На горадзенскім рынку «Карона» сёньня закрыліся многія гандлёвыя боксы.
З абвестак на павільёнах вынікае, што яны закрыліся «па тэхнічных прычынах». Як стала вядома Свабодзе, такім чынам іпэшнікі выступаюць супраць падвышэньня цэнаў на арэнду.
У Баранавічах 27 кастрычніка па ўсім горадзе закрыліся гандлёвыя павільёны прадстаўнікоў прадпрымальніцтва. Пра гэта паведаміла ў сваім тэлеграм-канале дзяржаўная раённая газэта «Наш край» і незалежнае мясцовае выданьне «Інтэкс-прэс».
Паводле выданьняў, прадпрымальнікі абвясьцілі, што ставяць сваю дзейнасьць на паўзу да таго часу, пакуль не атрымаюць дакладнага тлумачэньня, як далей прымяняць мэханізм цэнаўтварэньня.
Так, на рынку «Універсальны» з раніцы былі зачыненыя ўсе ралеты, піша «Інтэкс-прэс». Прадпрымальнікі тапталіся побач са сваімі павільёнамі, але ніхто іх не адчыняў.
«Не будзем гандляваць да выходных дакладна, — растлумачыла адна жанчына-прадпрымальнік. — А сэнс зараз працаваць, толькі сабе на страту! Пры такім цэнаўтварэньні заплаціш падаткі, арэнду, зарплата прадаўцу, за месца на рынку і ўсё — сыдзеш у мінус».
Іншы прадпрымальнік тлумачыць, што ўведзеныя абмежаваньні на надбаўку не вышэй за 30%, робіць іх бізнэс невыгадным.
«Заплаці 10% на падаткі, 10% на арэнду, і нічога сабе не застаецца. — З дапушчальнымі надбаўкамі гэтымі таксама незразумела. На дзіцячы абутак ён 30%, на дарослы 50%, а закуп на абутак аднолькавы, вось і атрымліваецца, што будзем працаваць сабе на страту».
Паводле выданьня, прадпрымальнікі абмяркоўвалі паміж сабой чуткі, што ў Горадні і Менску рынкі не працуюць ужо з 25 кастрычніка.
«Замучылі цяпер праверкамі! — распавёў адзін прадпрымальнік. — Патрабуюць дакумэнты на тавар ледзь ні з дня адкрыцьця майго бізнэсу, а дзе іх зараз узяць, я ж не захоўваю іх дзесяцігодзьдзямі».
Тэлеграм-канал «Посмотри, брехня?» гаворыць пра тое, што страйкі ІП пачынаюцца ў Магілёве і Лідзе. Зыходзячы з сабраных дадзеных атрымліваецца, што сёньня ў знак пратэсту супраць рэгуляваньня цэнаў не адкрылі свае крамы прадпрымальнікі мінімум у 13 гарадах краіны: Менску, Гомлі, Віцебску, Берасьці, Магілёве, Горадні, Лідзе, Баранавічах, Маладэчне, Кобрыні, Койданаве, Смургонях і Пінску, піша блогер Антон Матолька.
Праз час тэлеграм-канал motolko_help з спасылкай на свае крыніцы паведаміў, што пасьля пачатку забастоўкі ў адным з ГЦ Гомля, адбыўся сход, на які прыйшоў прадстаўнік раёна і прыгразіў штрафамі тым індывідуальным прадпрымальнікам, якія не адкрыліся.
«Сказаў, што ўказу аб праверцы яшчэ не было. Хто сёньня не працаваў – трапіць пад адміністрацыйны штраф. Калі толькі не было ўважлівай прычыны і не апавясьцілі за 5 дзён пра тое, што сёньня працаваць не будзеце», – паведамілі крыніцы выданьню.
Прадстаўніку адміністрацыі таксама задалі пытаньне: «Ці можна ўключаць у нацэнку транспартныя выдаткі?». Адказ быў станоўчы, аднак, як даказваць гэтыя выдаткі – ніхто не растлумачыў.
«Іпэшнікі не ведаюць як працаваць зь цяперашнімі пастановамі, і невядома, ці будуць многія працаваць увогуле. Сядзім і чакаем. Прадпрымальнікі, іх сем'і і работнікі на грані беспрацоўя. Гэта сотні тысяч чалавек ва ўмовах ахавай эканомікі і коштаў кратных двум і больш у параўнаньні зь лютым», – паведамілі суразмоўцы motolko_help.
Пасьля пагроз штрафамі, большая частка ІП у Гомлі адкрыла крамы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Аршанскім раёне завялі крымінальную справу за продаж малочнай прадукцыі па заніжаных цэнахПадчас нарады з эканамічным блёкам ураду 6 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка забараніў падымаць цэны. У той жа дзень урад прыняў пастанову пра забарону росту цэнаў, а 7 кастрычніка яе апублікавалі на Нацыянальным праўным партале. У пастанове «Аб часовых захадах для стабілізацыі цэнаў» урад абавязаў юрыдычных асоб усіх формаў уласнасьці ды індывідуальных прадпрымальнікаў «зафіксаваць цэны і тарыфы, не вышэйшыя за тыя, што ўжываліся на 5 кастрычніка 2022 году».
Пасьля забароны на рост цэнаў Дзяржкантроль анансаваў маштабныя рэйды па крамах і «цьвёрдую рэакцыю» аж да крымінальных спраў. Да рэйдаў далучыліся ня толькі прадстаўнікі КДК, але таксама прафсаюзы і дэпутаты.
Пасьля гэтага крымінальныя справы за павышэньне цэнаў завялі супраць дзясяткаў чалавек. У Баранавічах пад крымінальную справу трапіў намесьнік дырэктара гандлёвага аб’екта, які падвысіў на 13% цану на адзін з харчовых тавараў. Арышты і затрыманьні пракаціліся па іншых гарадах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАРГ: Цэны на рэшткі тавараў трэба прывесьці ў адпаведнасьць з новымі патрабаваньнямі да 26 кастрычніка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паслухмяныя людзі, паслухмяныя цэны. Да чаго прыводзіць самазахапленьне ўладай