Сьцісла
- Да 2014 году ўкраінцы ўспрымалі беларусаў і расейцаў як вельмі блізкія ім этнасы.
- Пасьля 2014 году стаўленьне да расейцаў рэзка пагоршылася, аднак потым палепшылася.
- У 2022 годзе адбыўся абвал – беларусы, якія жывуць у Беларусі, і расейцы, якія жывуць у РФ, сталі для ўкраінцаў самымі непрымальнымі, чужымі этнічнымі групамі.
- Пры гэтым стаўленьне да беларусаў і расейцаў, якія жывуць ва Ўкраіне, заўважальна лепшае, чым да тых жа групаў у краінах, у якіх яны зьяўляюцца тытульнымі этнасамі.
- Больш за 80% украінцаў ня хочуць бачыць ва Ўкраіне расейцаў з РФ, 43% украінцаў ня хочуць бачыць у сваёй краіне жыхароў Беларусі.
- Для 85% украінцаў Беларусь — варожая краіна.
У верасьнёўскім 2022 году апытаньні сацыёлягі КМІС вымяралі, наколькі блізкія, прымальныя для апытаных прадстаўнікі тых ці іншых этнічных і моўна-этнічных групаў. Вымярэньні рабіліся з дапамогай так званай шкалы сацыяльнай дыстанцыі Багардуса.
На гэтай шкале адказу «гатовы прыняць як сваякоў» даваўся 1 бал, «як сяброў» — 2 балы, «як суседзяў» — 3 балы, «як калег па працы» — 4 балы, «як жыхароў Украіны» — 5 балаў, «як гасьцей ва Ўкраіне» — 6 балаў, «не пускаў бы ва Ўкраіну» — 7 балаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Індэкс братэрства: як украінцы ставяцца да беларусаў і расейцаў?Чым вышэйшыя балы, тым больш непрымальныя, непрыемныя, чужыя апытанаму прадстаўнікі той ці іншай групы.
Сацыёлягі КМІС рэгулярна вымяралі сацыяльныя дыстанцыі насельніцтва Ўкраіны на працягу дзесяцігодзьдзяў, пачынаючы з 1994 году.
Графік 1. Індэксы сацыяльнай дыстанцыі дарослага насельніцтва Ўкраіны ад беларусаў і расейцаў, 1994–2017, КМІС
На графіку пазначаныя індэксы сацыяльнай дыстанцыі, сярэднія значэньні балаў па шкале Багардуса.
Відаць, што да 2014 году расейцы былі для ўкраінцаў вельмі блізкім этнасам, бліжэйшым, чым беларусы. У сярэднім прымальнасьць расейцаў сярод украінцаў вагалася ад гатоўнасьці прыняць іх як сяброў да гатоўнасьці прыняць як суседзяў. Беларусаў — у сярэднім як суседзяў.
Пасьля анэксіі Крыму і падтрымкі Расеяй сэпаратыстаў у Данбасе стаўленьне да расейцаў рэзка пагоршылася, сацыяльная дыстанцыя ад іх павялічылася, але пазьней стаўленьне крыху палепшылася. Падзеі 2014 году на стаўленьне да беларусаў практычна не паўплывалі. У выніку ў 2017 годзе стаўленьне ўкраінцаў да двух этнасаў аказалася аднолькавым, прычым даволі станоўчым.
А вось як выглядала карціна месяц таму.
Графік 2. Індэксы сацыяльнай дыстанцыі дарослага насельніцтва Ўкраіны ад розных этнічных і моўна-этнічных групаў, верасень 2022, КМІС
У верасьнёўскім 2022 году апытаньні сацыёлягі КМІС асобна высьвятлялі стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў і расейцаў — іхных суграмадзян і жыхароў адпаведна Беларусі і Расеі. Такое ўдакладненьне аказалася слушным, стаўленьне да прадстаўнікоў адпаведных этнасаў, якія жывуць ва Ўкраіне, аказалася прыкметна лепшым, чым да іх жа як грамадзян краінаў, дзе яны ёсьць тытульным этнасам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо больш за палову ўкраінцаў кепска ставяцца да беларусаў — вынікі апытаньня ва ЎкраінеСацыяльная дыстанцыя ад беларусаў, што жывуць ва Ўкраіне, аказалася крыху большай, чым ад далёкіх геаграфічна немцаў, але меншай, чым ад суседзяў-румынаў. А беларусы — жыхары Беларусі аказаліся другой пасьля расейцаў -жыхароў Расеі непрымальнай этнічнай групай.
Параўнаньне з графікам 1 паказвае, што стаўленьне да беларусаў істотна пагоршылася ў параўнаньні зь велізарным пэрыядам назіраньняў за амаль чвэрць стагодзьдзя.
Сярэднія і нават найгоршыя паказьнікі стаўленьня да беларусаў наагул у пэрыяд з 1994 па 2017 год лепшыя, чым паказьнікі стаўленьня нават да беларусаў — грамадзян Украіны ў верасьні 2022 году.
Ну а да беларусаў — грамадзян Беларусі стаўленьне ўкраінцаў у верасьні 2022 году было гранічна кепскім. Горшым яно было толькі да расейцаў, якія жывуць у Расеі. У прыватнасьці, больш за 80% рэспандэнтаў сказалі, што не хацелі б бачыць ва Ўкраіне грамадзян РФ наагул. Да беларусаў — грамадзян Беларусі такое ж стаўленьне ў прыкладна 43% украінцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад чаго залежыць стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў? Адказвае ўкраінскі сацыёлягДзеля нагляднасьці прывядзем долі адказаў на пытаньне аб стаўленьні да беларусаў у верасьнёўскім 2022 году апытаньні КМІС.
Графік 3. Адказы на пытаньне «У якой якасьці вы гатовыя дапусьціць прадстаўнікоў гэтай групы?», у %, верасень 2022, КМІС
Крыху больш за чвэрць апытаных не хацелі б бачыць ва Ўкраіне тых беларусаў, якія ў ёй цяпер жывуць. Праўда, каля 40% гатовыя прымаць іх як сваякоў, сяброў і суседзяў. Але што тычыцца беларусаў зь Беларусі, то іх ва Ўкраіне, мякка кажучы, не чакаюць.
У апытаньнях у 1994–2017 гадах сацыёлягі КМІС задавалі пытаньне пра стаўленьне да беларусаў (і расейцаў) наагул. У 2018 годзе ўпершыню задавалася пытаньне пра стаўленьне да прадстаўнікоў гэтых этнасаў асобна як жыхароў Украіны і жыхароў краінаў, дзе гэтыя этнасы — тытульныя. Ніжэй прыводзіцца параўнаньне сувымерных дадзеных апытаньняў 2018 і 2022 гадоў.
Графік 4. Індэксы сацыяльнай дыстанцыі дарослага насельніцтва Ўкраіны ад беларусаў, расейцаў і габрэяў, 2018 і 2022 гады, КМІС
Графік 4 паказвае, як істотна зьмянілася стаўленьне за 4 гады пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны. З графіку відаць, што стаўленьне ўкраінцаў да габрэяў — жыхароў Украіны за гэты час практычна не зьмянілася. Габрэі і дзяржава габрэяў, калі такой лічыць Ізраіль, не нападалі на Ўкраіну і не спрыялі такім нападам. Беларуская дзяржава такому нападу спрыяла і спрыяе, вынікам чаго стаў абвал у нэгатыўны бок стаўленьня і да грамадзян Беларусі, і да беларусаў, якія жывуць ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць украінцаў лічаць варожымі дзяржавамі Беларусь і Расею — апытаньнеДадзеныя апытаньняў КМІС пацьвярджаюцца і апошнімі дадзенымі іншага ўкраінскага дасьледчага цэнтру — Сацыялягічнай групы «Рэйтынг». Дасьледчыкі «Рэйтынгу» у кастрычніку задавалі пытаньне пра стаўленьне рэспандэнтаў да розных краінаў сьвету.
Графік 5. Дынаміка адказаў на пытаньне «Якімі гэтыя краіны зьяўляюцца адносна Ўкраіны?», Сацыялягічная група «Рэйтынг»
85% апытаных у кастрычніку ўкраінцаў адказалі, што Беларусь (а не адзін Лукашэнка) зьяўляецца краінай, варожай Украіне. І ў гэтых адказах — тлумачэньне, чаму гэтак катастрафічна зьмянілася стаўленьне да беларусаў, у тым ліку і да тых, якія жывуць ва Ўкраіне.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.