Юры Панчанка, рэдактар украінскага выданьня «Європейська правда», нагадвае, што некаторыя ўкраінцы ў 2020-м лічылі, што Лукашэнка будзе лепшым за апазыцыю; адказвае на пытаньне, у чым прэтэнзіі ўкраінскіх палітыкаў да Ціханоўскай; і заяўляе, што наўрад ці афіцыйны Кіеў дойдзе да практычнай рэалізацыі пляну расколу беларускай апазыцыі.
Сьцісла:
- Многія ў 2020-м лічылі, што перамога апазыцыі ў Беларусі для Ўкраіны можа быць нявыгаднай, і Лукашэнка будзе лепшым варыянтам.
- Украіна доўгі час адмаўлялася ад кантактаў зь Ціханоўскай, пры гэтым не тлумачачы прычын.
- У выпадку непрызнаньня Ціханоўскай Украіна пойдзе насуперак пазыцыі найбліжэйшых заходніх саюзьнікаў.
- Грамадзянін Арастовіч сустрэўся з грамадзянкай Ціханоўскай, пагаварылі пра палітыку.
— У многіх беларусаў складаецца ўражаньне, што некаторыя ўкраінскія палітыкі і экспэрты, якія выказваюцца на тэму Беларусі, не валодаюць дастатковай інфармацыяй пра Беларусь і жывуць пэўнымі стэрэатыпамі.
— Часткова пагаджуся, ёсьць праблема з экспэртызамі. Гэта стала асабліва заўважна ў 2020 годзе, калі падзеі ў Беларусі для многіх ва Ўкраіне сталі нечаканымі. Многія параўноўвалі іх з нашым Майданам, і калі пабачылі розьніцу, то пачалі зьдзіўляцца, зачароўвацца і расчароўвацца. Відаць, тут своеасаблівая праблема фокусу, бо Беларусь вельмі блізка, і таму многім здаецца, што ў такой блізкай краіне ўсе разьбіраюцца, але на самой справе гэта далёка ня так.
— Калі гаварыць пра дыскусіі апошніх тыдняў, то шмат шуму ў Беларусі нарабіў тэкст народнага дэпутата ад кіроўнай партыі «Слуга народа» Багдана Яроменкі, які мяркуе, што Кіеў павінен сфармаваць уласную стратэгію ў дачыненьні да Беларусі, зрабіўшы стаўку на полк Кастуся Каліноўскага. Гэта выклікала даволі нэгатыўную і адначасова зьдзіўленую рэакцыю, бо полк Каліноўскага — частка Ўзброеных сілаў Украіны, і таму як ён можа быць палітычным прадстаўніком?
— Я рады, што гэтая калёнка выйшла ў нашай газэце і выклікала такі рэзананс. Украіна доўгі час адмаўлялася ад кантактаў зь Ціханоўскай, пры гэтым не тлумачыўшы прычын. І мы гэта зьвязвалі зь нежаданьнем канчаткова рваць з Лукашэнкам, нібыта каб не даваць яму падставы дасылаць свае войскі ва Ўкраіну. На самой справе гэта ня так — але іншых тлумачэньняў не было прадстаўлена.
І вось калі зьявілася калёнка Яроменкі, усё стала на свае месцы. І гэта ня толькі ягоная прыватная думка, падобную пазыцыю падзяляе як мінімум частка праўладнай каманды. Такія ж аргумэнты агучыў кіраўнік парлямэнцкага камітэту па зьнешняй палітыцы, таксама ад «Слугі народу», Аляксандар Мярэжка. Так што гэта ня думка аднаго чалавека, гэта ўжо акрэсьленая пазыцыя, зь якой можна дыскутаваць.
Я напісаў сваю калёнку, дзе тлумачыў, чаму, на маю думку, гэта кепская ідэя (і для ўкраінцаў, і для беларусаў). Дыскусія працягваецца, і, я лічу, гэта добра.
У многіх украінцаў ёсьць пэўныя пытаньні і нават непрыняцьце Сьвятланы Ціханоўскай, што бярэ свае карані ў 2020 годзе. Тады, яшчэ да выбараў, яна рабіла пэўныя заявы, даволі камплімэнтарныя да Расеі, і яны ва Ўкраіне ўспрымаліся ня вельмі спрыяльна. Тады ва Ўкраіне ішлі дыскусіі, і многія лічылі, што перамога апазыцыі ў Беларусі для Ўкраіны можа быць нявыгаднай, і Лукашэнка быў бы лепшым варыянтам.
Аргумэнтам было тое, што гэтая новая апазыцыя прарасейская, а Лукашэнка з уласных прычын сувэрэнітэт не аддасьць, будзе за яго трымацца, і адпаведна, меншая імавернасьць нападу з тэрыторыі Беларусі. На жаль, гэты аргумэнт ня ўлічваў таго, як прайшлі выбары і што «выйгрыш» Лукашэнкі стварыў шлях для эрозіі беларускай дзяржаўнасьці, беларускага сувэрэнітэту, і вынік гэтага мы бачым зь лютага гэтага году.
— Гэтыя аргумэнты, якія вы пераказалі, можна расцаніць як вельмі вузкі нацыянальны эгаізм — «няхай ён дыктатар, нам усё роўна, што ён забівае людзей на вуліцах, саджае тысячамі ў турмы — галоўнае, каб на нас не нападаў».
— Я з вамі згодны, я не падтрымліваю гэтыя аргумэнты, але такі пункт гледжаньня існуе, і ён тлумачыць насьцярожанае стаўленьне часткі ўкраінскіх палітыкаў да Ціханоўскай. Хоць пасьля выбараў у жніўні 2020-га, і асабліва пасьля пачатку вайны ў лютым, у яе не было заяваў, якія можна было б трактаваць як прарасейскія. Часам кажуць: вось яна не назвала Расею тэрарыстычнай дзяржавай...
— Дык фактычна ніхто з дэмакратычных заходніх лідэраў не назваў...
— Дарэчы, так. Так ці іначай, але большасьць прэтэнзіяў да яе з боку ўкраінскіх палітыкаў тычыцца менавіта заяваў да жніўня 2020 году. Маўляў, тады яна шукала падтрымкі Пуціна, а цяпер, калі ўсё памянялася, выказваецца за Ўкраіну. На маю думку, за гэтыя 2 гады зьмянілася і беларускае грамадзтва, і палітыкі, якія зьяўляюцца яго адлюстраваньнем, — так што, я лічу, трэба глядзець на тое, што цяпер.
Ва ўсякім разе, зразумела, чаму ва ўкраінскіх палітыкаў узьнікла ідэя шукаць апірышча сярод іншых беларускіх апазыцыянэраў. Але я пагаджуся, што выбар палку Каліноўскага вельмі дзіўны. Я разумею, што ў яго добрая рэпутацыя і папулярнасьць сярод беларусаў. Але ж гэта вайсковая структура, і ня вельмі добра, каб яна займалася палітыкай: сучасныя дэмакратычныя правілы да гэтага ставяцца вельмі скептычна.
Ня кажучы пра тое, што ў такім выпадку Ўкраіна выступіць насуперак пазыцыі нашых найбліжэйшых заходніх саюзьнікаў. Так што ў мяне ёсьць вялікія сумневы, што Ўкраіна пойдзе гэтым шляхам.
— А чым вы патлумачыце даволі моцныя разыходжаньні ў заявах розных украінскіх палітыкаў наконт беларускага пытаньня? Вы прывялі думкі Яроменкі ды іншых. Разам з тым Арастовіч, які мае не зусім зразумелы статус ва ўладзе, але мае відавочна большую папулярнасьць і пазнавальнасьць, сустракаецца зь Ціханоўскай і гаворыць пра памылкі Кіева ў беларускім пытаньні. Няўжо нават падчас вайны ва ўкраінскім кіраўніцтве адна частка не зьвяртае вялікай увагі на тое, што робіць і гаворыць іншая частка?
— Хутчэй так. Каго прадстаўляе Арастовіч — даволі складана сказаць. Ягоная сустрэча зь Ціханоўскай — гэта больш ягоны асабісты піяр. Дазвольце мне выказаць сумнеў, што ў яго быў нейкі перамоўны мандат ад Зяленскага. У прынцыпе, грамадзянін Арастовіч сустрэўся з грамадзянкай Ціханоўскай, пагаварылі пра палітыку.
Я да канца не разумею, адкуль узьнікла гэтая пазыцыя некаторых дэпутатаў і што яны ў выніку хочуць атрымаць. На сёньня відавочна, што менавіта Ціханоўская — прадстаўніца прадэмакратычных беларусаў, і яна будзе заставацца такой (калі сытуацыя радыкальна ня зьменіцца) да 2025 году.
Мы ведаем, што каманда Ціханоўскай спрабуе арганізаваць супрацоўніцтва з палком Каліноўскага, але пакуль ня вельмі ўдала. Узьнікае пытаньне — чаму? Полк сам адхіляе гэтае супрацоўніцтва ці на яго аказваецца пэўны палітычны ціск?
Я пагадзіўся б з аргумэнтам Яроменкі ды іншых, што ёсьць шмат беларускіх палітыкаў, якія даўно ў палітыцы і даўно займаюць больш праўкраінскія і антырасейскія пазыцыі, — але большасьць зь іх у турмах альбо не займаюць прыкметных пазыцый у палітыцы.
Падсумоўваючы, я ня думаю, што афіцыйны Кіеў дойдзе да практычнай рэалізацыі гэтага пляну — па расколу беларускай апазыцыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.