall Wingle 5 прыкладна 2012 году выпуску.
Як паведамляе праект, пасьля публікацыі матэрыялу зь імі зьвязаўся ўладальнік Mitsubishi Pajero чорнага колеру зь белым капотам і пацьвердзіў, што гэта ягоная машына. Па словах чалавека, аўтамабіль выкралі з Кіеўскай вобласьці яшчэ 29 сакавіка. Апошні раз машыну бачылі ў Рэчыцы 6 красавіка.
Акрамя скрадзеных украінскіх аўтамабіляў, пра факты марадэрства салдатамі Узброеных сіл РФ гавораць і іншыя рэчы, адзначае «Беларускі Гаюн». Да прыкладу, у Хойніках расейскія вайскоўцы спрабавалі абмяняць пачкі грыўняў, на што, па словах мясцовых жыхароў, атрымалі адказ: «У гэтым банку няма такой опцыі, мяняйце ў Мазыры», аднак у іншых банках ім грошы ўсё ж памянялі.
Паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў у Беларусі, на гэтыя грошы расейскія вайскоўцы купляюць у Беларусі тэхніку і ежу. Шмат вайскоўцаў сталі апошнім часам заўважаць у гандлёвых цэнтрах «Катапульта» і «Баброўскі» ў Мазыры (Гомельская вобласьць). Па словах мясцовых жыхароў, салдаты скупляюць тэхніку ў крамах электронікі і золата ў ювэлірных крамах, куды яны ходзяць на закупы групамі па 6-10 чалавек.
Можна дапусьціць, што салдаты проста жадаюць зэканоміць і купіць нейкія рэчы таньней, чым у Расеі, але гэтая вэрсія, як адзначае «Беларускі Гаюн», ідзе ў разрэз з мноствам паведамленьняў мясцовых жыхароў аб паводзінах расейцаў і тратах расейскіх вайскоўцаў у беларускіх забаўляльных установах, барах і клюбах. Мясцовыя жыхары кажуць, што ў такіх месцах у прымежных раёнах Гомельскай вобласьці вайскоўцаў цяпер больш, чым звычайных людзей.