2 лістапада ў Менску адбылося першае сумеснае паседжаньне калегіі Міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі.
«Галоўная мэта сёньняшняга пасяджэньня сумеснай Калегіі — гэта ў першую чаргу ўдакладненьне парадку далейшай працы па стварэньні і ўмацаваньні неабходнага сумеснага ваеннага патэнцыялу з мэтай процідзеяньня выклікам і пагрозам ваеннага характару, накіраваным супраць Саюзнай дзяржавы», — паведаміў пра падзею афіцыйны тэлеграм-канал Мінабароны РБ.
За два дні да гэтай сустрэчы Лукашэнка падпісаў указ аб стварэньні сумесных навучальна-баявых цэнтраў падрыхтоўкі вайскоўцаў Узброеных сілаў. Расказваем, што гэта могуць быць за цэнтры і дзе яны ствараюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўхваліў праект пагадненьня з Расеяй аб стварэньні вучэбна-баявых цэнтраў сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў
База супрацьпаветранай абароны пад Горадняй
Пра тое, што Лукашэнка з Пуціным дамовіліся наконт сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў, стала вядома яшчэ за год да пачатку вайны Расеі супраць Украіны. У сакавіку 2021 году расейскія інфармацыйныя агенцтвы паведамілі, што міністры абароны Беларусі і Расеі, Хрэнін і Шайгу, дамовіліся стварыць «тры сумесныя навучальныя цэнтры, адзін зь якіх будзе знаходзіцца ў Беларусі».
У Беларусі такі цэнтар разьмясьцілі ля Горадні, расейскія — у Калінінградзкай і Ніжагародзкай абласьцях. Тады ж вайсковыя чыноўнікі ўскосна далі зразумець, што гаворка ідзе пра сумесны цэнтар супрацьпаветранай абароны. Пацьвердзілася гэта афіцыйна толькі ў канцы жніўня, калі ў Беларусь прывезьлі расейскія комплексы С-400, а на аэрадроме ў Баранавічах прызямліліся Су-30. Прыкладна ў той жа час адбываліся сумесныя вучэньні «Захад-2021». Расейскія С-400 засталіся ля беларуска-польскай мяжы і пасьля завяршэньня вучэньняў.
Колькі расейскіх вайскоўцаў разьмясьціліся ў выніку ля Горадні, афіцыйна не паведамлялася. На апублікаваных Мінабароны РБ здымках відаць усяго некалькі чалавек. Для паўнавартаснага абслугоўваньня комплексу С-400 неабходна некалькі дзясяткаў вайскоўцаў.
Тады ж, у жніўні 2021 году, узьніклі пытаньні наконт практычнага прымяненьня такога сумеснага навучальнага цэнтру. Як расказваў у размове са Свабодай адзін з вайсковых экспэртаў, вялікія сумневы выклікала тое, што беларускія вайскоўцы могуць нечаму навучыць расейскіх у галіне супрацьпаветранай абароны. А расейскім, у сваю чаргу, вучыць беларускіх не было патрэбы — на ўзбраеньні Мінабароны РБ проста няма С-400. Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь зьбіраецца іх набываць, аднак афіцыйных пацьверджаньняў таго, што гэта адбылося, не існуе дагэтуль. Адзін комплекс С-400 (туды ўваходзіць 4 адзінкі тэхнікі) каштуе каля 650 мільёнаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра разьмяшчэньне расейскіх вайскоўцаў у Беларусі. МАПАНавучальныя цэнтры для расейскіх мабілізаваных
Пра сумесныя навучальна-баявыя цэнтры, дакумэнт аб стварэньні якіх быў падпісаны 31 кастрычніка 2022 году, пакуль афіцыйна нічога не вядома. Мінабароны Беларусі не называе ні месцы іх разьмяшчэньня, ні мэты, ні колькасьць расейскіх вайскоўцаў у іх. Невядома, якія ўзбраеньні там будуць асвойвацца. І што ўвогуле значыць выраз «навучальна-баявыя».
Ускосную інфармацыю пра дзейнасьць такіх цэнтраў і месцы іх знаходжаньня можна атрымаць з паведамленьняў украінскай выведкі, праекту «Беларускі Гаюн» і публікацый беларускіх СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі мэдык, які зьбег на Захад, расказаў, як у Беларусі лячылі параненых ва Ўкраіне расейскіх салдатУ канцы верасьня Галоўнае ўпраўленьне выведкі Ўкраіны паведаміла, што ў Беларусь рыхтуюцца пераправіць каля 20 тысяч расейцаў, мабілізаваных на вайну супраць Украіны. Іх, паводле выведнікаў, разьмесьцяць на аб’ектах вайсковай і цывільнай інфраструктуры і сфармуюць новыя вайсковыя падразьдзяленьні, у якіх на 1 дасьведчанага вайскоўца будзе прыкладна 5 мабілізаваных.
Інфармацыя ўкраінскай выведкі ўскосна пацьвярджаецца фота- і відэаматэрыяламі, якія ў верасьні публікавала Мінабароны РБ. На іх відаць, што ў Беларусь прыбываюць вайскоўцы РФ у рознай форме, з рознымі, часта ня новымі галаўнымі ўборамі, бяз зброі і знакаў адрозьненьня.
Апошні раз Мінабароны РБ паведамляла пра прыбыцьцё ў Беларусь расейцаў 23 кастрычніка.
Як інфармуе праект «Беларускі Гаюн» са спасылкай на крыніцы сярод чыгуначнікаў, расейскія эшалёны з мабілізаванымі вайскоўцамі прыбываюць у асноўным на невялікія чыгуначныя станцыі ля Баранавіч і ў Віцебскай вобласьці — станцыі «Палонка», «Заслонава», «Ласьвіда» і іншыя. Усе яны побач зь беларускімі вайсковымі палігонамі. Палонка — каля «Обуз-Лясноўскага», «Чэпелева» і «Даманава», якія актыўна выкарыстоўваюцца на расейска-беларускіх вучэньнях ужо шмат гадоў. «Заслонава» і «Ласьвіда» — каля аднайменных палігонаў у Віцебскай вобласьці.
Паводле інфармацыі «Свабоды», мабілізаваных расейцаў разьмяшчаюць менавіта на вайсковых палігонах, дзе іх ня могуць бачыць мясцовыя жыхары. Пастанову аб забароне наведваць тэрыторыю палігонаў нават у пэрыяд, калі там не праводзяцца вучэньні, Мінабароны РБ прыняло яшчэ да пачатку вайны ва Ўкраіне. Зьвесткі аб падрыхтоўцы расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі вайсковых палігонаў Беларусі публікавала і выданьне «Наша Ніва». Паводле яго інфармацыі, расейцаў масава скіроўваюць таксама на палігон у Асіповіцкім раёне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шайгу заявіў, што Беларусь можа апынуцца пад ударам