Іншаземцам, якія пойдуць служыць у войска РФ, спросьцяць атрыманьне грамадзянства

Дзяржаўная Дума Расеі ў другім і трэцім чытаньнях прыняла папраўкі ў заканадаўства аб спрошчаным атрыманьні замежнікамі расейскага грамадзянства.

Цяпер пашпарт Расеі грамадзяне іншых дзяржаў змогуць атрымаць у спрошчаным парадку, калі заключаць кантракт на службу ў расейскім войску або іншых вайсковых фармаваньнях на тэрмін ня менш як адзін год. Атрымліваць перад гэтым дазвол на жыхарства не спатрэбіцца.

Раней замежнікам неабходна было адслужыць у войску Расеі ня менш як тры гады.

Таксама прапануецца скараціць для іх тэрмін першага кантракту для паступленьня на службу ў званьнях салдата, матроса, сяржанта і старшыны зь пяці гадоў да аднаго году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку году амаль 9 тысяч беларусаў атрымалі расейскае грамадзянства


Пасьля таго як было абвешчана аб прыняцьці Дзярждумай РФ паправак да закону, на сайце мэра Масквы Сяргея Сабяніна зьявілася інфармацыя пра тое, што ў сталічным міграцыйным цэнтры «Сахарава» будзе разгорнута «інфраструктура спрыяньня Мінабароны Расеі ў арганізацыі паступленьня на вайсковую службу замежных грамадзян».

  • Раней амбасада Ўзбэкістану ў Маскве папярэдзіла сваіх грамадзян аб тым, што стварэньне добраахвотніцкага батальёну або ўдзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі замежных дзяржаў зьяўляецца злачынствам з пункту гледжаньня законаў краіны. Нагодай, праўдападобна, стаў тэлесюжэт аб стварэньні ў Расіі ўзбэцкага батальёну для ўдзелу ў вайне з Украінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чалавек не вінаваты ў тым, што ён грамадзянін Расеі — гэта ня выбар, гэта лёс», — Леанід Гозман
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі актор загінуў у ДТЗ, пераганяючы ў Данбас машыну для вайскоўцаў РФ