У сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў зьявілася кніга Ёсіфа Бродзкага «Баляда пра маленькі буксір», выдадзеная сёлета ў выдавецтве «Янушкевіч». Таксама ўлады прызналі экстрэмісцкай кнігу Ўладзімера Арлова «Айчына: Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі».
Адпаведнае рашэньне прыняў 18 кастрычніка суд Цэнтральнага раёну Менску, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».
«Баляда пра маленькі буксір» была першай публікацыяй знакамітага расейскага паэта Ёсіфа Бродзкага ў сябе на радзіме — у 1962 годзе. У вершы для дзяцей буксір расказвае пра сваё жыцьцё і прызначэньне. У кнізе Ўладзімера Арлова, якая выйшла ў дзьвюх частках, сабраныя апавяданьні з гісторыі Беларусі.
Выдавец Андрэй Янушкевіч напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Калі 16 траўня губазікаўцы прыйшлі ў „Кнігаўку“ і пачалі канфіскоўваць кнігі, я запытаўся ў галоўнага начальніка, што не спадабалася ў кнізе нобэлеўскага ляўрэата. Дзіцячы верш, апублікаваны ў 1962 годзе, тэкст ня мае ніякага дачыненьня да Беларусі... У адказ я пачуў, што падазронай зьяўляецца афарбоўка буксіра на ілюстрацыях».
Таксама «экстрэмісцкім» прызналі Youtube-канал «Вольны хор». Адпаведнае рашэньне прыняў 24 кастрычніка суд Ленінскага раёну Берасьця.