Алесь Бяляцкі — ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру. Што гэта значыць для Беларусі? Чаму Нобэлеўскую прэмію міру сёлета вырашылі даць праваабаронцам краін, якія ўдзельнічаюць у вайне? Ці вызваліць Лукашэнка Бяляцкага? Як уганараваньне праваабаронцы прэміяй паўплывае на беларускія спрэчкі наконт мірных і нямірных шляхоў перамен?
Гэтыя тэмы абмяркоўваюць на канале Свабода Premium палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Сьцісла
- Вайна парадаксальным чынам павялічыла ўвагу да правоў чалавека.
- Беларуская і расейская прапаганда зараз абрынецца на Нобэлеўскі камітэт.
- Для прыхільнікаў выключна мірных мэтадаў барацьбы прэмія Бяляцкаму стане дадатковым аргумэнтам.
- На пэўны час Беларусь ізноў трапіць у цэнтар сусьветнай увагі.
- Імавернасьць таго, што беларускія ўлады вызваляць Бяляцкага, невысокая.
Дракахруст: Якое значэньне будзе мець уганараваньне Бяляцкага — праваабаронцы і палітвязьня — Нобэлеўскай прэміяй?
Цыганкоў: Зараз мільёны людзей чытаюць гэтую навіну. І яны даведваюцца, што ляўрэат Нобэлеўскай прэміі знаходзіцца за кратамі. І ў людзей узьнікае пытаньне — што ж за рэжым пануе ў гэтай краіне?
Увага да Беларусі зараз падвысіцца да максымальнага ўзроўню.
Нобэлеўскі камітэт дасылае мэсыдж, што нават падчас вайны праваабарончая тэматыка, правы чалавека не павінны адсоўвацца ўбок.
На пэўны час Беларусь ізноў трапляе ў цэнтар сусьветнай увагі. Зразумела, што ва ўсіх паведамленьнях мэдыя пра ўзнагароджаньне Бяляцкага будуць апісваць сытуацыю ў Беларусі.
З 14 ліпеня 2021 году Бяляцкі знаходзіцца пад вартай, ён быў затрыманы ў межах крымінальнай справы супраць праваабарончага цэнтру «Вясна». Па гэтай справе праходзяць таксама Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч і іншыя «вясноўцы».
Бяляцкага абвінавачваюць у «фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». «Вясна» дапамагала людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій. За гэта Бяляцкаму пагражае ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня.
Алесь ня першы раз за кратамі, ён сядзеў з 2011 па 2014 год, і ў 2014 годзе быў вызвалены па амністыі. Просьбу аб памілаваньні ён не пісаў прынцыпова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы плакалі ад шчасьця і скакалі» — беларускія праваабаронцы пра Нобэлеўскую прэмію для Алеся БяляцкагаДракахруст: Ёсьць сумная гістарычная аналёгія. Нобэлеўскую прэмію міру за 1935 год атрымаў нямецкі журналіст, грамадзкі дзеяч, пацыфіст Карл фон Асецкі. Асецкі атрымаў прэмію, сядзячы ў нацысцкім канцлягеры.
Валер, намінантамі на сёлетнюю прэмію былі вельмі розныя асобы і арганізацыі: Грэта Тунбэрг, Джуліян Асандж, Уладзімір Зяленскі. Лідэрамі ў букмэкераў былі Сьвятлана Ціханоўская і Аляксей Навальны.
Далі прэмію праваабаронцам трох усходнеславянскіх краінаў.
Як вы тлумачыце гэтае рашэньне?
Карбалевіч: Вайна Расеі супраць Украіны адыграла вырашальную ролю ў выбары ляўрэатаў. Ляўрэатамі сталі праваабаронцы з трох краін, якія рэальна ўдзельнічаюць у вайне. Вайна павялічвае ўвагу да правоў чалавека, як гэта ні парадаксальна гучыць.
Цяпер дзяржаўныя мэдыя ў Беларусі і Расеі пачнуць кампанію супраць Нобэлеўскага камітэту, сытуацыя вяртаецца ў савецкія часы. Тады Нобэлеўскі камітэт па прысуджэньні прэміяў міру трактаваўся як структура Захаду ў барацьбе супраць сацыялістычных краін. Цяпер будуць трактаваць як структуру Захаду ў барацьбе супраць Расеі і Беларусі.
Дракахруст: Як будуць дзейнічаць беларускія ўлады? Я прыгадаў узнагароджаньне Асецкага. Тады нацы спрабавалі прымусіць яго адмовіцца ад прэміі, потым заявілі, што ён свабодна можа паехаць у Осла атрымаць яе. Насамрэч яго ня выпусьцілі з краіны, але праз пэўны час перавялі з турмы ў цывільны шпіталь.
Гэта была максымальная міласьць Гітлера, на якую ён быў здольны адносна нобэлеўскага ляўрэата. Беларуская ўлада будзе больш міласьцівая?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Алексіевіч: Алесь Бяляцкі для беларускай барацьбы — міталягічная фігураЦыганкоў: Тут два варыянты. Ёсьць варыянт, пра які сказаў Валер — што адказам на ўганараваньне беларуса-палітвязьня будзе адно прапагандысцкая атака на Нобэлеўскі камітэт, скажуць, што гэтае рашэньне мае на мэце падарваць сувэрэнітэт Беларусі і яе еднасьць з Расеяй.
Але з імавернасьцю ў 20% я б прадказаў варыянт у рэчышчы тых міні-гульняў, якія менскі рэжым спрабуе гуляць з Захадам — вызваліць Бяляцкага, хоць, можа, і не адразу, каб гэта не было ўспрынята як слабасьць.
Калі ў беларускай уладзе засталіся разважлівыя людзі, яны маглі б ухапіцца за гэтую магчымасьць, каб спыніць уцягваньне Беларусі ў вір ад расейскага «Тытаніка», які тоне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася першая рэакцыя ўладаў Беларусі на Нобэлеўскую прэмію Алеся БяляцкагаДракахруст: Тады за вызваленьне Асецкага да Гітлера зьвярталіся ўплывовыя ў сьвеце асобы. Не выключаю, што і зараз можа быць тое самае. Напрыклад, які Ілон Маск можа зьвярнуцца, балазе ён зараз пачаў выказвацца на палітычныя тэмы. Лукашэнка можа задаволіць такія просьбы?
Цыганкоў: Можа. Але імавернасьць гэтага мінімальная. І гэта будзе паказьнікам, ці засталіся ва ўладзе людзі, якія могуць прынамсі прапаноўваць розныя варыянты дзеяньняў, ці ўсё ідзе па лініі канфрантацыі ў расейскую прорву.
Дракахруст: Валер, як уганараваньне Бяляцкага Нобэлеўскай прэміяй можа паўплываць на беларускі грамадзка-палітычны працэс?
У 2020 годзе быў грамадзкі кансэнсус наконт таго, што пратэсты павінны быць выключна мірныя. Зараз грамадзкая думка зьмянілася, немалая частка грамадзтва лічыць, што такія рэжымы, як сучасны беларускі, мірным шляхам адхіліць ад улады немагчыма, што трэба дзейнічаць сілай.
Бяляцкі, праваабаронцы ніколі не былі за нямірны шлях. Нават крытэр беларускіх праваабаронцаў наконт аднясеньня людзей, якія сядзяць за палітыку, да палітвязьняў дакладны — неўжываньне гвалту.
І сам Бяляцкі не ўжываў гвалт і не заклікаў да яго. Тое, што прэмію атрымаў чалавек такіх прынцыпаў, — як гэта можа паўплываць на беларускую спрэчку пра шляхі перамен?
Карбалевіч: Што да ўлады, то я таксама не выключаю, што Лукашэнка паспрабуе «прадаць» вызваленьне Бяляцкага як мага даражэй і запатрабуе ад Захаду саступак у адказ.
Мяркую, што ўганараваньне Бяляцкага прэміяй выкліча новыя спрэчкі паміж апанэнтамі Лукашэнкі наконт мэтадаў барацьбы. Мэйнстрымам апошніх месяцаў была стаўка на больш радыкальныя сродкі.
Для прыхільнікаў выключна мірных мэтадаў прэмія Бяляцкаму стане дадатковым аргумэнтам. Пакуль выбар на карысьць радыкальных мэтадаў не ператварыўся ні ў якую практыку і зводзіцца пераважна да радыкальнай рыторыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Схіляюся перад мужнасьцю Алеся Бяляцкага». Рэакцыя на прэмію ў сьвецеЯк заходнія і беларускія СМІ падалі навіну пра Нобэлеўскую прэмію Алеся Бяляцкага. Параўноўваем «Я б яго абняла, канешне». Ціханоўская аб узнагароджаньні Бяляцкага Нобэлеўскай прэміяй міру. ВІДЭА«Беларускае грамадзтва мае каштоўнасьці і гатовае за іх ахвяравацца». 10 цытатаў Алеся Бяляцкага на СвабодзеПраваабаронца, беларус, літаратар. Фотажыцьцяпіс Алеся БяляцкагаХто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.