На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае ўкраінскі палітоляг, кіраўнік Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пэнта» Ўладзімір Фясенка.
Сьцісла
- Хутчэй за ўсё, разгляд прапановы аб прызнаньні Беларусі акупаванай Расеяй адкладуць, а прымуць толькі ў адказ на пэўныя крокі Лукашэнкі.
- Рэальныя рашэньні адносна Беларусі будуць прымаць офіс прэзыдэнта і МЗС.
- Дыпляматычныя адносіны зь Беларусьсю будуць разарваныя тады, калі Беларусь непасрэдна ўступіць у вайну, задзейнічае ўласныя войскі.
- Заява сакратара РНБА Аляксея Данілава пра тое, што Беларусь акупаваная Расеяй, — гэта публіцыстыка.
- Заявы пра тое, што полк Каліноўскага — легітымны прадстаўнік беларускага народу, гэта вынік працы лабістаў і пазыцыя пэўных палітычных колаў.
- Ва ўкраінскіх палітычных колах і ў мэдыя ідзе дыскусія пра стаўленьне да розных плыняў у беларускай апазыцыі.
- Калі беларускія войскі нападуць на Ўкраіну, цалкам магчыма, што полк Каліноўскага разам з украінскімі добраахвотнікамі пойдзе вызваляць Беларусь ад Лукашэнкі.
- Перавагу ў сэнсе прызнаньня будуць мець тыя прадстаўнікі беларускай апазыцыі, якія са зброяй у руках будуць змагацца супраць рэжыму Лукашэнкі.
— 21 кастрычніка 12 дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны ўнесьлі на разгляд парлямэнту праект Заявы аб абвяшчэньні тэрыторыі Рэспублікі Беларусь часова акупаванай Расейскай Фэдэрацыяй. Наколькі імаверна, што такая заява будзе прынятая Радай і што гэта будзе мець адпаведныя палітычныя наступствы?
— Гэтая ініцыятыва паходзіць ад прадстаўнікоў розных фракцый, у тым ліку і ад кіроўнай партыі «Слуга народу». Таму імавернасьць таго, што гэтая заява будзе ўхваленая, даволі высокая.
Але ня выключана, што разгляд і прыняцьцё адпаведнай пастановы могуць крыху адкласьці, перанесьці на пазьнейшы тэрмін. Каб прыняцьцё заявы было адказам на некія дзеяньні Лукашэнкі альбо на разьвіцьцё стасункаў зь Беларусьсю.
Аднак заява, якую прапануецца прыняць, ня надта ўплывае на цяперашні палітычны стан. Адносіны паміж Украінай і Беларусьсю фактычна замарожаныя. І я ня думаю, што парлямэнцкая пастанова можа нешта справакаваць.
Гэтая ініцыятыва парлямэнтароў будзе, хутчэй за ўсё, узгадняцца з офісам прэзыдэнта. І рэальныя дзеяньні адносна Беларусі будуць вызначаць офіс прэзыдэнта і МЗС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол Украіны ў Менску адрэгаваў на заяву пра разгортваньне супольнай з Расеяй групоўкі войскаў Беларусі—Украіна не разарвала дыпляматычныя адносіны зь Беларусьсю ані 24 лютага, ані пазьней. Амбасада ў Менску дзейнічае, амбасадар Ігар Кізім 8 кастрычніка быў запрошаны ў МЗС Беларусі, дзе атрымаў ноту з абвінавачаньнямі Ўкраіны ў намеры напасьці на Беларусь. Але ён у МЗС прыйшоў, ноту атрымаў, МЗС Украіны дало на яе адказ.
Калі будзе прынятая заява Вярхоўнай Рады аб тым, што Беларусь акупаваная Расеяй, як хутка пасьля гэтага могуць быць разарваныя дыпляматычныя адносіны (калі яны наагул будуць разарваныя)?
— Мне здаецца самым імаверным сцэнарам адкладаньне разгляду гэтай прапановы. Вось нядаўна Вярхоўная Рада прыняла пастанову аб праве народу Ічкерыі на незалежнасьць і ўласную дзяржаўнасьць. Праект быў вылучаны яшчэ ў мінулым годзе, калі не раней.
Гэтак жа можа быць і з прапановай аб прызнаньні Беларусі акупаванай. Але падкрэсьлю, што нават прыняцьцё парлямэнтам адпаведнага рашэньня ня будзе азначаць абавязковай зьмены ў стасунках зь Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі парлямэнт прагаласаваў за прызнаньне Чачэніі часова акупаванай Расеяй тэрыторыяйЗь Беларусьсю адбываецца вырашэньне пэўных працэдурных пытаньняў, ёсьць пэўныя працэдурныя пытаньні на мяжы, якія вырашаюцца.
Я мяркую, што дыпляматычныя адносіны будуць разарваныя тады, калі Беларусь уступіць у вайну супраць Украіны сваім войскам. Можна было б разарваць іх і раней, уважаючы на выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі для нападаў на Ўкраіну.
Але ў МЗС Украіны мяркуюць, што гэта павінна быць зроблена паводле дыпляматычных канонаў тады, калі Беларусь пойдзе наўпрост вайной супраць Украіны.
Так што ўсё залежыць ад дзеяньняў беларускага боку. Украінскі бок не сьпяшаецца. Мы гатовыя працягваць стасункі зь беларускай дзяржавай (не ідзе размова пра рэжым Лукашэнкі), пакуль беларуская дзяржава не пачне вайну супраць нашай краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны: Беларусь акупаваная Расейскай Фэдэрацыяй— 7 верасьня сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў у інтэрвію выданьню «Лівий берег» заявіў, што «Беларусь акупаваная Расеяй». Данілаў — не адзін з соцень дэпутатаў Вярхоўнай Рады, ён адзін з кіраўнікоў украінскай дзяржавы.
Дарэчы, Радыё Свабода пасьля зьяўленьня таго інтэрвію Данілава зьвярнулася ў МЗС Украіны з просьбай адказаць, ці лічыць міністэрства Беларусь акупаванай. Адказу не было. Дык што ж азначае тая заява сакратара РНБА?
— Адказ вельмі просты: гэта публіцыстычная пазыцыя спадара Данілава. Гэта ня ёсьць афіцыйнай палітычнай пазыцыяй украінскага кіраўніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Полк Каліноўскага паведаміў пра сустрэчу з украінскімі дэпутатамі— На мінулым тыдні чальцы міжфракцыйнага аб’яднаньня «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай Радзе сустрэліся з байцамі палку Каліноўскага, які ваюе ў складзе УСУ і складаецца з эмігрантаў зь Беларусі. Некаторыя дэпутаты абʼяднаньня заяўлялі, што разглядаюць полк як легітымнага прадстаўніка беларускага народу.
Гэта, як вы сказалі адносна словаў Данілава, «публіцыстыка» ці можа мець нейкія палітычныя наступствы?
— Гэта думка пэўнай групы дэпутатаў. Але гэта ня ёсьць афіцыйнай пазыцыяй украінскага кіраўніцтва. У пазыцыі афіцыйнай украінскай улады ёсьць пэўная дваістасьць. Мы не прызнаём рэжым Лукашэнкі, але захоўваем дыпляматычныя адносіны. Гэтая дваістасьць дае нам палітычную прастору на будучыню.
Зараз галоўная мэта Ўкраіны адносна Беларусі — прадухіліць уступленьне Беларусі ў вайну сваім войскам.
У стаўленьні да беларускай апазыцыі ёсьць нават не дваістасьць, а пэўны плюралізм думак. На жаль, гэта ня вельмі добра. Але гэта вынік і сытуацыі ў беларускай апазыцыі, і таго, што ва ўкраінскай палітыцы — людзі, якія прадстаўляюць розныя палітычныя сілы. І гэтыя розныя сілы прасоўваюць розныя лабісцкія пазыцыі — каго варта прызнаваць. Ідзе дыскусія, у тым ліку і ў мэдыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра недавер Кіева да Ціханоўскай, «грамадзяніна Арастовіча» і нацыянальны эгаізм украінцаў. Інтэрвію з украінскім журналістамТакая заява пра полк Каліноўскага — гэта вынік працы пэўных лабістаў і пазыцыя пэўных дэпутатаў, якія маюць цёплыя стасункі з гэтай плыньню беларускай апазыцыі.
А каго і калі прызнаваць — гэта будзе вырашаць прэзыдэнт Украіны паводле рэкамэндацыяў МЗС.
Пакуль адсутнасьць рашэньня наконт гэтага таксама захоўвае палітычную прастору на будучыню.
Першы момант, што няма ахвоты ўлазіць у гэтыя супярэчнасьці ў колах беларускай апазыцыі. Другі момант, што сытуацыя можа разьвівацца па-рознаму. Прызнаньне таго ці іншага субʼекта беларускай апазыцыі зараз дае нешта гэтаму субʼекту. Нам гэта зараз не дае нічога.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік камандзіра палку Каліноўскага: У нас ёсьць палітычныя амбіцыі, Сахашчыку мы не давяраем— Прадстаўнікі палку Каліноўскага кажуць, што пасьля перамогі Ўкраіны над Расеяй яны пойдуць вызваляць Беларусь ад лукашэнкаўскага рэжыму. Наколькі такія мэты, пляны адпавядаюць плянам, мэтам украінскай дзяржавы, у складзе чыёй арміі полк ваюе? Вы сказалі, што зараз мэта Ўкраіны — мінімізаваць рызыкі ўступленьня Беларусі ў вайну сваім войскам. Наколькі гэтая мэта стасуецца з плянамі і намерамі байцоў палку Каліноўскага?
— Калі пад ціскам Пуціна Лукашэнка пойдзе на авантуру і беларускае войска разам з расейскім пачне наступ на Ўкраіну, тады адпор гэтаму нападу будуць даваць ня толькі ўкраінскія, але і беларускія вайсковыя злучэньні.
Тады полк Каліноўскага, і ня толькі ён, разам са сваімі ўкраінскімі пабрацімамі будуць ваяваць зь беларускай арміяй спачатку на тэрыторыі Ўкраіны, а потым, магчыма, украінскія добраахвотнікі могуць дапамагчы палку Каліноўскага і іншым падразьдзяленьням вызваліць Беларусь ад рэжыму Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутат Рады Ганчарэнка: Полк Каліноўскага, Ціханоўская і Аб’яднаны кабінэт зьяўляюцца для мяне легітымнымі прадстаўнікамі вольнай БеларусіПадчас гэтага магчымае і прызнаньне Беларусі акупаванай тэрыторыяй. Каго будуць прызнаваць новай беларускай уладай — гэта залежыць ад абставінаў. Мяркую, што перавагу будуць мець тыя прадстаўнікі беларускай апазыцыі, якія са зброяй у руках будуць змагацца супраць рэжыму Лукашэнкі і вызваляць Беларусь. Магчыма, яны і створаць часовы беларускі ўрад, які можа быць прызнаны ўкраінскім бокам.
Гэта мае дапушчэньні, я гэта падкрэсьлю. Але гэта досыць лягічныя дапушчэньні з улікам магчымага разьвіцьця падзеяў.
Але зараз прыярытэт — мінімізацыя рызыкаў уступленьня Беларусі ў вайну сваім войскам.