Пухліна ў мозгу, баліць адзіная нырка, гнояцца дзясны. Каму з палітвязьняў пільна патрэбная мэдычная дапамога

З анкалёгіяй, хворым сэрцам, бранхіяльнай астмай, эпілепсіяй — расказваем, зь якімі сур’ёзнымі дыягназамі ў Беларусі сядзяць палітвязьні.

1. Васіль Берасьнеў. Моцныя болі ў адзінай нырцы

Берасьнеў — актывіст незалежнага прафсаюзу РЭП з Воршы, яму 72 гады. Актывіста затрымалі ў «справе прафсаюзаў». Ён за кратамі ўжо 5 месяцаў. Яму пагражае 4 гады калёніі.

Са словаў сваякоў, Васіль пакутуе ад моцных боляў у адзінай нырцы. Другую з прычыны анкалягічнага захворваньня выдалілі ў 2018 годзе. У крытычныя моманты яму ставяць кропельніцу, якая не вырашае праблему. Іншай мэдычнай дапамогі, як сьцьвярджаюць сваякі, няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Сяргей Ціханоўскі ў штрафным ізалятары больш за 2 тыдні; у актывіста РЭП Берасьнева ў СІЗА пагоршылася здароўе

2. Павал Вінаградаў. Сухоты

Вінаградаў — блогер і актывіст, яму 33 гады. Яго затрымалі 9 месяцаў таму. Далі 5 гадоў калёніі за адзін пост у Facebook, у тым ліку за «паклёп на Лукашэнку». КДБ унёс Вінаградава ў «тэрарыстычны сьпіс».

Нядаўна на рэнтгене ў ягоных лёгкіх знайшлі пляму. Пазьней пацьвердзілі сухоты. Вязьня перавялі ў аршанскую калёнію № 12, дзе лечаць асуджаных, хворых на актыўную форму сухотаў.

За кратамі Павал схуднеў на 36 кіляграмаў. Яго каралі штрафным ізалятарам за тое, што прылёг удзень на ложак. Пазбавілі працяглага спатканьня і вялікай перадачы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: палітвязень Павал Вінаградаў схуднеў у турме на 36 кіляграмаў

3. Ксенія Луцкіна. Пухліна ў мозгу

Луцкіна — былая журналістка БТ, ёй 38 гадоў, ёсьць малы сын. За кратамі яна ўжо 1 год і 9 месяцаў. Яе вінавацяць у «змове або іншых дзеяньнях з мэтай захопу ўлады». Журналістку пачалі судзіць у Менску. Ёй пагражае да 12 гадоў калёніі.

Ксенія расказала на працэсе, што за час у турме ў яе значна пагоршыўся стан здароўя: павялічваецца пухліна галаўнога мозгу, ад чаго яна рэгулярна прымае моцнадзейныя лекі. Таксама ў яе абвастрылася бранхіяльная астма. У 2014 годзе Ксеніі зрабілі апэрацыю і выдалілі дзьве пухліны ў мозгу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторык, кінадакумэнталістка, былая супрацоўніца БТ. Гісторыя Ксеніі Луцкінай, якой пагражае 12 год турмы

4. Ігар Леднік. Праблемы з сэрцам і стрававальнай сыстэмай

Леднік — барысаўскі сябра БСДП, яму 60 гадоў. Ён за кратамі 5 месяцаў. Актывісту далі 3 гады калёніі за «паклёп на Лукашэнку».

Ігар — інвалід другой групы, мае праблемы з сэрцам. Сёлета ў чэрвені стан палітвязьня пагоршыўся. Ён ляжаў у санітарнай частцы СІЗА. У ліпені стала вядома, што актывісту зрабілі апэрацыю на страўнікава-кішачным тракце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За публікацыю ў партыйным часопісе сябра БСДП Ледніка пакаралі трыма гадамі турмы

5. Аляксандfр Зялюткін. Нагнаеньне на дзяснах

Зялюткін — пячнік, бацька шасьцярых дзяцей ва ўзросьце ад 1 да 16 гадоў. Яму 42 гады. За кратамі Зялюткін 1 год і 9 месяцаў. Затрымалі за пратэсты ў Менску каля ўнівэрсаму «Рыга» 10 жніўня 2020 году. Далі 3,5 года калёніі.
Больш за тры месяцы Аляксандар адчувае моцны боль: у яго пачалося нагнаеньне на дзяснах і зьявіліся дзіркі ў зубах, паведамлялі праваабаронцы «Вясны» сёлета ў жніўні. Ад болю ён ня можа жаваць. Трапіць да стаматоляга ў яго не атрымалася. Ці ёсьць у вязьня абязбольваючыя лекі, невядома.

6. Уладзімер Малахоўскі. Анкалягічная хвароба

Малахоўскі — сябар партыі БНФ, незалежны назіральнік за выбарамі, жыхар Віцебску. Яму 55 гадоў. Актывіст за кратамі ўжо 1 год і 8 месяцаў. Яго затрымалі за «гвалт у дачыненьні да міліцыянта». Далі 3,5 года калёніі.

Палітвязень хварэе на анкалёгію, мае 3 групу інваліднасьці. На волі ён пасьпеў прайсьці курс хіміятэрапіі. У лісьце зь СІЗА ён расказваў, што блага сябе адчувае, нямеюць рукі і ногі. Малахоўскага накіроўвалі на агляд у анкалягічны цэнтар. Па шпіталі яго вадзілі на ланцугу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хворага на рак палітвязьня пазбавілі групы інваліднасьці і забралі пэнсію

7. Рыгор Кастусёў. Рак прастаты

Кастусёў — старшыня партыі БНФ, яму 65 гадоў. Палітыка затрымалі амаль паўтара года таму. Нядаўна яго асудзілі на 10 гадоў калёніі за «змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».

Напрыканцы мінулага году ў Кастусёва за кратамі пацьвердзілі анкалёгію. З турмы ён перадаваў, што адчуваў сябе надзвычай кепска. Яго часова пераводзілі ў турэмны шпіталь. Праз хваробу Кастусёў меў моцныя болі, у зьняволеньні ён відавочна схуднеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рыгор Кастусёў азнаёміўся з канчатковым абвінавачаньнем, сьледзтва актывізавалася

8. Аляксандар Фядута. Падагра


Фядута — паліттэхноляг, літаратуразнаўца, яму 58 гадоў. Яго затрымалі амаль паўтара года таму. Далі 10 гадоў калёніі за «змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».

«Схуднеў, дрэнна ходзіць, бо падагра адолела, дазволілі перадаць палку для хаджэньня ў СІЗА», — расказвала пра мужа жонка Марына Шыбко.

Праз кепскі стан здароўя судзьдзя дазволіла Фядуту адказваць на пытаньні седзячы (праўда, ён адмовіўся). Да таго ж празь ягоны стан здароўя пераносілі судовае паседжаньне.

Таксама Фядута змагаецца з наступствамі арытміі і пнэўманіі.

«Вельмі цяжка хварэў зімой — у яго два разы была пнэўманія, ня мог ляжаць, не мог спаць, яму нават дазвалялі сядзець ноччу, а днём ляжаць», — расказвала пра яго жонка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Злуюся на гэтага "змоўшчыка", але кахаю гэтага хлопца». Марына Шыбко пра спатканьне з мужам, Аляксандрам Фядутам


9. Аляксей Галаўко. Патрэбная апэрацыя на нос

Галаўко — 21-гадовы жыхар Берасьця. Яго затрымалі паўтара года таму ў «справе берасьцейскіх анархістаў». Нядаўна Аляксею далі 12 гадоў, яго зьвінавацілі паводле чатырох артыкулаў.

«Выглядае Аляксей, як чалавек праз паўтара года зьняволеньня — стомлена. Хварэе. Ёсьць хранічныя праблемы з носам, якія патрабуюць хірургічнага ўмяшаньня», — расказала ягоная маці пасьля спатканьня з сынам. https://t. me/viasna96/13889

10. Яна Пінчук. Астма


Пінчук — 25-гадовая жыхарка Віцебску. Яе затрымалі ў Пецярбургу амаль год таму. У Беларусі яе абвінавацілі ва ўдзеле ў стварэньні апазыцыйных тэлеграм-каналаў. Яну экстрадавалі з Расеі ў Беларусь, дзе ёй пагражае да 20 гадоў калёніі.

Дзяўчына ўлетку цягам месяца моцна хварэла з тэмпэратурай і кашлем.

«Улічваючы хранічную астму Яны, гэта можа прывесьці да цяжкіх наступстваў», — мяркуе ейны муж Мікіта.

Таксама ўлетку ў Яны некалькі дзён балела рука, а потым яна перастала яе адчуваць і не магла ёю паварушыць.

11. Аліна Забаштанская. Эпілепсія

Забаштанская — палітзьняволеная ў «справе Зельцара», ёй 30 гадоў, ёсьць дзіця. За кратамі ўжо 10 месяцаў. Ёй далі 2 гады калёніі за камэнтары ў Tik-Tok, якія расцанілі як «абразу Лукашэнкі» і «распальваньне варожасьці». КДБ унёс палітзьняволеную ў «тэрарыстычны сьпіс».

Вядома, што ў Аліны эпілепсія.