Амністыя-2022: Што пайшло ня так

Турма на вуліцы Валадарскага ў Менску

Прыняцьцё закону аб амністыі, першапачаткова прымеркаванай да 17 верасьня, беспрэцэдэнтна зацягваецца

Сьцісла

  • Раней таксама часам амністыю абвяшчалі пазьней за памятную дату, да якой яна была прымеркаваная, але ніколі раней гэта не рабілася так позна, як сёлета.
  • У 2020 годзе пасьля прадстаўленьня закону аб амністыі ў Палату прадстаўнікоў праз 13 дзён Лукашэнка падпісаў адпаведны прыняты закон.
  • Сёлета з моманту прадстаўленьня законапраекту ў Палату ўжо мінула больш за 2 тыдні.
  • Амністыя, якую абвясьцілі прымеркаванай да афіцыйнага сьвята — Дня народнага адзінства, калі і адбудзецца, то пасьля іншага афіцыйнага сьвята — Дня кастрычніцкай рэвалюцыі.
  • Выглядае, што ўлады вялі торг з Захадам, на якія саступкі той гатовы ў абмен на вызваленьне палітвязьняў па амністыі.
  • З прычыны перамоваў наконт гэтага адбылося зацягваньне тэрмінаў прыняцьця закону аб амністыі.
  • Паколькі Захад адмовіўся ад угоды, беларускія ўлады вырашылі не распаўсюджваць амністыю на палітвязьняў.

А нешта відавочна пайшло ня так, — прынамсі, паводле прэцэдэнту.

6 верасьня Аляксандар Лукашэнка правёў нараду, на якой абвясьціў пра амністыю да новага сьвята — Дня народнага адзінства. Ён заявіў, што пад амністыю могуць падпасьці і асобы, якія ўчынілі злачынствы «пратэставай накіраванасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бандыты і экстрэмісты ня з гэтай сэрыі». Лукашэнка правёў нараду аб амністыі і пазбаўленьні грамадзянства тых, хто «ўцёк за мяжу»

Аднак амністыя не была абвешчаная ні напярэдадні 17 верасьня, ані неўзабаве пасьля гэтай даты. І раней амністыі, прымеркаваныя да сьвятаў і памятных датаў, абвяшчаліся пазьней за гэтыя самыя даты — у 2019 годзе закон аб амністыі, прымеркаванай да вызваленьня Менску ад нацысцкай акупацыі, быў прыняты на 16 дзён пазьней за 4 ліпеня; у 2020 годзе амністыя, прымеркаваная да Дня Перамогі, была абвешчаная на 9 дзён пазьней за 9 траўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму не было амністыі? Тлумачэньне

Паводле аналёгіі я меркаваў, што адпаведны закон сёлета будзе прыняты ў верасьні-кастрычніку.

Але адклад аказаўся даўжэйшы. Толькі 12 кастрычніка быў апублікаваны законапраект аб амністыі. Паводле дакумэнту, яна не закране ільвіную долю палітвязьняў: усе «палітычныя» артыкулы Крымінальнага кодэксу паводле законапраекту не падпадаюць пад амністыю.

21 кастрычніка законапраект быў афіцыйна прадстаўлены ў Палату прадстаўнікоў. Але не прыняты ён дагэтуль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па амністыі на волю выйдуць 1985 чалавек

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў закон аб амністыі

У 2020 годзе законапраект аб амністыі ў Палаце прадстаўнікоў тагачасны кіраўнік МУС Юры Караеў прадстаўляў 5 траўня. А праз два тыдні — 18 траўня — Аляксандар Лукашэнка ўжо падпісаў закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі.

Недарэчнасьць сёлетняй сытуацыі з законам аб амністыі палягае яшчэ і ў тым, што першапачаткова ён быў прымеркаваны да афіцыйнага сьвята — Дня народнага адзінства, якое адзначаецца 17 верасьня. Але закон ня быў прыняты і да наступнага, таксама афіцыйнага сьвята — Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Амністыя, прымеркаваная да аднаго афіцыйнага сьвята, якая адбываецца пасьля наступнага афіцыйнага сьвята — гэта выглядае неяк дзіўна. Хоць, зразумела, калі б гэта было самае вялікае дзіва, якое ўчыняе беларуская ўлада, дык Беларусь была б адной з самых шчасьлівых краінаў.

Але менавіта дыктатарскія рэжымы вельмі часта пунктуальна трымаюцца пустых фармальных працэдураў.

У дадзеным выпадку пазьбегнуць недарэчнасьці не палічылі патрэбным.

У чым прычына?

Зьвяртае на сябе ўвагу заява Лукашэнкі, зробленая 23 верасьня падчас наведваньня Хатыні.

Камэнтуючы параўнаньне будучай амністыі з палітычным торгам з Захадам, ён сказаў: «Я не таргуюся людзьмі. Я ніколі так не рабіў і рабіць не зьбіраюся. Таму ніякага торгу ня будзе. Я ня буду таргавацца, нават калі за гэтым будзе нейкая выгада. Я ніколі не пайду на гэта. Але там, дзе можна пайсьці на нейкі кампраміс, трэба ісьці. Гэта ж нашае грамадзтва, яны рана ці позна ўсё роўна выйдуць», — сказаў ён. Паводле ягонай тагачаснай заявы, на свабоду па амністыі выйдуць адзінкі палітвязьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтая амністыя — не для палітвязьняў. Чаканьні людзей ня спраўдзіліся», — кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту

Словы прадстаўнікоў беларускай улады маюць патрэбу ў перакладзе на звычайную мову. Калі Лукашэнка кажа, што ён ніколі не таргаваўся людзьмі, то гэта проста няпраўда. Вызваленьне палітвязьняў у 2008 і 2015 гадах было менавіта такім торгам, свабода палітвязьням у абмен на паляпшэньне адносінаў з Захадам.

Ну, а калі ён кажа, што і зараз таргавацца людзьмі ня будзе, то ў перакладзе гэта азначае, што менавіта гэта ён і рабіў, дакладней, спрабаваў зрабіць. Мяркуючы па ўсім, Захаду была зробленая прапанова: вызваленьне часткі палітвязьняў у абмен на зьмякчэньне санкцыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паралельная дыпляматыя. Пра што сьведчаць заявы Макея ў кулюарах ААН

Адной з пляцовак гэтых перамоваў магло стаць пасяджэньне Генэральнай асамблеі ААН напрыканцы верасьня. У ім узяў удзел міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей. Паводле яго словаў, на асамблеі ў яго былі перамовы з калегамі з заходніх краінаў. Амністыя і вызваленьне палітвязьняў маглі быць тэмамі гэтых канфідэнцыйных гутарак.

Але Захад, выглядае, угоды не прыняў. Ён быў бы гатовы вітаць вызваленьне часткі, а тым больш усіх беларускіх палітвязьняў, але гатоўнасьці рабіць колькі-небудзь сур’ёзныя крокі насустрач ня выказаў. Да беларускай улады Захад мае шмат рахункаў, і ня толькі за палітвязьняў, за парушэньне правоў чалавека, але і за пагрозы міжнароднай бясьпецы — захоп самалёта Ryanair, штучны мігранцкі крызіс, саўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Найбольш сурʼёзныя, жорсткія санкцыі ўводзіліся менавіта за гэтыя пагрозы міжнароднай бясьпецы. Здымаць іх у абмен на вызваленьне палітвязьняў палічылі немэтазгодным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік ЭЗ пра Лукашэнку: «Ён крыніца і прычына ўсіх праблем, якія ёсьць у Беларусі»

Але беларуская ўлада паспрабавала, запусьціла пробны шар. Намёкі Лукашэнкі на нарадзе наконт амністыі 6 верасьня і былі запускам гэтага пробнага шара. Зацягваньне з амністыяй, адкладаньне тэрміну яе прыняцьця таксама ўскосна сьведчыць пра тое, што быў патрэбны час для адпаведных перамоваў, для высьвятленьня, на што гатовы Захад і ў абмен на што.

Ня выключана, што нейкі дыялёг з Захадам наконт гэтага працягваецца нават цяпер. Бо нечым жа тлумачыцца беспрэцэдэнтнае зацягваньне з прыняцьцём закону аб амністыі.

Ну, а каток рэпрэсій тым часам працягвае каціцца, душачы ўсё новых і новых ахвяраў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.