Сужэнцам за 30 гадоў, яны маюць сына-немаўля. Сяргей атрымаў працу праграмістам у Бэрліне ў буйной міжнароднай фірме. Аксана раней мела прэстыжную працу зь людзьмі, цяпер даглядае малога.
Яны ўжо спрабавалі пераехаць у Нямеччыну год таму, але не прыжыліся і вярнуліся ў Менск. Сёлета зьехалі наноў.
«Знайсьці тут жытло амаль немагчыма», — першае, што кажа Аксана пра жыцьцё ў новым горадзе.
Кватэры ў Нямеччыне здаюць кораткатэрмінова (на некалькі месяцаў) і доўгатэрмінова (на некалькі гадоў). У першым выпадку яны ў 2-3 разы даражэйшыя. Другі варыянт знайсьці надзвычай цяжка.
«Мая знаёмая шукала кватэру ў Бэрліне 6 гадоў. А нядаўна палітык Эўрапарлямэнту прызнаўся, што ня можа знайсьці жытло ў Бэрліне», — працягвае суразмоўца.
Каб палегчыць сабе задачу, сям’я купіла платны пакет на сайце арэнды кватэры. Ён дазваляе бачыць тыя прапановы, якія не выкладаюць бясплатна. Да таго ж ён паказвае, колькі чалавек прэтэндуюць на адну кватэру. На двухпакаёўку за 1300 эўра было 717 ахвочых.
Але беларусы зьнялі кватэру кароткатэрмінова. Іхная «двушка» ў 70 «квадратаў» з асобнай кухняй знаходзіцца за 20 хвілін ад цэнтру і каштуе 2100 эўра ў месяц, плюс камунальныя паслугі яшчэ прыблізна на 300 эўра. Да таго ж ім трэба было пакінуць як заклад 4 тысячы эўра. Калі пры высяленьні кватэра застанецца ў належным стане, ім вернуць гэтыя грошы.
Паўтара года таму сям’я была зьняла падобную кватэру за 1300 эўра.
Іхная сяброўка, якая даўно жыве ў Нямеччыне, мае нямецкую адукацыю, працу і мужа-немца, плаціць за падобнае жытло 800 эўра. Неўзабаве цана для іх складзе 1000 эўра, бо павысяць аплату за камунальныя паслугі з прычыны падаражаньня газу.
«Некаторыя раней плацілі за газ 45 эўра на месяц, а цяпер будуць 210 эўра», — тлумачыць беларуска.
Меншую кватэру можна было зьняць за 1800 эўра. Але сям’і Аксаны патрэбен быў адзін ізаляваны пакой пад кабінэт, бо муж працуе дыстанцыйна з дому.
Іхная кватэра яшчэ лічыцца таннай сярод кароткатэрміновых, бо цэны на арэнду даходзяць і да 3-5 тысяч эўра за месяц.
«Убогую кватэру на ўскрайку гораду можна зьняць за 400 эўра», — дадае суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба быць альбо вельмі багатым, альбо вельмі здаровым». Плюсы і мінусы жыцьця ў Швайцарыі«Калі ў цябе дзіця і дазвол на жыхарства, гэта паніжае твае шанцы на арэнду»
Каб ім здалі «кораткатэрміновую» кватэру, Сяргею трэба было паказаць дамову на працу ў Нямеччыне, а таксама даведку з банку, што ў іх няма пазык, — «schufa» («шуфа»).
Паглядзець «доўгатэрміновую» кватэру іх яшчэ ні разу не запрасілі.
«Мы ненадзейныя кватэранаймальнікі», — падсумоўвае Аксана.
Арандатараў ацэньваюць паводле шэрагу фактараў. Чым больш балаў ты набярэш у выніку, тым большы ў цябе шанец атрымаць жытло.
«Каб зьняць кватэру, трэба быць безь дзяцей і жывёлаў, з кантрактам на працу ў Нямеччыне і заробкам, вышэйшым за 3 тысячы эўра „чыстымі“; ня мець шкодных прывычак і мець „шуфу“ (праверка крэдытаздольнасьці — РС.). Яшчэ лепш — нарадзіцца ў багатай сям’і ў Эўропе і мець нямецкі пашпарт. Калі ў цябе дзіця, дазвол на жыхарства — гэта ўсё паніжае твае шанцы на арэнду», — тлумачыць Аксана.
У немцаў распаўсюджана выяжджаць на паўгода жыць у цёплыя краіны, сваю кватэру яны ў гэты час здаюць.
«У нас турэцкі раён, вакол кебабы. Ён лічыцца ня самым кепскім і ня самым лепшым. Нават добра, што крыху далей ад цэнтру, бо ў цэнтры памыйніца, усё засьмечана», — апісвае нязвыклую пасьля Менску карціну Аксана.
Яны жывуць каля мэтро.
«Лінія вельмі старая, абадраныя вагоны. Мэтро тут непрыемнае, а вось трамваі і аўтобусы прыгожыя. Ляндшафтавы дызайн, усё прадумана, але горад у стылі „абшарпэ“, як я называю. Горад зялёны, але ад гэтага шмат восаў», — кажа жанчына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сонечных дзён нават болей, чым у Менску». Плюсы і мінусы жыцьця ў Фінляндыі«Тут добра таўсьцець і выпіваць»
На харчы сям’я траціць 1200 эўра.
«Тут добра таўсьцець і выпіваць, бо піва і чыпсы танныя», — жартуе беларуска.
Хлеб, мяса, малако ў Нямеччыне даражэйшыя. Малако каштуе 1–1,90 эўра, кіляграм бульбы — 2–3 эўра, 300 грамаў сьвініны — 3 эўра, 400 грамаў індычыны — 7 эўра. Кубак кавы каштуе ў кавярні 3–5 эўра, прычым якасьць кавы і атмасфэра кавярняў Аксане больш падабаецца ў Беларусі. Бутэльку віна ў Бэрліне можна купіць за 3-4 эўра, піва — за 0,90 эўра.
Дарэчы, у Нямеччыне прынята здаваць бутэлькі: за плястыкавыя вяртаюць 0,25 эўра, за шкляныя — 0,08 эўра.
Праблема, зь якой сутыкнуліся беларусы ў Нямеччыне, — дзіцячае харчаваньне. Яны не знайшлі нідэрляндзкіх малочных сумесяў, якія можна было купіць у Беларусі. На сумесь яны аддаюць 18 эўра на тыдзень. Пампэрсы ў Нямеччыне танныя.
«У дзіцячыя пюрэ дадаюць аскарбінавую кіслату, амаль няма пюрэ з аднаго віду гародніны ці садавіны, усе зьмяшаныя. Я купіла параварку і сама гатую малому пюрэ без дабавак», — кажа Аксана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад бюракратыі можна звар’яцець, але людзі вельмі душэўныя». Плюсы і мінусы жыцьця ў Харватыі«Што датычыць дзяцей, тут жахлівая мэдыцына»
У Нямеччыне абавязковая дзяржаўная мэдыцынская страхоўка на сям’ю каштуе 500 эўра на месяц. Яна дзейнічае, як у Беларусі замацаваньне за канкрэтнай паліклінікай. Таксама можна хадзіць у прыватныя мэдыцынскія кабінэты.
«Я езьдзіла лячыць зубы. Запісалася на канкрэтны час. Мне сказалі, што давядзецца чакаць 2-3 гадзіны, бо ў кагосьці больш тэрміновы прыём. Толькі калі патлумачыла, што ў мяне малое дзіця дома чакае, мяне прынялі праз паўгадзіны», — расказвае пра дзяржаўную мэдыцыну Аксана.
Стаўленьнем да дзяцей яна не задаволеная яшчэ больш.
«Што датычыцца дзяцей, тут жахлівая мэдыцына. Тут усё лечаць парацэтамолам. У дзіцяці 39,6 тэмпэратура, а я не магу выклікаць лекара дадому. Тут трэба ехаць на прыём на таксі, каб не карыстацца грамадзкім транспартам», — расказвае маці пра выпадак з хворым сынам.
Яна перакананая, што ў Беларусі сфэра паслуг лепшая, бо прынамсі можна бясплатна выклікаць дадому «хуткую» і тэрапэўта.
«У Нямеччыне адчуваеш сябе нікому не патрэбным і бездапаможным, калі ня ведаеш законаў, ня ведаеш нямецкай мовы, нават жытла ня можаш знайсьці і таму не адчуваеш сябе ў бясьпецы», — кажа жанчына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі наймаеш кватэру, то трэба зважаць на цьвіль». Плюсы і мінусы жыцьця на Кіпры«Бяздомны забраў мой піражок»
Сям’я не заўважыла ў Нямеччыне цкаваньня за тое, што яны беларусы.
«Тут паўгорада расейскамоўных», — кажа Аксана.
Але аднойчы іх падмануў таксіст. Яны тады толькі прыехалі і езьдзілі па дзіцячы ложак. Калі ўжо амаль пад’ехалі да дому, таксіст паехаў у адваротны бок. Калі Аксана зьвярнула на гэта ўвагу, кіроўца апраўдаўся, што нібыта заблудзіў. А ў канцы ўзяў зь сям’і 40 эўра аплаты, хаця лічыльнік паказваў 36, і патлумачыў, што гэта за выгрузку багажу.
Яшчэ адзін дзіўны выпадак здарыўся ў кавярні. Аксана купіла каву з піражком, села за столік летняй кавярні і патэлефанавала сяброўцы. У гэты момант да яе падышоў бяздомны.
«Не дачакаўшыся грошай, ён проста ўзяў на маіх вачах мой піражок, сеў за суседні столік і прыцмокваў, як яму смачна», — успамінае суразмоўца.
Агулам Аксане не падабаецца жыць у Нямеччыне.
«У мяне ўмовы жыцьця пагоршыліся. Мяне пазбавілі прафэсіі, я жыву ня ў самых лепшых умовах. Калі ты валодаеш нямецкай мовай, у цябе нямецкая адукацыя, ты маеш добрую працу, зарабляеш ня менш за 10 тысяч эўра, у цябе будзе зусім іншае стаўленьне: ты зможаш дазволіць сабе лепшае жытло, мэдыцыну, адукацыю. Бэрлін — гэта горад стартапаў, горад гіпстэраў. Жыць спакойным, стабільным жыцьцём тут цяжкавата», — разважае яна.
Цяпер сям’я разглядае варыянт пераехаць у іншы горад Нямеччыны або вярнуцца ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На сям’ю зь пяці чалавек маем 1700 даляраў». Як у беларусаў з працай у Польшчы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Летам кватэра каштуе 1000 эўра, у іншыя месяцы — 250». Плюсы і мінусы жыцьця ў Чарнагорыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цэнтральнага ацяпленьня амаль нідзе няма, на зіму купляюць абагравальнікі». Плюсы і мінусы жыцьця ў Партугаліі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прасадка ў сямейным бюджэце капітальная — мінус тысяча эўра ў месяц». Як шматдзетная сям’я беларусаў жыве ў Коўне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая зямля. «Мне прапанавалі працу за 1500 злотых, а за кватэру трэба плаціць 2100». Як беларусы ўладкоўваюцца ў Польшчы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дарагія цукар і алей, танныя клубніцы і памідоры». Колькі каштуе беларусам жыць у Батумі