У Расеі 81-гадовы навуковец памёр пад хатнім арыштам: суд забараніў яму рэкамэндаваныя дактарамі прагулкі

Валерый Міцько

81-гадовы навуковец Валерый Міцько, якога ўвесну 2021 году абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе, памёр пад хатнім арыштам.

Аб гэтым ТАСС паведаміў ягоны адвакат. У 2021 годзе суд забараніў яму выходзіць на рэкамэндаваныя дактарамі шпацыры пасьля чацьвёртага інфаркту.

Міцько – доктар тэхнічных навук, прафэсар, былы начальнік катэдры гідраакустыкі Ваенна-марской акадэміі. Ён быў сябрам рэдкалегіі навуковага часопіса «Тэхнічная акустыка» і рэдакцыйнай рады выдавецтва «Суднабудаваньне», сфэрай яго навуковых інтарэсаў была прыкладная гідрафізыка.

Увесну 2021 году яго затрымала ФСБ. Паводле вэрсіі сьледзтва, на працягу чатырох гадоў ён супрацоўнічаў з кітайскімі спэцслужбамі і зьбіраў дадзеныя аб спосабах і мэтадах выяўленьня падводных лодак. Навуковец катэгарычна адмаўляў віну.

З 2016-га прафэсар рэгулярна наведваў Даляньскі акіянічны ўнівэрсытэт у Кітаі – у якасьці запрошанага прафэсара. Паводле сьледзтва, у адным з дакумэнтаў, які ён узяў з сабой для лекцый, утрымлівалася дзяржаўная таямніца.

Навуковец не прызнаваў сябе вінаватым, указваючы, што ўсе дадзеныя, якія ён нібыта перадаваў Кітаю, знаходзяцца ў адкрытым доступе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Дзяніса Івашына асудзілі на 13 год і 1 месяц у калёніі ўзмоцненага рэжыму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі яшчэ аднаго дэпутата аштрафавалі за заклік абвінаваціць Пуціна ў дзяржздрадзе