Суд у Пецярбургу аштрафаваў дэпутата савету муніцыпальнага ўтварэньня Смольнінскае Мікіту Юферава па артыкуле аб дыскрэдытацыі ўлады. Раней ён разам з калегамі зьвярнуўся да Дзярждумы з прапановай абвінаваціць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў дзяржаўнай здрадзе, паведамляе руская служба Радыё Свабода.
Суд прызначыў Юфераву штраф у 46 тысяч рублёў (каля 770 даляраў). Па гэтым жа артыкуле напярэдадні аштрафавалі на 47 тысяч рублёў іншага чальца савета Смольнінскае — Дзьмітрыя Палюгу. Дэпутаты зьбіраюцца абскардзіць рашэньні суду.
Згодна з судовай пастановай, увечары 7 верасьня 2022 года Палюга, знаходзячыся каля ўваходу ў будынак МУ Смольнінскае, публічна зьвярнуўся да нявызначанага кола асоб з прамовай, накіраванай на дыскрэдытацыю дзейнай улады Расеі. Пакуль Палюга выказваўся, Юфераў яго падтрымліваў.
У сваім звароце дэпутаты заклікалі Дзярждуму абвінаваціць Пуціна ў дзяржаўнай здрадзе, каб адправіць яго ў адстаўку. Рашэньне Пуціна аб пачатку ўварваньня расейскай арміі на тэрыторыю Ўкраіны наносіць шкоду бясьпецы Расеі і яе грамадзян, заявілі яны. Зварот падтрымалі сем дэпутатаў — большасьць савету Смольнінскае.
Пасьля заявы дэпутатаў суд дазволіў губэрнатару Санкт-Пецярбурга распусьціць савет муніцыпальнага ўтварэньня Смольнінскае.
Гарадзкая пракуратура зьвярнулася ў суд яшчэ ў 2021 годзе, спаслаўшыся на тое, што савет не зьбіраўся больш за тры месяцы. Але слуханьні справы ўвесь час пераносіліся.