Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як заходнія і беларускія СМІ падалі навіну пра Нобэлеўскую прэмію Алеся Бяляцкага. Параўноўваем


Афіцыйныя беларускія СМІ пра другую ў гісторыі Нобэлеўскую прэмію для грамадзяніна Беларусі маўчаць.

Навіна аб прысуджэньні Нобэлеўскай прэмію міру Алесю Бяляцкаму, расейскаму «Мэмарыялу» і ўкраінскаму «Цэнтру грамадзянскіх свабод» знайшла шырокі розгалас ва ўсіх найбуйнейшых СМІ краін Захаду.

Напрыклад, агенцтва AFP напісала ў сваім артыкуле, які разышоўся па многіх сусьветных СМІ:

«Бяляцкі — вэтэран абароны правоў чалавека ў аўтарытарнай Беларусі. Ён атрымаў Нобэлеўскую прэмію пасьля гістарычных дэманстрацый і жорсткіх рэпрэсій у ягонай краіне».

Заходнія СМІ пра Нобэлеўскую прэмію Алеся Бяляцкага
Заходнія СМІ пра Нобэлеўскую прэмію Алеся Бяляцкага

Афіцыйныя беларускія СМІ пра тое, што грамадзянін Беларусі Алесь Бяляцкі стаў другім у гісторыі краіны нобэлеўскім ляўрэатам, не паведамляюць.

Празь дзьве гадзіны пасьля абвяшчэньня, што беларускаму праваабаронцу і палітвязьню Алесю Бяляцкаму прысуджана Нобэлеўская прэмія ў галіне міру, пра гэтую падзею не напісала ніводнае дзяржаўнае СМІ. У топе навіны — візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбург і цэны на грыбы.

Сайты афіцыйных беларускіх СМІ праз 2 гадзіны пасьля навіны пра Нобэлеўскую прэмію для Алеся Бяляцкага
Сайты афіцыйных беларускіх СМІ праз 2 гадзіны пасьля навіны пра Нобэлеўскую прэмію для Алеся Бяляцкага

З нэгатыўным камэнтаром выступіў пакуль што толькі прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

«Нобэль замучыўся пераварочвацца ў труне», — так пракамэнтаваў рашэньне Нобэлеўскага камітэту прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз. Афіцыйны Менск на пэўным этапе страціў усялякую цікавасьць да рашэньняў Нобэлеўскага камітэту, заявіў Анатоль Глаз.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.

XS
SM
MD
LG