Затрыманьне супрацоўніка банку БелВЭБ
21 кастрычніка ў Менску пасьля ператрусу затрымалі супрацоўніка банку БелВЭБ Віктара Грынько. Прычынай затрыманьня магла стаць ягоная пратэставая дзейнасьць супраць вайны ва Ўкраіне, піша «Вясна».
Віктара арыштавалі на 10 дзён, аднак вінавацяць яго і паводле крымінальнага артыкула 361 (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь).
«Падчас ператрусу ў кватэру была падкінута пратэставая сымболіка і парнаграфічныя матэрыялы», — паведамляюць блізкія Віктара Грынько.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 26 кастрычніка: маці дваіх дзяцей асудзілі на 4,5 года калёніі, выракі актывістам прафсаюзу «МАЗ»У Менску затрымалі лекара-кардыёляга
У праўладных тэлеграм-каналах зьявілася відэа з затрыманьнем у Горадні Антона Навумава. Ён жыве ў Менску і працуе ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры кардыялёгіі, паведамляе «Вясна».
На відэа Антон кажа, што затрыманы за ўдзел у акцыях пратэсту, якія адбываліся ў верасьні 2020 году ў Горадні. На мінулым тыдні ў Горадні затрымалі супрацоўніка хуткай дапамогі Артура Хлуса.
Затрымалі Юрася Меляшкевіча
У Ваўкавыску затрымалі намесьніка старшыні ліквідаванага ўладамі ў лістападзе 2021 году грамадзкага аб’яднаньня «БНФ „Адраджэньне“» Юрася Меляшкевіча. Пра гэта ў фэйсбуку напісала ягоная жонка Ганна.
Меляшкевіча затрымлівалі ў жніўні 2021 году, але тады яго выпусьцілі на наступны дзень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманых учора Меляшкевіча і Вялічку выпусьцілі, Мацкевіча і Вадаласкую перавялі ў турму на АкрэсьцінаПалітзьняволены журналіст выйшаў на волю
Палітзьняволены журналіст Сяргей Гардзіевіч цалкам адбыў свой тэрмін і выйшаў на волю, паведамляе «Вясна».
Яму прызначылі 1,5 года калёніі ў жніўні 2021 году; журналіста прызналі вінаватым у абразе Лукашэнкі і паклёпе на яго, а таксама ў абразе двух міліцыянтаў у чаце.
Да суду Гардзіевіч некалькі месяцаў правёў пад хатнім арыштам. Сваёй віны на судзе не прызнаваў.
Затрымалі мужчыну, якога абвінавачваюць у стварэньні самвыдата «Веснікі»
Затрыманага завуць Андрэй Фамін, яму 28 гадоў. Вядома пра яго няшмат — ён родам з Магілёва, але жыў у Менску. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, працаваў капірайтэрам.
У «пакаяльным» відэа ён кажа, што нібыта быў рэдактарам і аўтарам артыкулаў для сеткі газэт «Веснікі» і быццам бы атрымаў за гэта грошы.
Згодна з інфармацыяй ад актывістаў ініцыятывы ByProsvet, якая займаецца распаўсюдам пратэставага самвыдату, Андрэй ня меў доступаў да акаўнтаў газэт і ня ведаў тых, хто распаўсюджвае іх у Беларусі. Акаўнт «Веснікаў» таксама не захоплены.
«Веснікі» — колішняя сетка абласных пратэставых газэт, створаная ў верасьні 2020 году. Сёлета яна аб’ядналася ў газэту «Беларускі веснік». Друкуюць і распаўсюджваюць газэты актывісты дваравых чатаў і лякальных ініцыятываў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 кастрычніка: 2,5 года «хатняй хіміі» за ўдзел у маршы пратэсту, фота якога знайшлі ў тэлефоне
Экс-работніка АНТ, асуджанага па палітычным артыкуле, зноў судзілі — за «абразу прэзыдэнта» ў апэляцыйнай скарзе
У Баранавічах 25 і 26 кастрычніка адбыўся суд над Уладзіславам Савіным. Судзьдзёй выступала Вікторыя Пакунова, пракурорам — Вадзім Карачун, паведамляе «Вясна|Брэст».
Як паведаміў пракурор Карачун, справу на Савіна завялі за тое, што «знаходзячыся ў СІЗА № 6, напісаў апэляцыйную скаргу, якая зьмяшчае непрыстойнае выказваньне абразьлівага характару ў дачыненьні да прэзыдэнта Беларусі [Аляксандра Лукашэнкі], пасьля чаго, разьлічваючы на азнаямленьне зь ёй шырокага кола асобаў, перадаў супрацоўнікам адміністрацыі для далейшага накіраваньня ў Менскі гарадзкі суд». Так, паводле вэрсіі дзяржаўнага абвінавачаньня, Савін публічна абразіў Аляксандра Лукашэнку.
Пракурор Карачун папрасіў для Савіна 2 гады пазбаўленьня волі. Судзьдзя Пакунова пагадзілася. Сумарна, з улікам не адбытага пакараньня, Уладзіславу Савіну застанецца сядзець яшчэ сем з паловай гадоў.
44-гадовы блогер і прадусар за кратамі з красавіка 2021 году. У пачатку 2022 году яго асудзілі на 8 гадоў калёніі — за «махлярства ў асабліва буйным памеры» (ч. 4 арт. 209 КК) — за тое, што калі рабіў тэлепраект з каналам АНТ, у 2015-2016 годзе паабяцаў больш за сотні чалавек удзел у рэаліці-шоў, але не забясьпечыў гэтага, а таксама за ўдзел у трох маршах пратэсту ў 2020 годзе — гэта расцанілі як «дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт.342 КК).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 24 кастрычніка: арыштавалі IT-бізнэсоўца Караўца; журналістку Андрэеву занесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў»