«Пачалі зацягваць пятлю на шыі»
— «Марк», раскажыце, калі ласка, што можаце, пра сябе.
— Нарадзіўся і вырас у Беларусі. Мне больш за 40 гадоў. Ні ў якіх палітычных рухах ня ўдзельнічаў. Можна сказаць, што «прачнуўся» толькі ў 2020 годзе. Займаўся рамонтам аўтамабіляў, у мяне была свая СТА ў Менску.
— Чым для вас быў 2020 год?
— У мяне было адчуваньне, што вось-вось, што ўсё рэальна. А потым было адчуваньне, нібыта плюнулі ў твар. Пасадзілі аднаго майго добрага таварыша, у мяне дома быў вобшук, забіралі маю жонку.
— На падставе чаго гэта рабілася?
— Там была крымінальная справа, у якой удзельнічала некалькі тысяч чалавек. У нас забралі ўсю тэхніку, ператрэсьлі ўсю кватэру, а жонку павезьлі на допыт, падвечар яе вярнулі. З нашага дому пасадзілі жанчыну, якая зьбірала подпісы за Віктара Бабарыку. Ля нашага дому пачалі дзяжурыць міліцыянты, якія арыштоўвалі людзей, што выходзілі гуляць. Яны пачалі «зацягваць пятлю на шыі». Мне было некамфортна знаходзіцца ў Менску, я пераехаў за горад. Гэта такое адчуваньне, калі ты выходзіш з кватэры, а пад домам стаіць сіні аўтобус, адразу думка: «Па мяне?» Потым разумееш, што па суседа.
— Што было штуршком зацікавіцца падзеямі ў краіне ў 2020-м?
— Я ніколі ня быў прыхільнікам стаяньня на лавачках, я быў прыхільнікам таго, каб ламаць гэтыя лавачкі. Або ісьці і душыць да апошняга, або нават не пачынаць. Шмат у чым мне не падабалася тое, што адбываецца, але я разумеў агульны настрой — скінуць уладу мірна. Хоць сам я разумеў, што мірна гэта не атрымаецца. Я быў акрылены тым, калі ўбачыў, колькі людзей хоча перамен. Я стаяў у 300—400-мэтровых чэргах за тое, каб прагаласаваць, людзі зь белымі бранзалетамі, усьміхаюцца, прыгожыя. Была магчымасьць убачыць ня шэрую Беларусь, а часы, калі людзі жылі надзеяй.
— 10 жніўня былі спробы даваць супраціў сілавікам на «Пушкінскай» і «Рызе», чаму пасьля гэта не працягнулася?
— Мы самі вінаватыя, мы не далі гэтаму разьвіцьця. Лідэры казалі, каб ніякага гвалту. Людзі не разумелі, што з гвалтаўнікамі і забойцамі нельга сесьці за стол і дамовіцца, бо яны вас падмануць. А наша дзяржава і яе карны апарат — гэта і ёсьць забойцы і гвалтаўнікі. Першым закон парушае менавіта дзяржава. Цяпер ужо няма сэнсу гаварыць, што магло б быць. Помніце, Бабарыка загадзя здымаў відэа на выпадак ягонага затрыманьня, то можна было б запісаць відэа, каб яго вызвалілі людзі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Беларусі сабрала замежных аташэ, каб расказаць, што будуць рабіць расейскія вайскоўцы«Яны прадалі свой народ»
— Вас асабіста не затрымлівалі?
— Мы на ўсіх маршах былі з жонкай, і заўсёды неяк своечасова сыходзілі. Калі загінуў Раман Бандарэнка, то мы былі на гэтай плошчы, толькі адышлі, і літаральна праз 5–7 хвілін усё было ў аблозе. Магчыма, гэта ўнутранае чуцьцё.
— Слухаў вашы стрымы ў тэлеграм-канале батальёну «Волат», і ў мяне ўражаньне, што ў вас нянавісьць да сілавікоў. Гэта праўда?
— Безумоўна. Я лічу гэтых людзей злачынцамі. Іх нельга назваць проста жулікамі, яны сапраўдныя злачынцы і здраднікі радзімы. За міску баланды і абяцаную кватэру прадалі свой народ і сваю краіну. Яны прадаліся за 50 тысяч даляраў, за нейкую панэльную «двушку». Яны перайшлі на бок зла. Калі мы возьмем Крымінальны кодэкс, то там ёсьць артыкул аб гвалтоўным захопе ўлады, ім пагражае «вышка». Я не баюся браць адказнасьць і гатовы гэта рэалізоўваць. Гэта шчыры адказ.
— Вы сказалі пра бок зла. Лукашэнка для вас — гэта зло?
— Так. Калі зьнянацку перастане быць Лукашэнка, то ўсё ў нас імгненна наладзіцца. Увогуле я лічу, што Лукашэнка не павінен памерці хутка, мы павінны дазнацца, дзе ў яго афшоры, трэба вярнуць краіне, што ён скраў, вывез. Ён павінен вельмі доўга даваць паказаньні.
«Адчуваў, што не дарую сабе»
— 24 лютага 2022 году. Як вы сустракалі гэты дзень?
— Гэта было вялізнае ўзрушэньне. Мне было вельмі цяжка. Я ня спаў трое ці чацьвёра сутак. 24 на 7 я сядзеў у тэлефоне, гартаў навіны, глядзеў відэа, перастаў размаўляць з жонкай. Я ня езьдзіў на працу. Я быў у шоку, як такое магло пачацца. Я быў тады ў Беларусі. У нейкі момант я сказаў жонцы, што болей так не магу, што калі я нічога не зраблю, не паспрабую зьмяніць сытуацыю, то я сабе гэтага не дарую. Было адчуваньне, што я згараў знутры. Я падняў свае кантакты, у мяне ўжо быў знаёмы ў батальёне Каліноўскага, я зь ім сьпісаўся, ён сказаў: «ОК, прыяжджай». У мяне была віза з 18 сакавіка. 17 сакавіка ўначы я ўжо быў на мяжы, каб хутчэй яе перасекчы.
— Як жонка да гэтага паставілася?
— Яна тады была на другім месяцы цяжарнасьці. Яна сказала: «Я цябе разумею, калі б я не была цяжарная, то была б побач з табой». Яна мяне адвезла ў Варшаву.
— Што ўбачылі ва Ўкраіне?
— Людзі настолькі добра да цябе ставіліся! Мяне спынялі на блёк-пастах і пыталіся: «Ты беларус? Можна я пацісну табе руку?» Вось так ва Ўкраіне ставяцца да беларусаў, асабліва калі ты вайсковец. Проста фантастычнае стаўленьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я накіраваны вызваліць Беларусь». Добраахвотнік «Менавіта» пра Пазьняка, КДБ, бэйсбол і іранскія мінамёты«І страх, і адрэналін»
— Начальнік штабу батальёну «Волат». Што гэта такое? Што ўваходзіць у вашы абавязкі?
— Гэта ўсё, апроч непасрэднай нарэзкі задач. У мяне няма вялікага баявога досьведу, я не займаюся баявымі задачамі, але раблю ўсё астатняе.
— Але мне казалі, што вы былі і ў Калініндорфе, і ў Лісічанску.
— Я быў паўсюль. Усё, што можна было прайсьці з Ванем «Брэстам» (Іван Марчук, загінуў напрыканцы чэрвеня ў Луганскай вобласьці. — РС), мы прайшлі. Проста з часам, калі мы павялічыліся з маленькай роты цяжкога ўзбраеньня ў некалькі дзясяткаў чалавек да трохзначных лічбаў, то Ваня мусіў дэлегаваць частку сваіх паўнамоцтваў. «Брэст» тады займаўся толькі баявымі апэрацыямі, а астатняе ўзялі некалькі іншых чалавек, у тым ліку я.
— Што вы адчулі пры першых стрэлах, у першых баях?
— І страх, і адрэналін. Ёсьць такая штука, як адрэналінавая залежнасьць. Калі нехта пабываў у баях, то ведае, што гэта за адчуваньне, і зь ім ужо нічога не параўнаецца.
«Заўсёды патрэбныя дроны і аўтамабілі»
— Праз вас праходзіць уся амуніцыя і зброя, што ідуць у батальён?
— Так. Амуніцыя, зброя, людзі. У мяне неабмежаваная колькасьць задач.
— Чуў, што беларускія байцы маюць нашмат лепшую амуніцыю, чым многія ў УСУ. Гэта так?
— Так. Па сваім абсталяваньні і амуніцыі мы можам канкураваць зь сіламі спэцыяльных апэрацый. Цана бэльгійскай штурмавой вінтоўкі SCAR — 15 тысяч даляраў. У Беларусі шмат людзей увогуле трымалі ў руках такую зброю?
— Чаго вам не хапае?
— У нас ёсьць рэчы, якія зьяўляюцца «расходнікамі», яны патрэбныя заўсёды. Гэта — дроны, аўтамабілі. Нядаўна была гісторыя, што насустрач выехаў свой жа танк, зачапіў крыху машыну. Нават са зьніжкамі для УСУ запчасткі абышліся ў 340 даляраў, а радыятар давялося доўга чакаць. Машыны б’юцца, мы іх губляем. Мы пастаянна расьцём, павялічваецца колькасьць экіпажаў і патрэба ў машынах. Нам трэба, каб хаця б дзьве машыны прыяжджалі штотыдзень.
— Адміністрацыйная праца не вызваляе ад баявых заданьняў?
— Не, вядома. Цяпер я стаў менш выяжджаць, проста няма магчымасьці. Але ёсьць апэрацыі, у якіх я працягваю прысутнічаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сумесная з Расеяй групоўка войскаў патрэбная Лукашэнку, каб абараніцца ад сілавога варыянту адхіленьня ад улады», — аналітык Чалы«Давай абдымемся»
— Вы ўжо некалькі разоў успаміналі Івана «Брэста». Што гэта быў за чалавек?
— Ох, Ванечка... Гэта быў сапраўдны баявы камандзір. Ён гарэў усім гэтым. У яго быў унутраны рухавік. Бывае, што нават не было сілаў устаць, але ён мог перавярнуцца на жывот, стаць на калені, а потым абаперціся на аўтамат і падняцца. І Ваня мог так падняць. Я штодня думаю аб тым, што павінен так рабіць сваю працу, каб мне не было сорамна ні перад жывымі хлопцамі, ні перад тымі, хто загінуў. У мяне ненармаваны рабочы дзень.
— У вас сапраўды было толькі шэсьць выходных дзён ад пачатку вайны?
— Я лічыў. Можа нават меней. Каля таго. Якраз нядаўна абмяркоўвалі з чалавекам, які выпісвае звальняльныя, дык ён казаў, што ніводнай у мяне ўспомніць ня можа. Дакладна было дзьве, калі мне трэба было схадзіць у горад паесьці. За паўгода на вайне я ні разу ня спаў не ў «распалазе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я паставіў на кон усё». Няскончанае інтэрвію з Іванам «Брэстам», які загінуў ля Лісічанску— Вы казалі, што адчувалі нешта нядобрае перад той апэрацыяй, дзе загінуў «Брэст», і не хацелі яго адпускаць.
— Ня толькі я. Калі хлопцы выяжджаюць, мы іх праводзім. Калёна спынілася, Ваня даходзіць да машыны, я іду за ім, хацеў спытацца, што ён забыўся. А ён кажа: «Давай абдымемся». Я тады нават фізычна не хацеў яго адпускаць. Нядаўна гаварыў з начальніцай нашай мэдслужбы «Север» (Анастасія Махамет. — РС), і яна казала, што таксама катэгарычна не хацела, каб яны ехалі. За дзень да гэтага ў нас быў вялікі сход, дзе я казаў: «Нам ня трэба ехаць, а трэба скончыць пытаньні тут». У нас былі ўнутраныя пытаньні нявырашаныя. Ваня ня той чалавек, якога можна было не адпусьціць на баявое.
— Вы праводзілі неафіцыйнае расьсьледаваньне сьмерці «Брэста». Падзяліцеся ягонымі вынікамі. Ці магла гэта быць нейкая «падстава»?
— Калі пачалася нейкая кансьпіралёгія аб тым, што «Ваню зьлілі», я пачаў гэтае расьсьледаваньне. Я быў пастаянна на сувязі, ведаў пра апэрацыю, якая мела на мэце іх выратаваць. Я ведаю, хто што рабіў. На базе ў Краматорску я гаварыў асабіста з усімі ўдзельнікамі тых падзей. Паступова я склаў пазл за пазлам, што там адбылося. Мяне там не было, але па словах відавочцаў склаў поўную карціну. Я не лічу, што Івану здрадзілі, проста так адбылося, як адбылося з Пашам «Волатам» (Павал Суслаў, загінуў у траўні. — РС).
— Ці была магчымасьць у групы «Брэста» не прымаць бой, а паспрабаваць адысьці?
— Так. Мне здаецца, што так. Але «Брэст» ніколі ня мог не прыняць бой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уступленьне Лукашэнкі ў вайну можа стаць пачаткам грамадзянскай вайны ў Беларусі«Пасварыцца могуць на роўным месцы»
— Вы адказваеце да дысцыпліну ў батальёне, наколькі гэта цяжка?
— Гэта самае цяжкае. Самае цяжкае — хаваць сяброў і навесьці дысцыпліну. Нездарма прыдумалі слова «бульбасрач». У нас людзі могуць пасварыцца на абсалютна роўным месцы. Я для сябе зрабіў выснову: калі чалавек зь нейкай палітычнай арганізацыі, то чакай праблем.
— Праблема з наркотыкамі і алькаголем актуальная?
— На дадзены момант не. Умовы простыя: калі вы трымаеце ў руках паперку з датай і часам вашага звальненьня, то можаце наняць кватэру, дзе можна ўпіцца, унюхацца, укурыцца. Але ў шэрагах палку, калі ласка, выконвайце правілы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Полк Каліноўскага патлумачыў прычыны звальненьня «Варага» — камандзіра аднаго з батальёнаў«Вызваленьне Ўкраіны — гэта прыступка»
— Адкуль ваш пазыўны?
— У мяне сына завуць Марк.
— Што самае непрыемнае на вайне?
— Адчуваньне, што ты ня можаш нешта зрабіць. А таксама бульбасрач — гэта вельмі непрыемна. Гэта момант, калі мы павінны быць разам, а замест гэтага пачынаем дзяліць шкуру незабітага мядзьведзя. Іван «Брэст» даў нам тую траекторыю, у якой мы працягваем рух. І мне вельмі важна гэта ўсё не згубіць, не скаціцца ў балаган.
— Што самае прыемнае на вайне?
— Убачыць жонку. Убачыць, наколькі яна прыўкрасная. У мяне жонка дзекабрыста, яна прыехала ня так даўно да мяне.
— У Беларусі ёсьць шанец здабыць свабоду па выніках гэтай вайны?
— Калі мы хоць на сэкунду перастанем думаць пра тое, што наша канчатковая мэта — гэта Беларусь, то мы здрадзім ідэі. Для мяне фініш — гэта свабодная Беларусь. Вызваленьне Ўкраіны — гэта толькі прыступка. У мяне няма ўнутраных абмеркаваньняў, думак, што вайна скончыцца ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб вярнуцца ў Беларусь, хутчэй за ўсё, патрэбны вайсковы пераварот». Гутарка з байцом падразьдзяленьня «Пагоня» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украіна ўжо перамагла». Добраахвотнік «Лысы» аб прапагандыстах БТ і тым, што ўратавала на вайне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Проста ваяваць за людзей, якіх любіш». Добраахвотнік «Рыцар» быў у партыі, блізкай да Васкрасенскага, а потым зьехаў на вайну