Паводле інфармацыі беларускага вайсковага ведамства, Валер Равенка адзначыў «высокі ўзровень напружанасьці» вакол Беларусі, які «выклікаў неабходнасьць прыняцьця комплексу дадатковых мер стратэгічнага стрымліваньня». Гэтыя захады накіраваныя на «недапушчэньне дэстабілізацыі сытуацыі і разьвязваньня ваеннай агрэсіі супраць Рэспублікі Беларусь і саюзнай дзяржавы».
Замежным вайсковым дыпляматам расказалі пра «парадак і месцы разгортваньня РГВ на тэрыторыі Беларусі, заплянаваныя мерапрыемствы апэратыўнай і баявой падрыхтоўкі».
- Паводле Мінабароны, колькасьць расейскіх вайскоўцаў у межах «рэгіянальнай групоўкі» на тэрыторыі Беларусі — каля 9 тысяч.
- Акрамя гэтага Расея перакіне ў Беларусь каля 170 танкаў, да 200 баявых машын і да 100 гармат і мінамётаў калібрам больш за 100 мм.
- Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што ў краіну пачаў прыбываць і «авіяцыйны складнік рэгіянальнай групоўкі войскаў».
На нарадзе з сілавікамі 10 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расея разгорнуць сумесную рэгіянальную групоўку войскаў — у сувязі з «абвастрэньнем на заходніх межах саюзнай дзяржавы». Аснову гэтай групоўкі, паводле яго, складаюць Узброеныя сілы Беларусі, але разам з тым у краіну прыбудуць і расейскія войскі, як высьветлілася пазьней, 9 тысяч чалавек.
Увечары 8 кастрычніка амбасадара Ўкраіны ў Менску Ігара Кізіма запрасілі ў МЗС Беларусі, каб уручыць яму дыпляматычную ноту. У ноце беларускі бок сьцьвярджае, што Ўкраіна плянуе напад на тэрыторыю Беларусі.
Украінскае МЗС адрэагавала на такія заявы. Там падкрэсьлілі, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці, і назвалі дзеяньні Менску «чарговымі інсынуацыямі рэжыму».