«Я так узрушана гэтай падзеяй, што менавіта гэты чалавек, вядомы праваабаронца ня толькі ў Беларусі, а і па ўсім сьвеце, ганаровы рэзыдэнт Парыжу і іншых гарадоў, у якога дзьве місіі ў жыцьці — абарона незалежнасьці Беларусі і абарона правоў чалавека ў Беларусі і ва ўсім сьвеце... Я вельмі ганаруся гэтым», — сказала Сьвятлана Ціханоўская ў камэнтары для Свабоды.
Сьвятлана Ціханоўская выказала спадзяваньне, што ўзнагароджаньне Алеся Бяляцкага Нобэлеўскай прэміяй міру прыцягне дадатковую ўвагу ў сьвеце да праблемы палітвязьняў у Беларусі і катаваньняў у беларускіх турмах.
На пытаньне, што яна хацела б сказаць Алесь Бяляцкаму, Сьвятлана Ціханоўская адказала:
«Я б яго абняла б, канешне. Я памятаю, калі мы зь ім апошні раз сустракаліся, ён казаў: „Сьвятлана, рабіце тое, што вы робіце, бараніце Беларусь на міжнароднай арэне, кажыце пра нас. Мы, як праваабаронцы, будзем рабіць сваю справу“. Ён вельмі мяне натхніў у той момант».
«Я спадзяюся, што гэта дасьць яшчэ большы штуршок нашым палітычным сябрам, каб прыцягваць больш увагі да Беларусі, каб больш працавалі, ціснулі на рэжым, каб усе палітвязьні, у тым ліку і Алесь Бяляцкі, былі выпушчаныя на свабоду як мага хутчэй», — перакананая Сьвятлана Ціханоўская.