На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі эканаміст Андрэй Маўчан.
Сьцісла
- Асноўнымі фактарамі газавага крызісу ў Эўропе былі сусьветная інфляцыя і выхад Расеі з газавага рынку Эўропы.
- Эўропа на 15% скараціла спажываньне газу. Часткова яна скампэнсавала скарачэньне паставак газу з РФ пастаўкамі з ЗША, Вялікай Брытаніі і Нарвэгіі.
- Каб пазбавіцца ад залежнасьці ад расейскага газу, Эўропе спатрэбяцца два гады, калі ўсё пойдзе так пасьпяхова, як ідзе.
- У любым выпадку ня будзе сытуацыі, што людзі ў Эўропе будуць паміраць ад холаду.
- Падчас ковіду ўрады Эўропы раздалі людзям зашмат грошай, і цяпер мы перажываем наступствы гэтага.
- Але той досьвед паказаў, на што Эўропа здольная.
- Цяперашнія падзеі ў эканоміцы заходніх краін нават грэх называць крызісам. Нічога асабліва страшнага не адбываецца.
— На пачатку году цана газу ў Эўропе складала прыкладна 1000 даляраў за тысячу кубамэтраў. У жніўні яна ўзьляцела да 3500 даляраў, увосень — гэтак жа рэзка ўпала, на 1 лістапада яна складала 1273 даляры. У чым прычына гэтых скачкоў: гэта вынік імкненьня Эўропы скараціць энэргетычную залежнасьць ад РФ, вынік расейскага энэргетычнага шантажу, вынік нечага іншага?
— Варта параўнаць гэтыя ваганьні з ваганьнямі цаны на нафту. Да 2008-га цана на нафту ўзьнімалася да 120 даляраў за барэль, потым падала да 27 даляраў, потым узьнімалася да 110 даляраў, у 2014 годзе зноў падала да 50 даляраў, потым ізноў узьнімалася. У разгар пандэміі ў пэўны момант амэрыканскія ф’ючарсы мелі адмоўную цану — мінус 30 даляраў. Пасьля 24 лютага 2022 году цана на нафту павялічылася, потым ізноў упала.
Нешта падобнае адбываецца і з цаной на газ. Усе любяць тлумачыць графікі дынамікі гэтых цэнаў. Але правільнае тлумачэньне — што дынаміка гэтых цэнаў тлумачыцца сукупнасьцю фактараў, у тым ліку і перасьцярогамі, магчымасьцямі сховішчаў і транзыту і г.д.
Калі мы гаворым пра рост цаны на газ сёлета летам у тры разы, то асноўнымі фактарамі былі сусьветная інфляцыя і выхад Расеі з газавага рынку Эўропы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як праваліўся расейскі газавы шантаж Эўропы і што гэта азначае для БеларусіЦана газу ў Эўропе тады вельмі істотна адрозьнівалася ад цаны ў ЗША, яна і цяпер адрозьніваецца. Гэта была цана страху. Потым пачало прыходзіць разуменьне, што сховішчы запоўненыя і выжыць можна.
Але ўзьнікла новая перасьцярога — што газу ў сховішчах акажацца зашмат. Яго і сапраўды аказалася шмат, таму цана ўпала і, магчыма, яна і далей будзе падаць.
На гэта накладаецца страх рэцэсіі, той чыньнік, што эўрапейскія эканомікі занадта эфэктыўна скарачаюць спажываньне газу.
Калі лістапад будзе цёплы, а зімовыя месяцы — халодныя, то мы зможам убачыць новы рост цаны на газ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз скарачае залежнасьць ад расейскага газу значна хутчэй, чым чакалася— На пачатку году прыводзіліся дадзеныя, што доля імпарту з РФ складае 40% агульнага газавага спажываньня Эўропы. Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен нядаўна паведаміла, што доля Расеі ў газавым спажываньні ЭЗ зьнізілася да 7%. За кошт чаго ЭЗ скампэнсаваў гэтую розьніцу ў траціну спажываньня? За кошт імпарту зь іншых краінаў сьвету ці за кошт скарачэньня спажываньня газу?
— Прыкладна 15% — гэта скарачэньне спажываньня газу. Рэшта ў 18% дзеліцца паміж павелічэньнем імпарту звадкаванага газу, у асноўным з ЗША, і пераразьмеркаваньнем паміж атрыманьнем і спажываньнем.
Цяжар для насельніцтва аказаўся розны ў розных краінах. Гэта залежала ў тым ліку і ад долі газу ў энэргаспажываньні той ці іншай краіны. Скажам, у Чарнагорыі людзі проста не заўважылі гэтага крызісу, бо там у асноўным выкарыстоўваецца свой вугаль. А ў Італіі цэны вельмі істотна вырасьлі, бо яна вельмі залежыць ад газу. У Нямеччыне таксама высокая залежнасьць ад газу, асабліва ў прамысловасьці.
Цэны на энэргію на год-паўтара вырасьлі недзе ў 2,5 раза. Калі гаварыць пра апошнія 6 месяцаў, пра так званы «расейскі цыкль», то цэны на энэргію вырасьлі на 25–30%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зімовыя запасы газу ў Нямеччыне дасягнулі амаль 100% аб’ёму— Цяпер сховішчы ў Эўропе запоўненыя газам, цэны на газ пайшлі ўніз. Але што будзе далей? Калі пасьля пачатку вайны Эўропа ўзяла курс на пазбаўленьне ад залежнасьці ад расейскага газу, гаварылася, што гэта можна зрабіць за 7 гадоў.
Цяпер некаторыя кажуць, што за апошнія 7 месяцаў Эўропа прабегла шлях, які плянавала прайсьці за 7 гадоў. Гэта сапраўды так?
— Не, гэта ня так. Уражаньне, што Эўропа не залежыць ад расейскага газу, зьвязанае зь дзеяньнем шэрагу кароткатэрміновых фактараў. Гэта і цёплае надворʼе, і падзеньне вытворчасьці, якое зьвязана зусім ня з газам (яно зьвязана з агульнымі рэцэсійнымі настроямі і зьніжэньнем попыту).
Запасы сапраўды дазволяць пражыць зіму, нават калі яна будзе халодная. Але наагул газ у сховішчах патрэбны не для таго, каб яго спажывалі прадпрыемствы і хатнія гаспадаркі, ён патрэбны для таго, каб палагоджваць скачкі ў спажываньні.
Газ усё роўна будзе патрэбны. Калі ўсё пойдзе так пасьпяхова, як цяпер ідзе, то мяркую, што для пазбаўленьня ад залежнасьці ад расейскага газу гады два спатрэбіцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Нямеччыны лічыць «Паўночны паток-2» непрыдатным для выкарыстаньня— А што будзе на працягу гэтых двух гадоў? Расейскія (і беларускія) прапагандысты расказвалі, як Эўропа замерзьне ці ўжо замерзла. Паведамлялася, як эўрапейцы ходзяць грэцца ў расейскія прадстаўніцтвы.
У жніўні зоркі сышліся кепска, зараз яны сышліся добра. Але ў наступным годзе яны ня могуць сысьціся так, як пра гэта расказваюць расейскія прапагандысты?
— Яны ня могуць сысьціся так, што людзі ў Эўропе будуць паміраць ад холаду. Эўропа мае дастаткова моцную эканоміку, каб падтрымаць людзей.
Падчас пандэміі ковіду людзей так падтрымалі, што мы дагэтуль перажываем наступствы гэтай падтрымкі. Тады людзям раздалі зашмат грошай, і цяпер Эўропу трасе ад тагачаснай шчодрасьці. Але гэта паказвае, на што Эўропа здольная, калі гэта трэба.
Зразумела, газ будзе, ацяпленьне будзе. Запасаў плюс таго, што можна атрымаць з надзейных крыніц, дакладна хопіць, каб перажыць зіму.
Але што можа быць, дык гэта, фігуральна кажучы, «малы ковід». У сэнсе неабходнасьці падтрымліваць хатнія гаспадаркі, прадпрыемствы, гэта раздача грошай, высокі ўзровень інфляцыі.
У Вялікай Брытаніі, дзе я жыву, інфляцыя будзе зьніжацца, бо газ свой. А ў Цэнтральнай Эўропе сытуацыя можа быць горшая, і інфляцыя можа дасягнуць 15%, а спотавыя цэны на газ узьняцца да 2500 даляраў за тысячу кубамэтраў.
Можа адбыцца рэцэсія ў Эўропе, хоць пакуль ВУП расьце. Але гэта ў любым выпадку ня будзе так, як гэта любяць прадстаўляць у Расеі — гэта не прывядзе да таго, што людзі ў Эўропе замерзнуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца Эўрапарлямэнту: ЭЗ працягне працу над поўнай адмовай ад расейскага газу— Андрэй, да якога крызісу падобны цяперашні? І да рэакцыі на які крызіс у мінулым падобная цяперашняя рэакцыя? Быў знакаміты нафтавы шок 1973 году, калі арабскія краіны спынілі экспарт нафты ў краіны Захаду за падтрымку Ізраілю. Цана на нафту тады ўзьляцела ў 4 разы на працягу году.
— У нашым асяродзьдзі мужчын-эканамістаў ёсьць залатое правіла — ніколі не параўноўваць цяперашніх з былымі. Гэта асабліва справядліва для эканомікі.
Цяперашнія падзеі ў эканоміцы заходніх краін нават грэх называць крызісам. Нічога асабліва страшнага не адбываецца. Гэта не 80-я гады, гэта не Вялікая дэпрэсія. І ў той ступені, у якой зараз усё ж крызіс, то ён не падобны ні да якага іншага.
Ён узьнік пасьля такой унікальнай зьявы, як манэтарная барацьба з пандэміяй. Ён накладаецца на лякальны энэргетычны крызіс. Менавіта лякальны — пра які глябальны энэргетычны крызіс можна гаварыць, калі нафта па 90 даляраў за барэль?
Газ — больш валятыльная субстанцыя. За апошнія 20 гадоў ён двойчы каштаваў даражэй, чым цяпер. А потым яго цана падала «да падлогі».
У 70-я гады быў крызіс прапановы. Сёлета крызіс чыста манэтарны. Адбылася перадазіроўка падтрымкі падчас пандэміі. І цяпер мы маем справу зь яе наступствамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі дэфолт ужо адбыўся, Беларусь — на чарзе. Ацэнка расейскага эканаміста— Я гляджу дадзеныя. Расея ў траўні па «Паўночным патоку-1» пампавала 170 мільёнаў кубамэтраў газу штодзень, у ліпені — 33 мільёны кубамэтраў, у жніўні спыніла пастаўкі наагул.
Вы сказалі, што крызіс 1973 году быў крызісам прапановы. Сёлета таксама было зьніжэньне прапановы. Хіба гэта ня так?
— Нафтавыя рынкі залежныя ад невялікіх ваганьняў прапановы і попыту. Так яны збудаваныя. І зьніжэньне прапановы нафты на 2–3% можа спарадзіць рост цаны ўдвая.
З газам сытуацыя іншая. Расея сапраўды вельмі істотна скараціла пастаўкі газу, фактычна яна сышла з гэтага рынку. І гэта выклікала лякальны шок. Але калі вы пагледзіце на дынаміку цаны на газ у ЗША, там яна мянялася нязначна.
Але гэты лякальны шок ужо праходзіць, зараз цана на газ у Эўропе ўсяго на 20% вышэйшая, чым была на пачатку году.
Цана можа яшчэ вырасьці. Але гэта лякальны фэномэн. І газ — гэта толькі 28% ад усяго энэргаспажываньня Эўропы. У 70-я гады ХХ стагодзьдзя нафта складала ільвіную долю энэргаспажываньня Захаду. Так што цяперашні крызіс значна мякчэйшы, чым той, што быў паўстагодзьдзя таму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейскія ілюзіі скончацца ўжо ў студзені-лютым», — эканаміст Уладзіслаў Іназемцаў— І апошняе пытаньне. А якая сытуацыя на нафтавым рынку?
— Сытуацыя на нафтавым рынку ня мае нічога агульнага з сытуацыяй на газавым рынку.
Цана на нафту даволі стабільная. Я мяркую, што яна пойдзе ўніз, бо паўсюль насоўваецца рэцэсія. Адпаведна, зьніжаецца спажываньне нафты. 90 даляраў за барэль — гэта нястрашная цана. Яна такой магла б быць і бяз ковіду, і без вайны ва Ўкраіне.
Нафтавы рынак вельмі балянсуецца здабычай сланцавай нафты ў ЗША. Кандыдаты на павелічэньне здабычы нафты — гэта Вэнэсуэла і Іран. Так што пра крызіс у нафтавай галіне наагул не выпадае гаварыць.