Расейская служба BBC цытуе старшыню камісіі Эрыка Мёсэ, які заявіў, што сьледчая камісія сабрала доказы ваенных злачынстваў, зьдзейсьненых расейскімі вайскоўцамі ва Украіне ў «велізарным маштабе».
Сярод задакумэнтаваных камісіяй ваенных злачынстваў расейцаў супраць украінцаў — пакараньні сьмерцю, катаваньні, сэксуальны гвалт і злачынствы супраць дзяцей, маштабныя абстрэлы і бамбаваньні населеных пунктаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэхія, якая старшынюе ў Эўразьвязе, патрабуе міжнароднага трыбуналу над РасеяйПаводле слоў Мёсэ, група ААН пабывала ў 27 населеных пунктах Украіны, паразмаўляла са 150 ахвярамі і відавочцамі, а таксама праінспэктавала месцы ўтрыманьня палонных на дэакупаваных тэрыторыях.
«Грунтуючыся на сабраных доказах, камісія прыйшла да высновы, што ва Ўкраіне былі ўчынены ваенныя злачынствы. Мы былі зьдзіўленыя значнай колькасьцю пакараньняў сьмерцю ў раёнах, якія мы наведалі. Цяпер камісія расьсьледуе гібель людзей у 16 гарадах і сёлах. Мы атрымалі дакладныя сьведчаньні і многіх іншых злачынстваў, якія мы дакумэнтуем», — падкрэсьліў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жахліва», «зьверствы», — Дзяржсакратар ЗША і кіраўнік дыпляматыі ЭЗ выказаліся пра масавыя магілы ў Харкаўскай вобласьціУсяго з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Нацыянальная паліцыя Ўкраіны зарэгістравала больш за 34 тысячы крымінальных спраў па факце ўчыненьня ваенных злачынстваў. Найбольшая колькасьць гэтых злачынстваў была ўчынена на тэрыторыі Кіеўскай, Жытомірскай, Сумскай і Чарнігаўскай абласьцей.
Сьледчая камісія ААН у справе Ўкраіны была арганізавана ў траўні, пасьля таго як сьвет даведаўся пра ваенныя злачынствы, учыненыя расейскай арміяй у Бучы, Ірпяні і іншых населеных пунктах Кіеўскай вобласьці. Да працы ва Ўкраіне сьледчая камісія прыступіла ў чэрвені.
На пачатку красавіка Эўразьвяз асудзіў зьверствы, якія, як паведамляецца, учынілі расейскія ўзброеныя сілы ў шэрагу ўкраінскіх гарадоў. ЭЗ падкрэсьліў, што расейскія ўлады нясуць адказнасьць за гэтыя забойствы, паколькі яны былі ўчыненыя ў той час, калі расейскія сілы кантралявалі гэтыя раёны, і на іх распаўсюджваюцца палажэньні міжнароднага права аб акупацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Буча, Марыюпаль і цяпер Ізюм. У вызваленых населеных пунктах Харкаўшчыны знайшлі доказы новых злачынстваў расейскай арміі. ВІДЭА