У актывіста аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП Васіля Берасьнева, які знаходзіцца пад сьледзтвам у СІЗА № 1 Менску, значна пагоршылася здароўе.
Пра гэта паведамляюць сваякі палітзьняволенага, якія нядаўна атрымалі зь ім спатканьне.
Па іх словах, Васіль Берасьнеў пакутуе ад моцных боляў у адзінай нырцы. Другую з прычыны анкалягічнага захворваньня выдалілі раней, у 2018 годзе. На шматлікія просьбы і заявы вязьня аб мэдычнай дапамозе або накіраваньні на абсьледаваньне нічога не адказваюць.
Адзінае — у крытычныя моманты ставяць абязбольвальную кропельніцу, што не вырашае праблемы, адзначаюць сваякі палітвязьня. На фоне праблем са здароўем у Васіля значна павысіўся ціск і цяпер яму неабходна штодня прымаць адпаведныя лекі.
Васіля Берасьнева затрымалі ў «справе прафсаюзаў» сёлета 19 красавіка. Актывіста абвінавачваюць паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Сяргея Ціханоўскага ўтрымліваюць у штрафным ізалятары больш за тры тыдні
Тэлеграм-канал «Турма для жыцьця» паведамляе, што палітвязень Сяргей Ціханоўскі з 19 жніўня бесьперапынна знаходзіцца ў штрафным ізалятары жодзінскай турмы:
«У халоднай камэры ізалятара памерам каля пяці квадратных мэтраў, куды практычна не трапляе дзённае сьвятло. Сяргей таксама фактычна пазбаўлены нармальнага сну, яго «ложак» цяпер уяўляе сабою драўляныя дошкі без матраца, падушкі і пасьцельнай бялізны. «Ложак» адкідваецца ад сьцяны з 22 да 6 гадзін. Празь дзікі холад (тэмпэратура ў камэры такая ж, як на вуліцы) Сяргею даводзіцца ўставаць некалькі разоў за ноч, каб хоць трохі сагрэцца з дапамогай фізычных практыкаваньняў. Сяргею забаронена карыстацца асабістымі рэчамі, кнігамі, ён не атрымлівае лісты і газэты».
У папраўчай калёніі Ціханоўскі знаходзіўся толькі адзін месяц, а потым яму зьмянілі рэжым на турэмны.