Сьцісла:
- З эканамічнага гледзішча барацьба з цэнамі вялікага сэнсу ня мае.
- Лукашэнка спрабуе вярнуцца ў эканамічны папулізм.
- Гэта яшчэ адзін крок у бок мабілізацыйнай эканомікі.
- Ніколі раней арыштаваных бізнэсоўцаў не прымушалі каяцца на відэакамэру, каб потым паказваць гэта на ўсю краіну.
- На першы плян выходзіць самазахапленьне ўладай, магчымасьць бачыць прыніжэньне шараговых грамадзян.
Урад Беларусі зацьвердзіў новую сыстэму рэгуляваньня цэн. У адпаведнасьці з дырэктывай № 10 «Аб недапушчальнасьці росту цэн» ад 6 кастрычніка. Новая сыстэма рэгуляваньня цэн больш жорсткая, чым існавала раней.
Гэтай тэме ў Беларусі роўна столькі гадоў, колькі кіруе Лукашэнка. Увесь час свайго прэзыдэнцтва ён змагаецца з цэнамі. Але вынікі гэтай барацьбы вельмі сумныя. Беларусь — адзін з сусьветных лідэраў у інфляцыі за апошнія 30 гадоў.
Зразумела, што з эканамічнага гледзішча гэтая дырэктыва вялікага сэнсу ня мае. Даўно даказана, што змагацца з цэнамі адміністрацыйнымі мэтадамі няплённа. Бо шкоды больш, чым карысьці. Гэта можа прывесьці да таварнага дэфіцыту, спусташэньня бізнэс-структур.
Да таго ж інфляцыя сёньня стала сусьветнай праблемай. Гэта наступствы ковіду і росту цэнаў на энэргарэсурсы і харчы ў зьвязку з вайной Расеі супраць Украіны.
Безумоўна, выданьне такой дырэктывы — гэта крок палітычны. І тут шмат аспэктаў.
Гэта і спроба вярнуцца ў эканамічны папулізм. Такія прыёмы Лукашэнка выкарыстоўваў шмат разоў. Але ў апошнія гады занадта шмат памянялася ў краіне, каб такімі прымітыўнымі спосабамі можна было палепшыць свой імідж.
Акрамя таго, гэта і яшчэ адзін крок у бок мабілізацыйнай эканомікі, да якой Лукашэнка рухаецца даволі пасьлядоўна. Ідзе барацьба зь бізнэсам, пагаршаюцца ўмовы працы індывідуальных прадпрымальнікаў, уладальнікаў аграсядзібаў. Лукашэнка загадаў мабілізаваць на сельгасработы студэнтаў і школьнікаў, запатрабаваў забараніць свабоднае перамяшчэньне па краіне кіроўных работнікаў і адмыслоўцаў. Бо 2020 год паказаў, што рынкавая эканоміка стварае сацыяльна-палітычнае асяродзьдзе, якое зьяўляецца сур’ёзнай пагрозай для існаваньня дыктатуры. Асноўная маса пратэстоўцаў працавала ў недзяржаўным сэктары.
Але, здаецца, і гэта не галоўнае. Складваецца ўражаньне, што тут на першы плян выходзіць іншы аспэкт. Бо, па-першае, ніколі раней Лукашэнка не забараняў рост цэнаў дырэктывай. Часьцей — вуснымі загадамі.
Па-другое, раней асобы, вінаватыя ў парушэньні патрабаваньняў гэтага дакумэнта, не прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці, як цяпер. Іх проста штрафавалі, пагражалі. А цяпер распачалі ўжо дзясяткі крымінальных спраў па ўсёй краіне.
Нарэшце, па-трэцяе, ніколі раней арыштаваных бізнэсоўцаў не прымушалі каяцца на відэакамэру, каб потым паказваць гэта на ўсю краіну. Вось гэтае масавае пакаяньне, думаецца, і зьяўляецца галоўным ва ўсёй гісторыі з цэнамі. Важна, што каяцца прымушаюць не палітычных апанэнтаў, а абываталяў, якія да палітыкі ня маюць ніякага дачыненьня. Гэта людзі, якія ціха займаліся бізнэсам (хутчэй дробным, чым вялікім), у палітыку ня лезьлі (тых, хто лез, даўно «зачынілі» ці прымусілі эміграваць).
І вось тут на першы плян выходзіць самазахапленьне ўладай, магчымасьць бачыць прыніжэньне шараговых грамадзянаў. Верагодна, Лукашэнка, нарэшце, у канцы свайго кіраваньня стварыў тую ідэальную мадэль дзяржавы, пра якую марыў, але ня мог ці не рашаўся сфармаваць раней. То бок грамадзтва абсалютна паслухмяных людзей, якіх можна прымусіць рабіць што заўгодна, гатовых да любога прыніжэньня перад дзяржаўным чыноўнікам. Цяпер, пасьля 2020 году, гэта стала магчыма, бо ўжо ня важна, што пра гэта падумаюць і ўнутры Беларусі, і за межамі. А ўсе казалі, што ў цэнтры Эўропы стварыць Паўночную Карэю немагчыма. Думаю, нас наперадзе чакае яшчэ шмат падобных адкрыцьцяў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.