Па дадзеных аналітыкаў з Bank of America, з пачатку вайны вытворчасьць энэргіі на вугальных электрастанцыях у Эўропе вырасла на 25% у параўнаньні з узроўнем мінулага году. За той жа пэрыяд эўрапейскі імпарт вугалю з Аўстраліі, Паўднёвай Афрыкі і Інданэзіі павялічыўся больш як у 11 разоў, паводле падлікаў кансалтынгавай кампаніі Coalmint.
Прытрымліваючыся санкцый, накладзеных на Расею ў адказ на яе ўварваньне ва Ўкраіну, Эўразьвяз адмовіўся ад расейскага вугалю, доля якога на эўрапейскім рынку складала 45%. Цэны на газ, якія павялічыліся, і непрадказальнасьць расейскіх паставак таксама падштурхоўваюць краіны Эўропы выбіраць вугаль для вытворчасьці энэргіі. Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну аб плянах павялічыць спажываньне вугалю абвясьцілі Нямеччына, Чэхія, Баўгарыя, Італія і Румынія, якая таксама паабяцала нарасьціць магутнасьці па здабычы вугалю.
Калі пастаўкі газу з Расеі будуць цалкам спыненыя, спальваньне вугалю ўзамен прывядзе да штогадовага павелічэньня выкідаў вуглякіслага газу на 1,3%, вынікае з дадзеных энэргетычнага аналітычнага цэнтру Ember.
Эўрапейскія ўрады абяцаюць, што вяртаньне да вугалю — зьява часовая, хоць яно залежыць ад таго, як доўга працягнецца энэргетычны крызіс. Экспэрты таксама аптымістычна чакаюць, што тэндэнцыя да росту здабычы вугалю будзе назірацца толькі ў кароткатэрміновай і сярэднетэрміновай пэрспэктыве. «Большасьць абавязаньняў, прынятых на кліматычным саміце ў Глазга ў 2021 годзе, — гэта доўгатэрміновыя абавязаньні па паэтапнай адмове ад вугалю ў 2030-х і 2040-х гадах», — адзначае Леа Робэртс з аналітычнага цэнтру E3G.
- Навукоўцы пацьвердзілі, што з прычыны глябальнага пацяпленьня, якое ў значнай ступені выклікана парніковымі газамі, ліўні і хвалі цяпла пачашчаюцца і робяцца больш інтэнсіўнымі. Улетку 2022 году праліўныя дажджы выклікалі сур’ёзныя паводкі ў Аўстраліі, Індыі, Банглядэш і Кітаі. У той жа час у некаторых рэгіёнах Расеі, ЗША, Японіі і краінах Эўропы ўстанавілася сьпякота.