Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паслаць беларускую армію на вайну было б для Лукашэнкі вар’яцтвам» — былы кіраўнік бюро NATO у Маскве


Расейскія вайскоўцы прыбылі ў Беларусь, 15 кастрычніка 2022
Расейскія вайскоўцы прыбылі ў Беларусь, 15 кастрычніка 2022

Заявы Лукашэнкі пра ядзерную пагрозы з боку Польшчы, пляны NATO па ўмацаваньні ўсходняга флянгу альянсу, рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расеі, прапанова Зяленскага пра міратворцаў на ўкраінска-беларускай мяжы — тэмы гутаркі Юрыя Дракахруста з польскім экспэртам у праблемах бясьпекі, старшым навуковым супрацоўнікам Фонду Пулаўскага, былым дырэктарам інфармацыйнага бюро NATO ў Маскве (2010–2015) Робэртам Пшэлем.

— «Польшча — галоўны ініцыятар ужываньня ядзернай зброі» — такую заяву зрабіў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію амэрыканскаму тэлеканалу NBC. Паводле кіраўніка Беларусі, кіраўніцтва Польшчы дамагаецца разьмяшчэньня на тэрыторыі краіны амэрыканскай ядзернай зброі, а гэта, на думку Лукашэнкі, падарве стратэгічную стабільнасьць у рэгіёне. Як вы можаце пракамэнтаваць гэтыя яго заявы?

— Тое, што кажа гэты чалавек — гэта дэзынфармацыя і правакацыя. Гэта ня мае дачыненьня да рэальнасьці, але мае — да складаных адносінаў Лукашэнкі з Масквой. У NATO ёсьць тры краіны, якія маюць ядзерную зброю — гэта ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя. Гэтая зброя ёсьць у арсэнале Альянсу. Але ён падыходзіць да гэтага пытаньня вельмі адказна. Ёсьць пэўная палітыка nuclear sharing — разьмяшчэньня ядзернай зброі ў краінах альянсу. Дыскусія аб зьмене гэтага існага разьмяшчэньня яшчэ нават не пачыналася. Так што на сёньняшні дзень проста няма прадмету абмеркаваньня. І сёньня калі каму і варта задаваць пытаньні, дык гэта Расеі, якая ледзь не штодзень пагражае ядзернай зброяй. Такіх безадказных паводзінаў не было нават у Савецкага Саюзу.

А што да Беларусі, дык сёлета па прапанове Лукашэнкі з Канстытуцыі быў выдалены артыкул аб бязьядзерным статусе краіны. Так што пытаньні трэба задаваць Лукашэнку і Пуціну, а не кіраўніцтву Польшчы. Хто сёньня вядзе вайну, хто пагражае міру? Расея пры дапамозе Беларусі. Хто пагражае сьвету ўжываньнем ядзернай зброі? Ізноў жа Расея. Што будзе далей? Пажывем — пабачым. Сёньня галоўнае — каб скончылася тое, што ўчыніў і чыніць Пуцін пры дапамозе Лукашэнкі.

— Мінулым разам мы з вамі размаўлялі пасьля чэрвеньскага саміту NATO, на якім было прынятае рашэньне павялічыць з 40 да 300 тысячаў колькасьць сілаў альянсу, якія могуць быць хутка разьмешчаныя на ўсходнім флянгу. За тыя 4 месяцы, якія мінуліпасьля саміту — як былі рэалізаваныя яго рашэньні адносна умацаваньня ўсходняга флянгу?

— У рашэньнях саміту не ішла размова пра тое, што 300 тысячаў вайскоўцаў альянсу будуць разьмешчаныя на ўсходзе. Ідзецца пра тое, што такая колькасьць сілаў павінная быць у стане высокай боегатоўнасьці. Зараз колькасьць сілаў, якія разьмешчаныя на перадавым рубяжы, павялічаная на поўдні — у Славаччыне, Румыніі, Вугоршчыне. Гэта выклікана расейскай агрэсіяй ва Ўкраіне. Пераважная частка з гэтых 300 тысячаў боегатовых злучэньняў знаходзяцца на сваіх нацыянальных тэрыторыях. Але яны хутка могуць быць перакінутыя на ўсход пры ўзьнікненьні пагрозы.

— Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра разгортваньне ў Беларусі рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі. Што гэта азначае, на ваш погляд, якія наступствы будзе мець гэтае рашэньне?

— Гэта вельмі небясьпечная гульня Лукашэнкі. Я ня ведаю, ці ператворыцца гэта ў новую спробу ўварваньня ва Ўкраіну з поўначы. Але ў любым выпадку гэта элемэнт ціску на Ўкраіну. Сёньня Расея прайграе на ўсходзе і на поўдні Ўкраіны, украінцы вядуць вельмі пасьпяховы наступ, вызваляючы сваю тэрыторыю. Рух войскаў на тэрыторыі Беларусі прымушаеь Украіну канцэнтраваць большыя сілы на мяжы зь ёй.

— На ваш погляд, Лукашэнка — марыянэтка Пуціна, ці ён усё ж мае пэўную ступень аўтаноміі? Пашлюць беларускае войска ваяваць ва Ўкраіну ці не — гэта залежыць толькі ад Пуціна? Ці ня толькі ад яго?

— Пуцін аказвае вельмі моцны ціск на Лукашэнку. Няма ніякіх гарантыяў таго, што беларускія вайскоўцы выканаюць загад пайсьці на вайну, калі такі загад будзе. Гэтак жа перад пачаткам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну многім здавалася, што якасьць расейскага войска даволі высокая. Але высьветлілася, што гэта ня так. Паралюш інстытутаў, які мае месца ў Расеі, закрануў і армію. Падобная сытуацыя можа быць і ў Беларусі. Невядома, якая колькасьць баегатовых, баяздольных частак з тых 70 тысячаў, пра якія кажа Лукашэнка. Згадзіцца паслаць армію на вайну для яго было б варʼяцтвам.

— Як вы ацэньваеце прапанову прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага наконт разьмяшчэньня міжнародных назіральнікаў на мяжы Ўкраіны і Беларусі? Я памятаю, некалькі месяцаў таму, калі ішлі баі ў Марыюпалі, у Польшчы выказваліся прапановы наконт накіраваньня туды міратворчага кантынгенту. Тады гэтая ідэя не была рэалізаваная. Цяперашняя прапанова Зяленскага мае шанцы на рэалізацыю?

— Рэалізацыя такой прапановы зьнізіла б той ціск, які зараз аказваецца на Ўкраіну з поўначы, пра што я казаў раней. Размова не ідзе пра тое, што гэта былі б міратворцы з краінаў NATO, гэта былі б міратворцы з нэўтральных краінаў. Для Ўкраіны такая міратворчая місія была б карыснай.

Пэўная карысьць ад гэтага была б і для Менску. Лукашэнка не зацікаўлены ў рэальным удзеле ў баявых дзеяньнях. Калі б Беларусь была сапраўды сувэрэннай краінай, калі б рашэньні ў ёй прымаліся незалежна ад таго, чаго хоча ці ня хоча Расея — дык праблемы не было б наагул. Бо стасункі паміж украінскім і беларускім народамі былі вельмі цёплымі. І міждзяржаўныя адносіны былі някепскімі, нягледзячы на наяўнасьць Лукашэнкі. Але калі з прычыны палітыкі Лукашэнкі Беларусь стала памочніцай Пуціна ў вайне, гэта зьмяніла стаўленьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG