Як праваліўся расейскі газавы шантаж Эўропы і што гэта азначае для Беларусі

Білборд каля Эўрапейскага парлямэнту з надпісам «Эўропа, спыні фінансаваньне вайны Пуціна. Спыні купляць выкапнёвае паліва, скончы вайну». Брусэль, 27 верасьня 2022

Эканамістка Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка незалежнага акадэмічнага цэнтру Beroc, расказвае, як Крэмль пачаў газавы шантаж Эўропы, але нічога гэтым не дамогся; тлумачыць, чаму пачалі падаць цэны на газ, і называе трубаправод Ямал — Эўропа «кучай жалеза»

Сьцісла:

  • Апошнія дні на кароткатэрміновым «спотавым» рынку газу ягоная цана падае амаль да нуля.
  • Большасьць краінаў Эўразьвязу прыклалі максымум намаганьняў, каб запоўніць свае газасховішчы, і цяпер яны запоўнены ў цэлым па Эўропе на 90 працэнтаў.
  • Цяпер, нават калі Расея цалкам спыніць пастаўкі газу ў Эўропу, ніякага каляпсу эканомікі ня будзе.
  • Трубаправод Ямал — Эўропа, які калісьці быў беларускім стратэгічным актывам, цяпер, па сутнасьці, ператварыўся ў кучу жалеза.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паўночныя патокі» пасьля выбухаў больш не існуюць, Эўропа перажыве без расейскага газу, — расейскі экспэрт Круціхін

— Беларуская і расейская прапаганда (а цяпер яны фактычна не адрозьніваюцца) на працягу некалькіх апошніх месяцаў прадказвалі, што эўрапейцы неўзбаве будуць замярзаць. Зразумела, што яны даўно змагаюцца з Захадам, вядуць інфармацыйную вайну, але на чым грунтуецца канкрэтна гэты сюжэт, з чаго ўвогуле гэтая тэма зьявілася? Ці ёсьць падставы гаварыць аб прыкметах энэргетычнага крызісу ў Эўропе?

— Пэўныя падставы ёсьць. Расея экспартавала ў Эўропу нафту і газ, Беларусь — нафтапрадукты. Вядома, роля Беларусі ў агульных пастаўках у Эўропу вельмі нязначная, але роля Расеі дастаткова вялікая. У цэлым Расея да апошняга часу пастаўляла да 40 працэнтаў газу, які спажываецца ў Эўразьвязе. І Эўропе было даволі складана адразу дывэрсыфікаваць гэтыя пастаўкі, замяніць расейскі газ іншым.

Кацярына Барнукова, акадэмічны дырэктар BEROC

Тым болей што ў некаторых краінах гэта быў палітычны выбар (у прыватнасьці, у Нямеччыне). Яны інвэставалі ў гэтыя праекты, пракладвалі газаправоды, разьлічваючы, што Расея — надзейны пастаўшчык. Але Расея ўвесь 2022 год, пасьля нападу на Ўкраіну, актыўна даказвае, што не зьяўляецца надзейным партнэрам.

Расея пачала газавы шантаж, выкарыстоўваючы энэргетычную залежнасьць Эўропы як зброю. Чаму яны актывізаваліся, у тым ліку і прапаганда? Бо надыходзяць халады, і стратэгічны разьлік Масквы быў на тое, што Эўропа празь нястачу энэргетычных рэсурсаў вымушаная будзе саступаць, ісьці на адмену санкцыяў, штурхаць Украіну на саступкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз скарачае залежнасьць ад расейскага газу значна хутчэй, чым чакалася

— Цана на газ, якая на пачатку году складала каля тысячы даляраў за тысячу кубамэтраў, у верасьні ў пэўны час дайшла нават да 3000 даляраў. Але потым, дасягнуўшы піку, цана даволі хутка вярнулася на тую самую тысячу даляраў. Чаму быў такі скачок і чаму цяпер цана ўпала?

— Бо Эўропе ўдалося даволі хутка зрабіць пэўныя крокі — найперш зьнізіць спажываньне газу, а таксама дывэрсыфікаваць пастаўкі. Дарэчы, калі казаць пра цану на газ, то апошнія два дні адна з самых гарачых тэмаў для абмеркаваньня — гэта тое, што на кароткатэрміновым, «спотавым» рынку газу ягоная цана падае амаль да нуля. Гэта зьвязана з тым, што на тле гэтай расейскай палітыкі большасьць краінаў Эўразьвязу прыклалі максымум намаганьняў, каб запоўніць свае газасховішчы, і цяпер яны запоўненыя ў цэлым па Эўропе на 90 адсоткаў. Па-другое, спрыяе цёплае надвор’е.

Так што казкі расейскай прапаганды пра тое, што эўрапейцы нібыта ходзяць грэцца ў «расейскія дамы», выклікаюць толькі іронію. Хаця, вядома, за апошні год цэны на газ для эўрапейскіх спажыўцоў, для хатніх гаспадарак даволі істотна падвысіліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ разгледзіць увядзеньне «часовага цэнавага калідора» на расейскі газ

— Яны падвышаліся, пакуль расла цана на газ. Але цяпер, калі цэны з трох тысяч даляраў вярнуліся да ўзроўню пачатку году — гэтыя цэны для грамадзян, спажыўцоў могуць таксама вярнуцца назад?

— Па-першае, цяперашняя тысяча за кубамэтар — гэта па-ранейшаму даволі шмат. Бо яшчэ пару гадоў таму размова ішла пра 200-500 даляраў за тысячу кубамэтраў. Па-другое, той рост цэнаў, які перадаўся звычайным жыхарам, хатнім гаспадаркам, не зьяўляецца вынікам працы вольнага рынку: у многіх краінах гэтыя цэны рэгулююцца дзяржавай, і многія дзяржавы ўклалі шмат грошай, каб гэтыя тарыфы не ўздымаліся так рэзка. Яны ў любым выпадку растуць, у прыватнасьці і дзеля таго, каб матываваць спажыўцоў эканоміць, спажываць энэргію больш ашчадна. Плюс у некаторых дзяржавах гэты рост кампэнсуецца крокамі сацыяльнай падтрымкі, пэўнымі выплатамі. Таму я б не чакала радыкальнага зьніжэньня цэнаў на энэргію для спажыўцоў. Тое, што цэны не растуць, — гэта ўжо добрая навіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Вялікай Брытаніі: Расея больш ня звышдзяржава

— Як можна ацаніць гэтую стратэгію Масквы, накіраваную на газавы шантаж? Няўжо яны не разумелі, што ўсё скончыцца толькі тым, што замест расейскага газу Эўропа знойдзе на рынку іншыя крыніцы энэргіі? Газ і нафта здабываюцца ў многіх рэгіёнах сьвету, Расея ня мае на іх манаполіі. Ці яны спадзяваліся на кароткатэрміновы эфэкт, ня надта думаючы пра стратэгічны вынік?

— На самой справе яны мелі падставы спадзявацца на пэўны посьпех. Нафту сапраўды даволі лёгка замясьціць на рынку — прапанова вельмі вялікая і з усіх рэгіёнаў сьвету. Крамлёўскі разьлік быў на газ, бо дывэрсыфікаваць яго пастаўкі — гэта структурная праблема, якую хутка ня вырашыш. Асабліва высокую залежнасьць ад расейскага газу, які пастаўляўся па трубаправодах, мела найбуйнейшая эканоміка Эўропы — нямецкая.

Калі мы паглядзім на эўрапейскую рэакцыю на пастаўкі расейскага газу нават пасьля пачатку вайны, то яны была такая: «Так, мы будзем замяшчаць расейскі газ, але на гэта спатрэбіцца 7 гадоў». Аказалася, што гэта ўсё можна зрабіць значна хутчэй, і эўрапейцы вымушаныя былі паскорыць гэта працэс.

Але нельга казаў, што праблема ўжо цалкам вырашана. Запоўненыя сховішчы — гэта добра, але іх узімку хопіць на пару месяцаў спажываньня. Калі Расея цалкам спыніць пастаўкі газу (а яна, як мы бачым, здольная на гэта), Эўропе давядзецца эканоміць і шукаць хуткія рашэньні. Але мы бачым, што гэта ўжо не зьяўляецца крытычнай праблемай. Калі раней была амаль паніка, што вось можа спыніцца вытворчасьць і гэтак далей, то цяпер ёсьць разуменьне, што гэтай праблеме можна даць рады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца Эўрапарлямэнту: ЭЗ працягне працу над поўнай адмовай ад расейскага газу

— Эўразьвяз прымае стратэгічныя рашэньні ня толькі ў справе замяшчэньня расейскага газу. Пашыраецца выкарыстаньне альтэрнатыўных крыніц энэргіі, прынята пэўная стратэгія ў гэтым кірунку.

— Так, ніхто ўжо не гаворыць пра «7 гадоў», усё адбудзецца значна хутчэй. Цяпер, нават калі Расея цалкам спыніць пастаўкі газу ў Эўропу, ніякага каляпсу эканомікі ня здарыцца. Пэўны час можна выкарыстоўваць той газ, што назапашаны ў сховішчах; стаіць задача пашырыць каналы, па якіх перапампоўваецца газ зь Пірэнэяў у Францыю і Нямеччыну. Бо на Пірэнэях шмат тэрміналаў для звадкаванага газу і проста не хапае магутнасьцяў іх перавозіць з Гішпаніі ў Францыі. Над гэтым ужо працуюць.

Нямеччына пачынае размарожваць свае АЭС (у свой час яна адмовілася ад ядзернай энэргіі). Так што, калі казаць пра стратэгічную карціну, то адназначна можна сьцьвярджаць пра паразу Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ зацьвердзіў восьмы пакет санкцый супраць Расеі, уключаючы абмежаваньне цэнаў на нафту. Беларусь ня згадваецца

— Які ўплыў гэта будзе мець на беларускую энэргетычную палітыку? Цяпер, калі Захад не купляе беларускія нафтапрадукты і калі Беларусь не атрымлівае грошай за транзыт расейскага газу на Захад, як гэта паўплывае на эканоміку, якія альтэрнатывы будзе шукаць беларускае кіраўніцтва?

— Транзыту мы фактычна пазбавіліся з прычыны палітыкі Расеі. Калі Масква пачала яшчэ летась свой газавы шантаж, то перастала пампаваць газ па газаправоду Ямал — Эўропа, які ідзе па тэрыторыі Беларусі. Ён ужо не выкарыстоўваўся яшчэ да таго, як Эўропа прыняла рашэньне адмаўляцца ад расейскага газу. І зараз гэты трубаправод, які калісьці быў беларускім стратэгічным актывам, па сутнасьці, проста куча жалеза.

Што тычыцца нафтапрадуктаў, то мы страцілі эўрапейскі рынак яшчэ летась, з прычыны эўрапейскіх санкцыяў. Яны ўводзіліся павольна пасьля інцыдэнту з пасаджаным у Менску самалётам RianAir, і паступова набіралі сілу. З пачаткам вайны Беларусь страціла і ўкраінскі рынак.

Шанцы на тое, што пры цяперашняй уладзе нешта памяняецца і Беларусь зноў пачне пастаўляць нафтапрадукты ў Эўропу, даволі нізкія. Зразумела, што пры даволі моцных палітычных саступках Менску гэта можа адбыцца, але на сёньня гэта ня надта рэалістычна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Свабода ад расейскага газу»: запушчаны газаправод з Грэцыі ў Баўгарыю

— І ў выніку — чым беларускія ўлады могуць кампэнсаваць страту эўрапейскага і ўкраінскага рынкаў? Пераарыентоўвацца на ўнутраны і расейскі рынак? Вядома, што ВУП і вытворчасьць падаюць на некалькі працэнтаў, але пакуль не падобна, што адбываецца эканамічная катастрофа.

— Так, нафтаперапрацоўчая галіна асабліва моцна ўпала ў траўні-чэрвені. Але ў жніўні, калі меркаваць па заробках у гэтай галіне, пачалося пэўнае аднаўленьне. Можа, ёсьць нейкі абыход санкцыяў. Немагчыма дакладна сказаць, бо шмат якую эканамічную статыстыку ўлады засакрэцілі.

Магчыма, пачаліся пастаўкі нафтапрадуктаў у Расею. Раней туды не пастаўлялі, бо не было вырашанае пытаньне «падатковага манэўру», калі расейская нафтаперапрацоўка атрымлівала бюджэтную падтрымку, а беларуская — не. Але нядаўна кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі падпісалі дакумэнт, які разьвязаў гэтае пытаньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паўночныя патокі» маглі пашкодзіць мэтанакіравана, — крыніца ў нямецкім урадзе