Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч: пасьля абвяшчэньня Расеяй мабілізацыі Ўкраіне асабліва патрэбная дапамога Захаду


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Падчас візыту ва Ўнівэрсытэт Вітаўта Вялікага ў Коўне ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч заявіла, што разумее, што вайна хутка ня скончыцца з прычыны перадузятасьці расейскага народу, які доўга кармілі прапагандай, супраць Захаду.

Пра гэта паведамляе партал Delfi.

«Я думаю, што вайна будзе яшчэ доўга, і наша дапамога, дапамога Захаду павінная быць яшчэ большай. Таму што Расея ж — велізарная краіна. Што значыць мабілізацыя? Гэта якая велізарная колькасьць людзей. І ня бачна, каб у Расеі нешта адбылося, нейкі рэвалюцыйны пераварот», — сказала яна журналістам у Коўне.

Праз палітычны перасьлед з 2000 году Алексіевіч дзесяць гадоў жыла ў Францыі, Швэцыі і Нямеччыне, а пасьля зноў зьехала ў Нямеччыну ў 2020 годзе, адзначае Delfi.

«Вядома, гэта вельмі сумна. Але мне ня горш за ўсіх, бо больш за паўмільёна беларусаў зьехала», — сказала яна. На пытаньне, ці спадзяецца яна, што сытуацыя ў Беларусі зьменіцца, яна адказала, што аўтарытарным рэжымам ня ўдасца «спыніць час».

«Вядома, гэта будзе, яны ня змогуць спыніць час. Гэта ім так здаецца, дыктатарам, што яны могуць спыніць час. Час нельга спыніць», — сказала Алексіевіч.

«Але ў цяперашні момант усё залежыць ад таго, што будзе ва Ўкраіне. Мы ўсе павінны дапамагаць Украіне, мы павінны перамагчы Пуціна», — сказала яна.

Па словах пісьменьніцы, яна ня ведае, што трэба зрабіць, каб зьмянілася і расейскае грамадзтва, таму што большая яго частка цалкам давярае свайму кіраўніцтву праз прапаганду, якая вядзецца ўжо шмат гадоў.

«Я шмат езьдзіла па Расеі. І як быццам сьпіць народ, як быццам ён перакормлены гэтым тэлебачаньнем. Тое, што людзі кажуць, у гэта нават ня верыцца. Я памятаю — бамбуюць Харкаў, сьціраюць з твару зямлі, а жанчына кажа: так, у мяне там жыве сястра, яе дом разбамбілі, але я ўсё роўна веру ў нашага прэзыдэнта», — расказала Алексіевіч пра свой досьвед.

Паводле яе слоў, красамоўныя выказваньні жанчыны з Бураціі, якая толькі што пахавала сына. Журналіст пытаецца: за што ён загінуў? Яна адказвае: «Інакш украінцы былі б на нашай мяжы». «Вы можаце сабе ўявіць? Што трэба зрабіць зь людзьмі, каб яны так казалі? Пуцін уклаў шмат грошай у прапаганду, і ён зрабіў гэта з народам. І зараз усё паварочвае назад, гэта вельмі доўга», — сказала Алексіевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG