У вучэньнях Steadfast Noon («Нязломны поўдзень») будуць задзейнічаныя 14 краін і 60 вайсковых самалётаў. Падобныя манэўры Паўночнаатлянтычны альянс праводзіць штогод, аднак на тле жорсткай канфрантацыі з Расеяй у NATO загадзя ўдакладнілі, што вылеты будуць рабіцца на адлегласьці тысячу кілямэтраў ад мяжы РФ і самалёты ня будуць мець сапраўдных баявых зарадаў. У Маскве пацьвердзілі, што пра нешта надзвычайнае гаворкі ня йдзе.
Паводле эўрапейскіх СМІ, у NATO абмяркоўвалася пытаньне аб магчымай адмене або пераносе гэтых вучэньняў дзеля прадухіленьня магчымай эскаляцыі, аднак у выніку было прынята рашэньне дзейнічаць паводле плянаў, распрацаваных яшчэ да 24 лютага.
Палёты будуць праходзіць над Бэльгіяй, якая прымае вучэньні, а таксама над Паўночным морам і Вялікай Брытаніяй. «Баявая зброя выкарыстоўвацца ня будзе», — гаворыцца ў паведамленьні NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі пацьвердзілі пераабсталяваньне беларускіх Су-25 пад ядзерную зброю- Напярэдадні вучэньняў у ядзерным стрымліваньні генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг пракамэнтаваў у інтэрвію CNN магчымасьці прымяненьня альянсам ядзернай зброі: «Абставіны, пры якіх NATO магло б або было б вымушанае прымяніць ядзерную зброю, застаюцца надзвычай далёкімі».
- Пры гэтым Столтэнберг адзначыў, што NATO «пільна» назірае за вучэньнямі расейскіх сіл ядзернага стрымліваньня на тле «небясьпечнай рыторыкі» Масквы.
- Напярэдадні Расея правяла ў Рэспубліцы Марый Эл камандна-штабныя вучэньні ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня. У іх былі задзейнічаныя больш як 3 тысычы вайскоўцаў і каля 300 адзінак тэхнікі. Як удакладнілі ў Мінабароны Расеі, падчас вучэньняў «адпрацоўваліся пытаньні інтэнсіўных манэўраных дзеяньняў мабільных ракетных комплексаў «Ярс», іх маскіроўкі, а таксама процідзеяньня сучасным і пэрспэктыўным сродкам паветранай выведкі».