Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Аршанскім раёне завялі крымінальную справу за продаж малочнай прадукцыі па заніжаных цэнах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прадпрыемства прадавала малочную прадукцыю па заніжаных цэнах і тым самым займела нядоімкі.

Пра гэта паведамляюць праваабаронцы зь «Віцебскай вясны» са спасылкай на публікацыю ў «Аршанскай газеце».

Як вынікае з матэрыялу «раёнкі», падчас праверкі выкананьня дырэктывы № 10 «Аб недапушчальнасьці росту цэнаў» Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў, што ў Аршанскім раёне «адзін з суб’ектаў гаспадараньня малочнай галіны» рэалізаваў сваю прадукцыю па больш нізкіх цэнах, хаця мог прадаваць і з большай выгадай. Тым самым, паводле вэрсіі кантралёраў, прадпрыемства не атрымала магчымага прыбытку, а шкода склала 270 тысяч рублёў.

Назву кампаніі выданьне не называе, аднак паведамляе, што пасьля праверкі прадпрыемству выпісалі штраф, а дырэктара і яго намесьніка звольнілі. Акрамя таго, як і ў выпадку з завышанымі цэнамі, завялі дзьве крымінальныя справы, адна зь іх на былога дырэктара.

Нагадаем, 6 кастрычніка на нарадзе ў эканамічных пытаньнях Аляксандар Лукашэнка заявіў аб забароне на павышэньне любых цэнаў у краіне. 10 кастрычніка ён сказаў, што забарона будзе дзейнічаць некалькі дзён — «да выпрацоўкі сыстэмы кантролю за цэнаўтварэньнем».

Новы дакумэнт аб рэгуляваньні цэнаў павінны былі распрацаваць да 20 кастрычніка. Дакумэнт быў гатовы і прыняты ўрадам 19 кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG