Аляксандар Лукашэнка 18 траўня падпісаў закон аб амністыі ў сувязі з 75-годзьдзем перамогі ў Другой усясьветнай вайне, піша БелТА. Ад адказнасьці вызваляць больш за 5000 асуджаных.
Ад розных відаў пакараньня вызваляць 5372 чалавек. 1985 зь іх выйдуць на волю з калёніяў. Таксама ў межах амністыі 6400 чалавек атрымаюць скарачэньне тэрміну зьняволеньня на 1 год.
Амністыя датычыць у першую чаргу непаўналетніх, цяжарных, жанчын і мужчын, якія маюць на ўтрыманьні непаўналетніх, а таксама пэнсіянэраў, інвалідаў і іншых.
Амністыя закране асуджаных за карупцыйныя злачынствы, а таксама непаўналетніх, асуджаных паводле частак 4 і 5 «наркатычнага» 328 артыкула КК. Пры гэтым карупцыянэраў яна закране толькі ў тым выпадку, калі яны кампэнсуюць нанесеную дзяржаве шкоду.
Прадстаўляць законапраект у Палату прадстаўнікоў прыехаў асабіста міністар унутраных спраў Беларусі Юры Караеў.