Другога лістапада 2022 году ў Беларусі ўпершыню за прыкладна 70 гадоў зьявілася спартовае мэдыя на беларускай мове. Ім стала «Трыбуна» (сайт by.tribuna.com/be — РС).
Першым яшчэ на пачатку 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя быў «Фізкультурнік Беларусі», але беларуская мова ў гэтай газэце пратрымалася ўсяго некалькі гадоў. Зараз выданьне называецца «Спортивная панорама» і выходзіць па-расейску. Кіраўнік «Трыбуны» Максім Беразінскі ў размове са Свабодай паабяцаў, што беларуская мова ў спартовай журналістыцы цяпер надоўга.
«Запыт на беларускую мову павялічыўся»
«Гэта не рэдызайн і не пераклад, — кажа Максім Беразінскі. — Мы пераехалі на новую плятформу. Гэта было патрэбна зь некалькіх прычынаў. На старой плятформе было немагчыма запусьціць беларускую вэрсію. Таксама там існавала некалькі тэхнічных праблем, якія было складана вырашыць. Таму гэты пераезд, з аднаго боку, праз жаданьне рабіць двумоўны сайт, а з другога, — вымушаная мера. Пераяжджаць было прасьцей, чым магло б быць, бо ва Ўкраіне мы ўжо пераехалі, адпрацавалі там нейкія крокі».
Па словах Беразінскага, стварыць вэрсію сайту на беларускай мове ў «Трыбуне» вырашылі не ў адзін момант. Такія размовы сярод кіраўнікоў праекту раз-пораз узьнікалі, але то не было магчымасьці, то яшчэ нешта перашкаджала.
«У дадатак было складана фінансава, — кажа Беразінскі. — Мы працавалі ў плюс, мелі камэрцыйныя праекты, але пашыраць рэдакцыю не маглі. Мы заўсёды працавалі на свае грошы, гэта таксама трэба было ўлічваць. А яшчэ адна мова — гэта больш людзей, якія робяць тыя самыя навіны, напрыклад. Але мы пабачылі, што запыт на беларускую мову павялічыўся, шмат людзей намагаюцца перайсьці на яе. І для нас важна зрабіць, каб беларуская мова не была ў своеасаблівым гета. Калі ўсё па-расейску, але ёсьць, умоўна, тры публікацыі па-беларуску».
Беразінскі прызнаецца, што знаёмы зь меркаваньнем, што беларускамоўныя тэксты ў СМІ набіраюць менш праглядаў, чым расейскамоўныя. Мэдыямэнэджар кажа, што гэта збольшага сіла звычкі. Калі чытачы, заходзячы на тую ж «Трыбуну» бачаць усё па-расейску, то яны і чытаць там будуць пераважна расейскамоўныя публікацыі.
«Таму ў нас адна з задач была — зрабіць паўнавартасны беларускамоўны сайт, — гаворыць Максім. — З інтэрфэйсам па-беларуску, з кантэнтам. Будзем глядзець, як на гэта адрэагуе аўдыторыя. Па тых апытанках, якія мы рабілі да пераезду на новую плятформу, 50-60% нашых чытачоў былі гатовыя перайсьці на беларускую мову. Паглядзім, як гэта будзе на справе. Але нам здаецца, што вось праз такія нішавыя праекты можна рабіць мяккую беларусізацыю. Калі ты цікавісься спортам, калі ты маеш сваю ўлюбёную каманду і можаш чытаць пра яе па-беларуску, то гэта дапаможа ўспамінаць мову, пашырыць слоўнікавы запас».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядучы спартовы сайт Беларусі «Трыбуна» зрабіў паўнавартасную вэрсію на беларускай мове«На беларускамоўныя вакансіі адгукнулася значна больш людзей, чым на расейскамоўныя»
Максім Беразінскі таксама гаворыць, што рэдакцыя «Трыбуны» паставіла перад сабой пытаньне, што яна можа зрабіць для Беларусі як мэдыярэсурс. Адным з адказаў стала пашырэньне беларускай мовы, публікацыя якасных беларускамоўных тэкстаў.
«Мы гэтым будзем займацца, — кажа Беразінскі. — Будзем выдаткоўваць сродкі на пашырэньне беларускай мовы. Нам здаецца, гэта важная гісторыя тут і цяпер. З улікам таго, што адбываецца ў Беларусі. Ва ўсім сьвеце кажуць зараз пра кэнсэлінг (адмаўленьне, закрыцьцё. — РС) расейскай культуры. Але ў Беларусі адбываецца кэнсэлінг беларускай. Вось якая праблема. Для нас гэта важная гісторыя. Спадзяюся, яна стане прыкладам для іншых нішавых сайтаў».
Да пераходу на беларускую мову рэдакцыя «Трыбуны» рыхтавалася загадзя. На працягу некалькіх месяцаў у стужцы навінаў зьяўляліся абвесткі аб пошуку рэдактараў навінаў на беларускай мове, спэцыялістаў у сацыяльных сетках. Вынікі зьдзівілі кіраўніцтва сайту.
«Водгукаў на абвесткі для беларускамоўных рэдактараў было значна больш, чым на прапановы працы на расейскай мове, — прызнаецца Максім Беразінскі. — Для нас гэта стала сюрпрызам. Шмат людзей напісалі, што гатовыя дапамагаць нават без заробку. Для іх было важна, каб пра спорт пісалі па-беларуску. Былі гатовыя дапамагаць хто чым можа. Гэта стала прыемнай нечаканасьцю для нас. Мы пабачылі, што людзі ня толькі хочуць пачытаць пра спорт па-беларуску. Яны гатовыя траціць на гэта свой час і нечым дапамагаць».
Беразінскі расказвае, што ў выніку рэдакцыя сабрала каля 20 рэзюмэ. Гэта вельмі добры паказчык, бо з улікам статусу (6 жніўня 2021 году суд Чыгуначнага раёну Віцебску паводле матэрыялаў абласнога ўпраўленьня ГУБАЗіК вынес рашэньне аб прызнаньні сайта Тribuna.сом і яго акаўнтаў у сацыяльных сетках і мэсэнджарах экстрэмісцкімі. — РС) «Трыбуне» зараз усё цяжэй і цяжэй набіраць новых супрацоўнікаў.
«Вядома, будуць памылкі, — кажа Беразінскі. — Мая беларуская таксама недасканалая. Будзем вучыцца разам. У нас няма і ніколі не было карэктараў. Спадзяюся, нашыя чытачы будуць дапамагаць выпраўляць памылкі. Яны будуць тысячамі нашых карэктараў. Будзем рухацца ў гэты бок, з часам нашая мова стане больш дасканалай, усе ў рэдакцыі пачнуць размаўляць і пісаць на ёй лепш».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяжка сымпатызаваць спартоўцам, якія ўхваляюць катаваньне сваіх суайчыньнікаў», — галоўны рэдактар «Трыбуны»«Ставім мэту, каб палова старонак на сайце чыталі па-беларуску»
Беларускім на новай вэрсіі сайта «Трыбуны» стаў інтэрфэйс, па-беларуску публікуюцца навіны, вынікі матчаў, анонсы. Перакладаюцца таксама іншыя публікацыі. Мова вялікіх аўтарскіх матэрыялаў пакуль застанецца такой, якую выбраў аўтар. Гэта адзінае, што пакуль ня будзе перакладацца. У выніку беларускія тэксты будуць зьяўляцца і ў расейскамоўнай вэрсіі. Акрамя гэтага, Беразінскі абяцае значна больш пастоў па-беларуску ў сацсетках рэдакцыі. Раней «Трыбуна» практыкавала там адзін беларускамоўны дзень на тыдзень.
«За дзень з моманту запуску беларускамоўнай вэрсіі яшчэ ніхто нам не напісаў з прэтэнзіямі, навошта мы гэта зрабілі, — кажа Максім Беразінскі. — Мне здаецца, сёньня кожны, хто мае галаву на плячах, разумее важнасьць гэтай гісторыі. Нам трэба займацца беларускай мовай, беларускай гісторыяй, ідэнтычнасьцю, каб мы маглі гаварыць пра нейкую будучыню».
Адразу пасьля запуску беларускамоўнай вэрсіі «Трыбуны» каля 35% старонак, якія праглядзелі на сайце карыстальнікі, былі беларускамоўнымі. Гэта таксама стала нечаканасьцю для журналістаў і рэдактараў, Беразінскі прызнаецца, што чакаў толькі каля 25%. Але гэта таксама значна ніжэй, чым колькасьць праглядаў украінскіх старонак на ўкраінскай вэрсіі «Трыбуны». Там яна зараз складае 85-90%.
«Але для Беларусі і гэта добры паказчык, — кажа Максім. — Калі мы зможам бачыць рост, то гэта будзе добрая гісторыя. Мы будзем ставіць для сябе мэту, каб палова старонак на сайце чыталася па-беларуску. Гэта будзе посьпехам і для нас, і для краіны, якую трэба зараз захаваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАК апублікаваў відэа пра найвялікшых гімнастак сьвету, не ўключыўшы туды 4-разовую алімпійскую чэмпіёнку беларуску Корбут