Расея атрымала 158 мільярдаў даляраў ад экспарту энэргарэсурсаў за 6 месяцаў пасьля ўварваньня ва Ўкраіну, пры гэтым на долю ЭЗ прыпадае больш за палову паставак, паведаміў фінскі аналітычны цэнтар(CREA).
У арганізацыі заклікалі да больш эфэктыўных санкцый супраць Масквы пасьля таго, як уварваньне прывяло да рэзкага росту цэнаў на нафту, газ і вугаль.
«Цэны выкапенёвага паліва, якія растуць, азначаюць, што бягучыя даходы Расеі нашмат перавышаюць узровень папярэдніх гадоў, нягледзячы на скарачэньне аб’ёмаў экспарту сёлета», — заявіла фінская арганізацыя.
Цэны на прыродны газ нядаўна падскочылі ў Эўропе да рэкорднага ўзроўню, бо Расея перакрыла яго пастаўку.
«Экспарт выкапнёвага паліва ўнёс у фэдэральны бюджэт Расеі каля 43 мільярдаў даляраў з пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, што дапамагае фінансаваць ваенныя злачынствы ва Ўкраіне», — гаворыцца ў паведамленьні CREA.
Паводле ацэнак Цэнтру, за 6 месяцаў Эўразьвяз імпартаваў расейскага выкапнёвага паліва на суму 85,1 млрд даляраў. За ім ідзе Кітай — 34,9 млрд даляраў і Турэччына — 10,7 млрд.
У CREA заявілі, што забарона ЭЗ на імпарт расейскага вугалю была эфэктыўнай. Пасьля таго, як яна набыла моц, экспарт расейскага вугалю ўпаў да самага нізкага ўзроўню з пачатку вайны.
«Расеі не ўдалося знайсьці іншых пакупнікоў, каб замяніць попыт, які падае ў ЭЗ», — заявілі ў CREA.