«Гэтая мабілізацыя ў Расеі. Тое, што на нас спрабуюць перакінуць гэты масток, што будзе і ў нас... А калі ня будзе? Гэта вас, прапагандыстаў бы перацерлі. А ім за гэта нічога ня будзе. Ім трэба стварыць сытуацыю. За нешта ўчапіцца. Ня будзе ніякай мабілізацыі. Гэта хлусьня», — сказаў Лукашэнка ў адказ на пытаньні журналістаў дзяржаўных СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што «ніякай мабілізацый у Беларусі ня будзе»Лукашэнка не сказаў, што яе ня будзе ніколі. Але пакуль што ня будзе.
Рэакцыя Лукашэнкі супадае з ранейшым камэнтаром дзяржсакратара Савету бясьпекі Беларусі Аляксандра Вальфовіча, зробленым у дзень расейскай мабілізацыі, пасьля перамоваў з расейскім калегам Патрушавым. Вальфовіч сказаў, што мабілізацыі ў Беларусі ня будзе, бо «краіна мабілізаваная і так». У кантэксьце гэтая мэтафара прагучала непрыхаваным сарказмам. Сёньня Лукашэнка паўтарыў словы Вальфовіча без рытарычных упрыгажэньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мабілізацыя — гэта не пра нас, мы і так мабілізаваныя», — дзяржсакратар Рады бясьпекі Беларусі ВальфовічЦікава, што 24 лютага і пазьней Лукашэнка ўвесь час апраўдваў расейскія ваенныя дзеяньні. Усе памятаюць мэм «Я вам пакажу, адкуль Украіна рыхтавала ўдар па Беларусі». Цяпер словаў падтрымкі, разуменьня неабходнасьці расейскай мабілізацыі з вуснаў Лукашэнкі не прагучала. Праўда, напярэдадні яны прагучалі з вуснаў міністра замежных справаў Беларусі Ўладзімера Макея. Колішні «голуб» у размове з журналістамі заявіў:
«Усе меры, якія будуць накіраваныя на ўмацаваньне, на тое, каб гарантаваць бясьпеку сваёй дзяржавы, на тое, каб дасягнуць тых мэтаў, якія ў прынцыпе перасьледуе спэцыяльная ваенная апэрацыя, то я думаю, што абсалютна правільна; не таму, што мы саюзьнікі і знаходзімся ў саюзнай дзяржаве, але абсалютна разумная лёгіка, здаровы сэнс дыктуе любое рашучае дзеяньне, калі гэта зьвязана зь неабходнасьцю гарантаваньня бясьпекі сваёй дзяржавы», — сказаў кіраўнік МЗС Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым Захад адкажа на мабілізацыю ў Расеі? Тлумачэньне экспэрткіАле ў Лукашэнкі добрага слова пра расейскую мабілізацыю не знайшлося. Як і пра псэўдарэфэрэндумы аб далучэньні да РФ у чатырох акупаваных Расеяй абласьцях Украіны.
Цікавым чынам сёньняшнія заявы Лукашэнкі перагукаюцца з дэмаршам кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава. Кадыраў кіруе рэгіёнам РФ, ён быў і ёсьць адным з самых гарачых прыхільнікаў вайны. Але высьвятляецца, што і ягоны праваенны імпэт мае пэўныя межы. Сёньня Кадыраў абвясьціў, што ў Чачэніі мабілізацыя праводзіцца ня будзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кадыраў: у Чачэніі мабілізацыі ня будзеВось так. У Расейскай Фэдэрацыі будзе, а ў Чачэніі — не.
Можа, дамовіўся з Крамлём, а можа, гэта і фактычны бунт. Бо расказваць у Telegram і на тэлекамэры пра тое, як чачэнцы нішчаць «нацыстаў-шайтанаў» — гэта адно, а пасылаць яшчэ і яшчэ тысячы, а мо і дзясяткі тысячаў супляменьнікаў гінуць «за русскую землю» — гэта іншае. Паводле Кадырава — досыць, наваяваліся.
Прывітаньне расейскім ура-патрыётам.
Можа, яшчэ і прымусяць: ці загадаюць, ці нечым купяць і ён «перадумае». Але слова было сказана.
Дык калі кіраўнік рэгіёну, адміністрацыйнай адзінкі Расеі можа адмовіцца ад мабілізацыі, то кіраўніцтва фармальна незалежнай краіны, чальца ААН, можа заняць такую ж пазыцыю і пагатоў.
У Расеі абвясьцілі мабілізацыю, але не вайну. Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў падкрэсьліў, што фармат «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» захоўваецца. А калі захоўваецца, то і ня дзейнічаюць абавязаньні ў межах дамовы аб «саюзнай дзяржаве» і АДКБ аб узаемнай ваеннай дапамозе на выпадак нападу на сябра дамовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вашых дзяцей нават не хаваюць». Зяленскі зьвярнуўся да грамадзян Расеі наконт мабілізацыіНя выключана, што па выніках псэўдарэфэрэндумаў і пры працягу баявых дзеяньняў на ўсходзе і поўдні Ўкраіны (а Ўкраіна іх будзе працягваць) Расея і абвесьціць сябе ахвярай нападу і ўвядзе стан вайны.
Але, фармальна кажучы, і тады аўтаматызму дзеяньня дамоваў няма. Вось зусім нядаўна ахвярамі нападу на сувэрэнную тэрыторыю сталі Армэнія і Кіргізстан. Ну і як АДКБ ім дапамагла, як абараніла? Генэральнага сакратара АДКБ Станіслава Зася паслалі ў Армэнію вывучыць сытуацыю. Ну дык і ў выпадку абвяшчэньня Расеяй стану вайны з Украінай можна яго ж для вывучэньня сытуацыі паслаць.
Не, калі Лукашэнку возьмуць за горла, то мо і прымусяць абвясьціць мабілізацыю і ўступіць у вайну. Але зь лютага не прымусілі. І ня выключана, што і зараз не прымусяць. Тут своеасаблівы тэст: калі не прымусяць Кадырава, то не прымусяць і Лукашэнку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Фонд BySol расказаў пра рэзкі рост запытаў на эвакуацыю. 66% заявак падалі расейцыУ Расеі і на акупаваных тэрыторыях Украіны пачалі масава рассылаць позвы ў расейскае войскаЗаходнія выведкі ацанілі абвешчаную Пуціным мабілізацыю як «значную палітычную рызыку»Алексіевіч: пасьля абвяшчэньня Расеяй мабілізацыі Ўкраіне асабліва патрэбная дапамога ЗахадуПуцін заявіў пра частковую мабілізацыю ў Расеі на вайну супраць Украіны. Шайгу назваў плян: 300 тысяч чалавек