Цяпер у сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў зьявілася кніга Ёсіфа Бродзкага «Баляда пра маленькі буксір», выдадзеная сёлета ў выдавецтве «Янушкевіч». Таксама ўлады прызналі экстрэмісцкай кнігу Ўладзімера Арлова «Айчына: Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі».
- Экстрэмісцкім прызнанае першае выданьне Бродзкага на беларускай мове, пераклад яго знакамітага дзіцячага верша «Баллада о маленьком буксире». Ён быў апублікаваны ў часопісе «Костёр» у 1962 годзе і стаў першым творам Бродзкага, які ўбачыў сьвет у СССР.
- Кніга Ўладзімера Арлова «Айчына: Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі». Гэта ілюстраваная гісторыя Беларусі для дзяцей і падлеткаў, багатая аздобленая малюнкамі мастака Паўла Татарнікава.
Якія яшчэ кнігі прызнавалі экстрэмісцкімі апошнім часам
- У траўні сёлета экстрэмісцкім прызналі раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы». Раман быў напісаны яшчэ ў 2017 годзе, ён сабраў шмат узнагарод, а яго пераклад на расейскую мову трапіў у шорт-ліст прэміі «Вялікая кніга −2019».
Па жанры «Сабакі Эўропы» — змрочная антыўтопія. Сярод сюжэтных ліній вылучаюцца дзьве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы былі то ахвярамі, то героямі, цяпер зрабіліся памагатымі Пуціна». Размова з Бахарэвічам пра стэрэатыпы, небясьпеку кніг і шанец БеларусіАдна зь іх разьвіваецца ў 2049 годзе на тэрыторыі Беларусі, якая да таго часу страціла незалежнасьць і знаходзіцца пад поўнай уладай Расеі. З дапамогай бязьлітаснай сатыры на «савок» Бахарэвіч перадае атмасфэру абсалютнай безнадзейнасьці і поўнага выраджэньня беларускай нацыі.
Дзеяньне другой пачынаецца ў той жа час у Бэрліне, дзе знаходзяць памерлага паэта. Супрацоўнік службы ідэнтыфікацыі неапазнаных асоб павінен сабраць зьвесткі аб памерлым, які пісаў вершы на невядомай яму мове.
- У красавіку 2022 году ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі кнігу геральдыста Віктара Ляхора «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры». У ёй знайшлі прыкметы «экстрэмізму ў выглядзе рэабілітацыі нацызму» і пагрозу «інфармацыйнай бясьпецы краіны шляхам скажэньня гістарычнай памяці народу».
- Манаграфію Сьвятланы Казловай «Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусi: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне (1941–1944)» прызналі экстрэмісцкай сёлета ў кастрычніку, на яе зьвярнулі ўвагу сілавікі падчас пагрому крамы «Кнігаўка». Цікава, што па гэтай тэме Сьвятлана Казлова абараніла ў 2006 годзе кандыдацкую дысэртацыю, якую зацьвердзіў ВАК Беларусі.
- У траўні экстрэмісцкай прызналі кнігу Зьмітра Лукашука і Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя». Гэта зборнік інтэрвію з рознымі асобамі, развагі пра беларускую ідэнтычнасьць і ідэю.
12 верасьня экстрэмісцкай прызналі кнігу Анатоля Тараса «Краткий курс истории Беларуси IX–XXI вв.». Кніга расказвае пра станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці ў розныя эпохі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Альгерд Бахарэвіч даведаўся, што зробяць зь ягонымі кнігамі, прызнанымі «экстрэмісцкімі»А што раней прызнавалі экстрэмісцкім
Кнігі ў Беларусі прызнавалі экстрэмісцкімі і да 2020 году, але тыя выданьні былі зусім непадобныя да цяперашніх.
- Напрыклад, у чэрвені 2016 году прызналі экстрэмісцкай кнігу «Манифест Новой России: третий путь» Андрэя Паласіна.
- У лістападзе 2016 году ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі «Mein Kampf» Адольфа Гітлера.
- У кастрычніку 2017 году экстрэмісцкай прызналі кнігу «Исход. Подростковая проза». Раней гэтую кнігу знайшлі ў аднаго з актывістаў анархісцкага руху.
- Таксама экстрэмісцкімі прызнаваліся шматлікія радыкальныя ісламісцкія выданьні.
- У 2013 годзе экстрэмісцкімі прызналі некаторыя матэрыялы рэспубліканскага конкурсу «Прэс-фота Беларусі 2013».
Тады суд Ашмяны пастанавіў, што фотаальбомы, выдадзеныя па выніках конкурсу, — экстрэмісцкія, і іх трэба зьнішчыць. Конкурс «Прэс-фота Беларусі» быў штогадовы, у ім удзельнічалі фатографы зь вядучых незалежных выданьняў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кнігу Анатоля Тараса «Кароткі курс гісторыі Беларусі IX–XXI стст.» прызналі «экстрэмісцкай»